Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўныя не захацелі перасяляцца ў вёскі. Нават за грошы


Беспрацоўны ва ўпраўленьні працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Гарадзенскага гарвыканкаму

У Горадні прайшла акцыя «Тыдзень перасяленьня». Беспрацоўным прапаноўвалі працу і жытло ў іншых гарадах і ў вёсках.

Дзяржава гарантавала добраахвотным перасяленцам грашовую дапамогу —1400 рублёў, калі нехта пераедзе ў іншы горад, і 1800 рублёў — калі ў сельскую мясцовасьць. Грошы вяртаць ня трэба. Адзіная ўмова: на новым месцы трэба адпрацаваць ня менш за год.

Як сказаў Свабодзе супрацоўнік упраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Гарадзенскага гарвыканкаму Віктар Кісялёў, «Тыдзень перасяленьня» праводзіцца раз на месяц. Цягам апошняй такой акцыі за дзень у іх бывала па 8–10 чалавек.

«Цікавасьць у беспрацоўных існуе, але адважваюцца на перасяленьне нямногія, звычайна толькі пад уплывам жыцьцёвых абставін. Адзін з наведнікаў сказаў, што ідзе разводны працэс, таму і зацікавіўся», — кажа Кісялёў.

Агулам жа за 2016–17 гады толькі па тры сямʼі за год скарыстоўвалі такую магчымасьць, а сёлета — ніхто.

Адметна, што беспрацоўныя зь іншых месцаў, наадварот, могуць пераехаць у Горадню — калі знойдуць вакансію, да якой прыкладаецца жытло.

Адзін чалавек такую магчымасьць ужо скарыстаў — працуе ў аўтобусным парку, яму далі інтэрнат.

Самі беспрацоўныя, якія прыйшлі на акцыю «Тыдзень перасяленьня», казалі, што калі паехаць на працу, напрыклад, у Ліду, то давядзецца аплачваць і сваю кватэру ў Горадні, і жытло на новым месцы.

«Грашовую дапамогу хутка можна праесьці, а добры заробак не атрымаеш: іначай бы жыхары Ліды яго не ўпусьцілі. Значыць, ніякага сэнсу ў такім перасяленьні быць ня можа», — сказаў Свабодзе мужчына сярэдняга веку.

​Паводле афіцыйных зьвестак, у сакавіку ў Беларусі было зарэгістравана каля 24 тысяч беспрацоўных. У чатырох абласьцях — Берасьцейскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай — беспрацоўе складае 0,7%, у Гарадзенскай — 0,6, у Менскай — 0,5. У красавіку ў Горадні на ўліку стаялі больш за 1 тысячу беспрацоўных, сярод іх мужчыны складаюць больш за 70%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG