Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працую за 260 рублёў». Як жывуць героі веснавых «дармаедзкіх пратэстаў»


Акцыя супраць дэкрэту «пра дармаедаў» у Горадні

21 лістапада кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава паведаміла, што новая канцэпцыя дакумэнту амаль гатовая. Яна закране больш як паўмільёна чалавек, у тым ліку каля 100 тысяч беларусаў, якія працуюць за мяжой. Паведамляецца, што новы тэкст дакумэнту неўзабаве будзе зацьверджаны кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

Свабода пагаварыла з героямі «дармаедзкіх пратэстаў» мінулай вясны пра іх жыцьцё і новую вэрсію скандальнага дэкрэту.

Аляксандар Сямёнаў
Аляксандар Сямёнаў

Аляксандр Сямёнаў. Першы «дармаед», які, атрымаўшы «ліст шчасьця», падаў у суд на дзяржаву.

Судовы працэс «Сямёнаў супраць дзяржавы» пачаўся ў Гомлі сёлета ў лютым. Падтрымаць мужчыну прыйшлі каля 50 чалавек, усе ахвочыя нават не змаглі трапіць у будынак. У выніку ўжо на другім паседжаньні стала вядома, што мясцовыя ўлады прапанавалі Аляксандру працу. Як расказаў Свабодзе сам Аляксандар, ён працуе там дагэтуль, але пастаянна шукае месца зь лепшым заробкам.

«Я працаўладкаваны. Пакуль працую. У ахове, на будоўлі. Ці задаволены заробкам? Вядома, што хацелася б больш зарабляць. Колькі там ахоўнік можа зарабіць? Недзе 260 рублёў атрымліваецца. Пакуль гэтым абыходжуся. Шукаю новую працу. Раней я ў Расеі шмат працаваў, але цяпер там крызыс, падманы. Шукаю нешта, падпрацоўкі. Магчыма, зусім у іншым месцы атрымаецца. Мо ў Польшчы, альбо яшчэ далей.

Пра „дармаедзкі“ дэкрэт я што думаў, тое і думаю. Дурасьць гэта. Ня ведаю, хто гэта ўсё прыдумаў, але ён толькі злуе людзей. Кажуць, што будуць зьмены ў тэксьце дакумэнту. Але ніхто ж іх яшчэ ня бачыў. Чуткі ёсьць, што беспрацоўныя будуць цалкам аплачваць камуналку, мэдыцынскія паслугі. Але пакуль дакладна невядома нічога. Адны размовы. Але зноў жа, а калі працы няма? У горадзе яшчэ нешта можна знайсьці, а на раёне? Ставяць людзей у складаную сытуацыю. Навошта гэта рабіць, я не разумею».

Вызваленьне Філіповіча з «сутак» у Гомлі
Вызваленьне Філіповіча з «сутак» у Гомлі

Максім Філіповіч. Блогер з Гомля, які актыўна асьвятляў у YouTube «дармаедзкія» пратэсты і адседзеў 30 сутак

У траўні 2017-га міліцыянты склалі рапарт, у якім абвінавацілі Філіповіча ў «фактычнай падмене сабой дзяржаўных СМІ». На той момант у ютуб-канала блогера было каля 24 тысяч падпісчыкаў і 5 мільёнаў праглядаў. Філіповіча пачалі судзіць, аднак працэс ня скончыўся праз умяшаньне ідэоляга аблвыканкаму.

«Я як займаўся блогерствам, так і займаюся. Лічу, што трэба па максымуме асьвятляць. Ня толькі чакаць гэтага ад журналістаў, але і самім займацца. Тады ўсё вылезе вонкі, прымусіць народ ускалыхнуцца.

Калі мяне судзілі за незаконны выраб журналісцкай прадукцыі, то на паседжаньне прыйшоў чалавек з аблвыканкама і сказаў, што Філіповіч зь яго ютубам ніяк ня можа быць СМІ. Суд спынілі тады, я выйграў.

Пасьля ўжо асабліва сур’ёзных праблем не было. ДАІ да мяне прыяжджала толькі. Дадому прыехалі ўтрох. Сказалі, што я на адным са сваіх ролікаў 2015 году парушыў правілы дарожнага руху. Стаяў на праезнай частцы, а меў права па ёй толькі ісьці. Таму калі наступны раз надумаю такое здымаць, трэба будзе падымаць і апускаць ногі. Але штрафу не далі. Хацелі ўзяць тлумачэньні, я адмовіўся. Яны і зьехалі.

Я пра ўсё што заўгодна відэа працягваю рабіць. Судзяць некага, парушэньні ў гандлёвых сетках, яшчэ нешта. Я не выбіраю. Пішуць мне нешта, паведамляюць, я еду. Абсалютна ўсё трэба старацца асьвятляць. Нешта ў архіў адкладаю. Мне ня важна зарабляць на канале, там заробак капеечны. Важна фіксаваць. Таму што я перакананы, што ўсе людзі, якія сёньня дапускаюць парушэньні, некалі за гэта будуць адказваць.

Калі пасьля публікацыі новага тэксту дэкрэту № 3 зноў пачнуцца пратэсты, я таксама буду іх асьвятляць. Толькі трэба падумаць, як. Тады вясной яны ж мяне пільнавалі ля дома, аблавы ладзілі пад пад’ездам. За домам „УАЗік“ стаяў адразу. Так і казалі: альбо на ўвесь дзень у аддзел, альбо дома сядзі. А так стаўленьне да гэтага дакумэнту ў мяне не зьмянілася. І ня важна, якія там будуць зьмены. Ён сам па сабе антыканстытуцыйны».

Людміла Купраш
Людміла Купраш

Людміла Купраш. Атрымаўшы «ліст шчасьця», запісала відэазварот да Лукашэнкі і адправіла яго на дзяржаўнае тэлебачаньне

Купраш катэгарычна адмовілася плаціць грошы за «дармаедзтва». Мясцовыя ўлады папярэдзілі яе, што гэта можа скончыцца арыштам «на суткі», аднак жанчына не заплаціла і пасьля гэтага. Відэазварот да Лукашэнкі набраў у інтэрнэце 135 тысяч праглядаў.

«Нічога не зьмянілася ў мяне. Сяджу бяз працы па-ранейшаму. Тады я падатак так і не заплаціла, пасьля адмянілі яго. А што цяпер новы будуць прымаць, то хай яны задушацца: мне хутка 58 гадоў і пэнсійны ўзрост. Зімой вось ужо гэтай, у студзені.

Але мне сказалі, што пэнсіі ня будзе. Ну добра, што хоць падатак на дармаедзтва плаціць ня буду. Пакуль жа я і бяз працы, і бяз грошай. Вось што муж у Менску зарабляе, тое ёсьць. Што я магу думаць пра той дэкрэт... Хай спачатку працоўныя месцы дадуць! У вёсцы людзям працаваць няма дзе. Даяркі выходзяць з дэкрэтнага адпачынку, дзеці малыя, а ім працы няма. Няма працы, у калгасах ня ведаюць, куды іх увапхнуць. І заробак 200 рублёў. 100 рублёў камуналка і 200 рублёў заробку.

Пасьля майго відэазвароту да Лукашэнкі прыяжджаў старшыня сельсавету. Казаў: „Людміла Мікалаеўна, давайце вас уладкуем“. Я пытаюся, куды? На фэрму? А як я буду працаваць, як карову даіць? Яшчэ на пошту прапанавалі загадчыцай, але я ў кампутары не разумею нічога. Як я буду працаваць? Там жа адказнасьць, а ў турму я не хачу. Больш нічога не прапаноўвалі. А цяпер і даяркай не прапануюць, бо месцаў няма. Пасьля зноў прыяжджалі. Зямлю прапаноўвалі аформіць як участак ля дома. А ў мяне грошай няма, на што аформіць? Больш ня езьдзяць».

Сьвятлана Ботвіч (у цэнтры) на дэманстрацыі пратэсту
Сьвятлана Ботвіч (у цэнтры) на дэманстрацыі пратэсту

Сьвятлана Ботвіч. Актыўная ўдзельніца «дармаедзкіх» пратэстаў у Віцебску, пасьля якіх журналісты пачалі называць яе «віцебскай Жаннай д’Арк».

Ботвіч не была зьвязаная з апазыцыйнымі арганізацыямі і да зімы 2017 году не прымала ўдзелу ў акцыях пратэсту. Яна не атрымлівала «ліст шчасьця», мае працу і да акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 далучылася, бо палічыла яго несправядлівым.

«У мяне добра ўсё больш-менш добра. Ніхто ня звольніў, працягваю працаваць у дзіцячым садку. Тады пасьля мітынгу прыйшла ў панядзелак на працу і працую. Голас толькі папсаваўся крыху: мэгафона не было, а крычала моцна.

Мяне пасьля таго мітынгу пазнаваць у горадзе пачалі, у аўтобусе падыходзілі. Дзякуй людзям за гэта. Ведаеце, было вельмі прыемна бачыць, што ў людзей у вачах надзея зьяўлялася. Глядзелі на мяне, прасілі дапамагчы.

Я працягваю сачыць за тым, што з гэтым дэкрэтам адбываецца. Чытаю навіны. І я не ўпэўненая, што там нешта кардынальна зьменяць. Была надзея, што яго цалкам адменяць, але цяпер мы бачым, што ўладам трэба неяк прыгожа выйсьці зь сытуацыі. Яны ня могуць цалкам адмовіцца ад дэкрэту пасьля таго, што адбывалася.

Ці будуць новыя пратэсты? Я думаю, што не. На людзей моцна ціснуць псыхалягічна на месцах. Пагражаюць. Чалавек будзе трымацца сваёй працы да апошняга, каб зарабіць на хлеб. Баяцца людзі. Грошай няма, заробкі не растуць. Растуць толькі ў тых, хто кантралюе, у начальства. Я вось атрымліваю 230 рублёў у месяц. А начальнікі па 800, па 1000. Начальнік будзе ціснуць на сваіх падначаленых, старацца захаваць сваё месца. Ён не пойдзе на мае 230. Баяцца людзі. Усе ў крэдытах загразьлі за гэтыя гады дыктатуры, за што іх аддаваць бяз працы?

Але я вам скажу, што ня трэба адчайвацца. Жыцьцё адно, яго трэба пражыць так, каб ня сорамна было».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG