Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, якія паслугі «дармаеды» будуць аплочваць цалкам


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту супраць прэзыдэнцкага дэкрэту № 3 у Менску 15 сакавіка 2017 году

Урад Беларусі вызначыў, якія камунальныя паслугі не занятыя ў эканоміцы грамадзяне будуць аплочваць цалкам (паволе эканамічна абгрунтаваных тарыфаў). Гэта прапісана ў пастанове Савета Міністраў № 314 ад 24 красавіка 2018 году.

Паводле тарыфаў, якія забясьпечваюць поўную кампэнсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, так званыя дармаеды будуць аплочваць наступныя камунальныя паслугі:

  • гарачае водазабесьпячэньне;
  • газазабесьпячэньне пры наяўнасьці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў;
  • цеплазабесьпячэньне.

Пастанова ўраду набудзе моц з 1 студзеня 2019 году.

25 студзеня 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году.

Хто такія «дармаеды»?

Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

У сакавіку, пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеяньне дэкрэту на год, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.

У абноўленым дэкрэце новага азначэньня дармаедаў няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэньні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы» і «працаздольныя непрацуючыя грамадзяне».

«Не занятымі ў эканоміцы» будуць лічыць грамадзян Беларусі, якія не ажыцьцяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасьць.

Урад вызначыў, хто такія «дармаеды» і што зь імі рабіць

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ краіны 10 красавіка заявіў, што асноўная сутнасьць дэкрэту № 1 у тым, каб людзі працавалі і аплочвалі паслугі дзяржавы, у тым ліку ў ахове здароўя, ЖКГ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG