Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрацы ня ведае, колькі будзе каштаваць бюджэту «татальнае працаўладкаваньне» дармаедаў


Адна з антыдармаедзкіх акцый летась у Магілёве

Першы намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч падчас брыфінгу ў агенцтве БелТА ўдакладніў некаторыя палажэньні прэзыдэнцкага дэкрэту № 1 «Аб садзейнічаньні занятасьці».

Чыноўнік сказаў, што канчатковую базу зьвестак па працаздольных грамадзянах, не занятых у эканоміцы, мяркуецца сфармаваць да 1 сьнежня 2018 году. Кожны, хто туды патрапіць, будзе пра гэта праінфармаваны.

«Яна будзе сфармаваная і перададзеная ў камісіі і мясцовым органам улады да 1 сьнежня, — адзначыў ён. — Тыя грамадзяне, якія трапяць у гэтыя сьпісы, ад студзеня 2019-га будуць будуць аплочваць на 100% камунальныя паслугі і плату за карыстаньне жылым памяшканьнем».

Абскардзіць рашэньне камісіі немагчыма

Мэханізм аплаты, дадаў ён, яшчэ ўдакладняецца, неназваны ім дакумэнт нібыта знаходзіцца на апошняй стадыі ўзгадненьня. Але ўжо вядома, што абскарджаньне рашэньня камісіі не прадугледжана: калі яе чальцы ня знойдуць падставаў вызваліць чалавека ад аплаты паслуг па поўным тарыфе, кудысьці паскардзіцца не атрымаецца.

Паводле Лабовіча, даказаць свой унёсак у фінансаваньне эканомікі мусяць і тыя, хто працуе ці вучыцца за мяжой — камісіям неабходна прадставіць афіцыйныя паперы ад працадаўцы або навучальнай установы.

У Беларусі 48 раёнаў і гарадоў на афіцыйным узроўні прызнаныя як тэрыторыі з напружанай сытуацыяй на рынку працы. Працаўладкавацца там складана нават пры вялікім жаданьні, а людзей на гэтай падставе запісваюць у дармаеды.

Грамадзяне могуць разьлічваць на «індывідуальны падыход»

Андрэй Лабовіч запэўнівае, што ўсе грамадзяне могуць разьлічваць на «індывідуальны падыход». Паводле аднаго з кіраўнікоў ведамства, камісіі па садзейнічаньні занятасьці будуць разглядаць заявы грамадзян і складаць сьпісы для частковага або поўнага вызваленьня ад аплаты паслуг у сувязі са складанай жыцьцёвай сытуацыяй.

«Згодна з дэкрэтам, мясцовыя органы маюць права выдаткоўваць дадатковыя сродкі дзеля занятасьці на гэтых тэрыторыях, — сказаў Андрэй Лабовіч. — Больш за тое, камісіі дзеля гэтага і ствараюцца, каб максымаьна спрыяць людзям з працаўладкаваньнем у сваім рэгіёне».

Калі ў Андрэя Лабовіча запыталіся, ці не акажацца так, што выдаткі на працу камісій, штоквартальныя перагляды «дармаедзкай» базы ды іншыя новаўводзіны будуць большыя за меркаваны эканамічны эфэкт, прадстаўнік міністэрства адказаў досыць нечакана.

У прыватнасьці, ён заявіў, што мэтай дэкрэту — «не папаўленьне бюджэту, а спрыяньне занятасьці насельніцва». Якімі мэтадамі гэта будзе дасягацца — пытаньне другога парадку.

Урад вызначыў, хто такія «дармаеды» і што зь імі рабіць

Дэкрэт, апублікаваны 26 студзеня, перадусім скіраваны на «актывізацыю органаў улады дзеля максымальнага садзейнічаньня ў пошуках працы, стымуляваньне занятасьці і самазанятасьці насельніцтва».

Урадавая пастанова № 239 ад 31 сакавіка вызначыла парадак аднясеньня працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы. Ключавая роля ў гэтым працэсе адведзены мясцовым органам улады. Прадугледжваецца стварэньне пастаянных камісій, асноўнымі задачамі якіх будзе пошук дармаедаў і садзейнічаньне ў пошуку для іх працы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG