Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абавязаў «дармаедаў» плаціць цалкам за датаваныя дзяржавай паслугі


Аляксандр Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1. У ім прадугледжаныя захады для спрыяньня занятасьці насельніцтва, паведамляе БелТА.

З 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя працаздольныя беларусы будуць плаціць поўную цану за датаваныя дзяржаваю паслугі. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

У новы дэкрэт не ўвайшлі нормы аб зборы з працаздольных непрацуючых грамадзянаў падатку для фінансаваньня дзяржаўных выдаткаў, так званага падатку на дармаедзтва. Асобы, якіх раней прызналі платнікамі гэтага збору, вызваленыя ад яго выплаты.

Кіраўнік краіны абавязаў урад усталяваць прагнозныя паказьнікі ў галіне садзейнічаньня занятасьці насельніцтва. Будзе створаны пералік тэрыторый з напружанай сытуацыяй на рынку працы.

Мясцовыя органы ўлады будуць забясьпечваць індывідуальную працу з грамадзянамі на месцах дзеля іх працаўладкаваньня і рэсацыялізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця.

«Гэты дэкрэт можа стаць косткай у горле ўлады». Першыя рэакцыі на дэкрэт № 1

Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» быў 2 красавіка 2015 года. Дакумэнт абавязваў грамадзянаў Беларусі, замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

«Марш недармаедаў» у Горадні, 15 сакавіка 2017
«Марш недармаедаў» у Горадні, 15 сакавіка 2017

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі адмяніць дэкрэт. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.

У сакавіку ён пастанавіў прыпыніць на год дзеяньне дэкрэту пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы для абнаўленьня дэкрэту, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Аляксандар Лукашэнка патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка.

Раней паведамлялася, што дэкрэт зазнаў «карэнную рэканструкцыю», але ў чым яна палягала, не ўдакладнялася.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG