Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ботвіч — «віцебская Жанна д’Арк», якая ўзялася ніадкуль і стала лідэркай «Маршу недармаедаў»


Пад дзьве тысячы чалавек апоўдні сабраліся ў Віцебску на плошчы Перамогі. І як толькі пачалі гучаць першыя прамовы нязгодных з Дэкрэтам № 3, увагу прысутных захапіла яна — прыгожая, яркая жанчына з выразнай жэстыкуляцыяй і рашучым голасам.

Людзі гаварылі шмат гнеўных словаў — пра «дармаедзкі» дэкрэт і адсутнасьць працоўных месцаў, пра свой недавер да выбараў, і ў прыватнасьці — прэзыдэнцкіх, пра нізкія заробкі, нішчымныя пэнсіі. Але як толькі слова «Надакучыла!» прамовіла яна, натоўп заціх і стаў уважліва слухаць...

Яна — Сьвятлана Ботвіч — стала адкрыцьцём віцебскай акцыі пратэсту, сапраўднай «зоркай», абсалютна невядомай у апазыцыйным асяродку, ня кажучы ўжо пра шараговых віцяблянаў, не знаёмых паміж сабой, якіх аб’яднала крыўда.

«Мы ня будзем плаціць падатак за „дармаедзтва“! Яго ня трэба плаціць, бо ён несправядлівы. Калі ўсе не заплацяць, то нам ніхто нічога ня зробіць!» — казала Сьвятлана Ботвіч, і людзі падтрымалі яе воплескамі. Між тым, гэтая 38-гадовая спадарыня цалкам магла сказаць, што Дэкрэт № 3 яе ня тычыцца, бо ў яе ёсьць праца. Але няма душэўнага супакою, калі навокал несправядлівасьць і крыўда, кажа Сьвятлана:

«У 16 гадоў я засталася без бацькоў. Выжывала сама, як магла. Сёньня ў мяне ёсьць праца, я самы звычайны работнік — працую прыбіральніцай у дзіцячым садку. А чаму сюды прыйшла? Таму што я заўжды — за людзей, я перажываю за ўсіх і за ўсё. І мне заўжды было цікава ведаць, чым жыве наша Беларусь, як яна жыве. Я ніколі не была ні ў якой партыі, проста ў мяне такі характар — я неабыякавая!»

Сьвятлана Ботвіч распавяла, што ў яе самая звычайная сям’я, ёсьць муж і дачка. І што пра акцыю даведалася з сацыяльных сетак :

«За свае 38 год я ўпершыню на акцыі пратэсту. І выступаць перад людзьмі я абсалютна не зьбіралася! Але тут эмоцыі ўзялі верх. Бо я не выношу, калі людзей крыўдзяць, калі імі пагарджаюць. У мяне ўсё ідзе ад сэрца: калі бачу нядобрае, у мяне пачынаецца тахікардыя! І словы самі ірвуцца вонкі».

Спадарыня Сьвятлана спачатку прамаўляла перад людзьмі на плошчы Перамогі. А потым, калі натоўп рушыў па вуліцы Леніна, разам з хлопцамі несла разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг і скандавала «Жыве Беларусь!» Побач сыгналілі машыны, мінакі адгукаліся на лёзунгі натоўпа «Хто галоўны дармаед? Гэта наш прэзыдэнт» і «Нет декрету № 3, Лукашенко, уходи!»

Ці ня ўсе прысутныя журналісты разам захацелі ўзяць інтэрвію ў адважнай спадарыні. Нехта нават назваў яе «віцебскай Жаннай д’Арк». І Сьвятлана з гатоўнасьцю азірнулася на гэтае імя: «Мяне часта так называюць. За мой характар. Бо я маўчаць ня стану!»

Калі натоўп дайшоў да плошчы Леніна і сабраўся каля будынку філярмоніі, на ганку зноў апынулася Сьвятлана і зноў прамаўляла да людзей. Казала, што Беларусь — гэта краіна яе грамадзянаў, што яны тут сапраўдныя гаспадары. І што людзі мусяць адчуць гэта і ў гэта паверыць.

Пасьля палымяных прамоваў перад натоўпам Сьвятлана нечакана бянтэжыцца, распавядаючы пра сябе. Кажа, што яна самы звычайны чалавек, прычым у гаворцы сам-насам спрабуе гаварыць па-беларуску, і гэта ў яе няблага атрымліваецца:

«У Віцебску я жыву з 2008 году, пераехала. Выйшаўшы замуж. А нарадзілася ў Бешанкавіцкім раёне, у вёсцы Будзілаве, 35 кіламэтраў ад гораду. Там я гадавалася, працавала — і карову даіла, і козы трымала. Усё па гаспадарцы ўмею, у тым ліку й касіць — ня горш за Лукашэнку!»

Сьвятлана разумее, што сказала падчас «Маршу недармаедаў» вельмі шмат рэзкіх словаў пра цяперашні стан краіны. Але гаворыць, што не шкадуе: выказала ўсё, што было на сэрцы, і ёй стала лягчэй.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG