Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камуналка дармаедаў» вырасьце. Сьпісы «сацыяльных утрыманцаў» складуць да 1 сьнежня


«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017 году, ілюстрацыйнае фота

Сьпісы «дармаедаў» — тых, хто трапляе пад абноўлены дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці» (былы «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства») — улады маюць скласьці да 1 сьнежня. Пра гэта расказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі на прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка.

Цана гарачай вады

Налічэньне за гарачую ваду будзе праводзіцца, зыходзячы з кошту тарыфу на цеплавую энэргію для ацяпленьня і колькасьці энэргіі, затрачанай на падагрэў вады, спажытай грамадзянамі.

«Напрыклад, на падагрэў вады ў жылым памяшканьні было патрачана 0,6 гігакалёрый, а ў ім зарэгістравана трое грамадзянаў. Платнік за ЖКП — працаздольны грамадзянін, не заняты ў эканоміцы. Расход цеплавой энэргіі, выкарыстанай на падагрэў вады, дзелім на колькасьць зарэгістраваных грамадзянаў, г. зн. на траіх. Атрымліваецца па 0,2 гігакалёрыі. У выніку толькі 0,4 гігакалёрыі будзе аплочвацца паводле субсыдаванага тарыфу, а 0,2 — паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу»,- сказала прадстаўніца Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Жана Папучэева.

Разьлік праводзілі па стандартнай двухпакаёвай кватэры (48 квадратных мэтраў), у якой зарэгістраваны трое чалавек, адзін зь якіх зьяўляецца дармаедам. Плата павялічыцца на 5-6 рублёў, «калі спажываньне гарачай вады будзе ў межах вызначаных нормаў».

Плата за ацяпленьне

Расход цеплавой энэргіі на ацяпленьне залежыць ад плошчы жылога памяшканьня.

«Напрыклад, плошча жылога памяшканьня складае 48 кв. м. У ім зарэгістраваны трое чалавек. На ацяпленьне зрасходавана 1,2 гігакалёрыі. Уласьнік памяшканьня ўключаны ў сьпіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Колькасьць цеплавой энэргіі дзеліцца на зарэгістраваных грамадзянаў, і атрымліваецца па 0,4 гігакалёрыі на аднаго грамадзяніна. Зь іх 0,4 гігакалёрыі будзе аплочвацца паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу», — сказала прадстаўніца Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Жана Папучэева.

У гэтым выпадку цана павялічыцца на 15 рублёў. Але калі ў кватэры жыве толькі сам дармаед, то плата за ацяпленьне павялічыцца амаль на 60 рублёў.

Плата за газ

Калі ў кватэры ёсьць прыборы ўліку газу, то іх паказаньні будуць дзяліцца на колькасьць зарэгістраваных грамадзян.

Напрыклад, расход за месяц склаў 150 кубічных мэтраў газу. Гэта колькасьць дзеліцца на траіх зарэгістраваных грамадзянаў. У выніку 50 кубічных мэтраў будуць аплочвацца па эканамічна агрунтаваных тарыфах. Плата вырасьце на 15-16 рублёў.

Калі ў кватэры жыве толькі дармаед, то ён будзе плаціць за ўвесь аб’ём па павышаным тарыфе і плата вырасьце на 40 рублёў.

Большасьць камунальных паслуг беларусы і так аплочваюць на 100%, але пакуль субсідаванымі застаюцца ацяпленьне і газ — за іх з «дармаедаў» і будуць браць дадатковую плату. Магчымасьць дадатковай аплаты за іншыя паслугі пакуль не разглядаецца.

Хто такія «дармаеды» паводле вэрсіі ўраду

Якія паслугі «дармаеды» будуць аплочваць цалкам

Для тых, хто жыве за мяжой

З «дармаеда», які прапісаны ў Беларусі, але жыве за мяжой, дадатковая плата ня будзе спаганяцца, калі чалавек падасьць адпаведныя зьвесткі ў адмысловую камісію.

Паводле начальніка ўпраўленьня палітыкі занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алега Токуна, камісіі будуць разьбірацца з кожным канкрэтным выпадкам.

«Тое, што чалавек жыве за мяжой аўтаматычна не азначае, што ён будзе ўключаны ў сьпіс. Калі ён там працуе афіцыйна, па працоўнай дамове, то тады ён не будзе ўключацца ў сьпіс. Таксама тыя, хто вучыцца за мяжой, не будуць уключацца ў сьпіс».

«Кожны, хто трапіў у сьпіс, атрымае паведамленьне»

Паводле начальніка ўпраўленьня занятасьці Мінпрацы Алега Токуна, у «дармаедаў» хопіць часу, каб абскардзіць свой статус.

«Мэта дэкрэту не ўзяць грошы з людзей, а дапамагчы працаўладкавацца». — сказаў Токун.

Усе камісіі, якія будуць вызначаць «дармаедаў», атрымаюць мэтадычныя рэкамэндацыі «як ім дзейнічаць у многіх стандартных выпадках».

«Сёньня мы распрацоўваем і пералік цяжкіх жыцьцёвых сытуацый, і іншыя рэкамэндацыі для камісій», сказаў Алег Токун.

Грамадзяне атрымаюць паведамленьні, што яны лічацца «дармаедамі». Але першы сьпіс працаздольных, якія не занятыя ў эканоміцы, будзе складзены да 1 сьнежня 2018 году.

«Кожны, хто трапіў у гэты сьпіс, атрымае паведамленьне». — сказаў Алег Токун.

Лукашэнка абавязаў «дармаедаў» плаціць цалкам за датаваныя дзяржавай паслугі

Колькі будзе «дармаедаў»?

Колькі будзе «дармаедаў» пакуль цяжка сказаць, адзначыў Алег Токун на пытаньне карэспандэнта Свабоды.

«Цяпер мы працуем над міжведамасным узаемадзеяньнем у фармаваньні такога сьпісу», — сказаў Алег Токун.

На пытаньне, ці не баяцца ўлады паўтарэньня леташніх пратэстаў, ён ня стаў адказваць: маўляў, пытаньне не да яго.

Начальнік ўпраўленьня занятасьці Міністэрства працы Алег Токун (зьлева) і начальніца аддзелу ўпраўленьня эканомікі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Жана Папучэева
Начальнік ўпраўленьня занятасьці Міністэрства працы Алег Токун (зьлева) і начальніца аддзелу ўпраўленьня эканомікі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Жана Папучэева

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG