Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі я здыму штаны і станцую, вы парадуецеся?» — дзяўчаты расказалі пра сваю акцыю супраць сэксізму і абʼектывацыі


Марына, Марта, Хрысьціна, Маша

«Мне было сумна глядзець на мужчын у гандлёвым цэнтры „Сталіца“, якія адпраўляюць сваіх жанчын на гэтую фатасэсію. Я бачыла, як яны стаяць там вельмі сумныя, бо іх жанчыны бягуць фоткацца з аголенымі мужчынамі, бяруць да іх дзяцей. І ўсё гэта ў шаленстве нейкім», — дзяўчаты, якія зладзілі акцыю супраць сэксізму і абʼектывацыі ў дзень 8 сакавіка, расказалі Радыё Свабода, як ім прапаноўвалі стрыптыз і што ня так з пазыцыяй кампаніі Mark Formelle.

8 сакавіка ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» кампанія — вытворца бялізны Mark Formelle ў падарунак жанчынам прапанавала фатасэсію з героямі свайго новага рэклямнага роліка. Увага да акцыі і роліка была вялікая, тым больш што раней кампанія стала абʼектам абвінавачаньняў у сэксізьме і абʼектывацыі з боку НДА «Яе правы».

На гутарку дзяўчаты прыходзяць учатырох. Марына, Марта, Хрысьціна, Маша... Насуперак шматлікім камэнтатарам, у дзяўчат з асабістым жыцьцём усё звычайна, і ніводная зь іх не належыць да фэміністычнага руху. «Я нават ня пэўная, што такі рух у Беларусі ёсьць», — кажа Марына.

Прынамсі адна з суразмоўніц замужам, некалькі займаюцца экалягічнымі праблемамі, Хрысьціна — журналістка, у адной дзяўчыны — свой бізнэс.

«Усё, што адбылося 8 сакавіка, было вельмі спантанна. Вырашылі, што змаўчаць у такой сытуацыі было нельга», — кажа Хрысьціна. Яна ўвогуле даведалася пра акцыю за дзьве гадзіны да пачатку. «Не магу нават сказаць, што мы добра ведаем адна адну, і дакладна не сустракаемся штодня, каб абмеркаваць гэтую праблему і што зь ёю рабіць», — кажа Марына.

Да ліста кампаніі «Яе правы», зь якога пачалася ўся гэтая гісторыя, дзяўчаты таксама ня маюць дачыненьня.

Пра тое, чаму выйшлі

Марына: Я за ўсім актыўна назірала. Але ў такія моманты зьяўляецца актыўная пазыцыя да таго, што адбываецца. І ты пачынаеш глядзець на нейкія рэчы больш востра. Пазыцыя арганізацыі «Яе правы» была дакладная, зразумелая, досыць абʼектыўная. Рэакцыя прадстаўнікоў Mark Formelle мне падалася вельмі неадэкватнай, грубай, непаважлівай.

І пасьля выходзіць гэты ролік.

Для мяне асабіста гэта быў нібы плявок — «Вось вам не спадабалася такая рэкляма, ці спадабаецца вам гэтая?» Сама рэкляма вельмі вульгарна выглядае. А пасьля яны робяць такое мерапрыемства на публіцы... Чаго яны хочуць дабіцца, незразумела.

Нельга было маўчаць у гэтай сытуацыі, бо інакш было б уражаньне, нібыта ўсіх усё задавальняе. А гэта насамрэч ня так.

Калі мы туды прыйшлі і разгарнулі плякаты, жанчына — як я мяркую, з Mark Formelle — сказала: «Мы вас чакалі».

Марта: Калі я пабачыла першую рэкляму з фота, то яшчэ да афіцыйнага ліста ад «Яе правоў» я спадзявалася, што кампанія проста «нешта не зразумела». А калі ім патлумачылі, што так ня трэба, што трэба прыслухацца да грамадзкай думкі, што вы, магчыма, некага зьневажаеце, то я ўжо разьлічвала, што Mark Formelle паступіць як перадавая кампанія — пойдзе на камунікацыю, будзе гатовая нешта мяняць. Можна ж было пабудаваць вельмі пасьпяховую рэклямную кампанію на гэтым.

Але яны спачатку адрэагавалі досыць канфліктна, а пасьля выпусьцілі відэаролік, які зьяўляецца спробай маніпуляцыі. Мы цяпер прыбіраем убок пытаньне пра яго вульгарнасьць. Але задумайцеся, што супрацоўніцы Mark Formelle — гэта ў асноўным жанчыны. Нават у гэтым Mark Formelle зрабілі памылку. Я глядзела ролік і думала: «Што? Гэта нейкі сюр! Яны не маглі так зрабіць!»

Марта
Марта

І пасьля гэтага было ўжо цяжка ўспрымаць адэкватна іх наступныя крокі.

Мне было сумна глядзець на мужчын у гандлёвым цэнтры «Сталіца», якія адпраўляюць сваіх жанчын на гэтую фатасэсію. Я бачыла, як яны стаяць там са сваімі дзецьмі, яны вельмі сумныя, бо іх жанчыны бягуць фоткацца з аголенымі мужчынамі, бяруць да іх дзяцей. І ўсё гэта ў шаленстве нейкім.

Марына: Кампанія пазыцыянавала гэтую акцыю як падарунак жанчынам. Гэтыя маладыя людзі таксама абʼектываваныя. Яны прыгожыя, у іх напампаваныя мышцы і гэтак далей. Кампанія прапаноўвае гэтых людзей выкарыстоўваць як манэкены, як прадметы ў прасторы, каб зь імі сфатаграфавацца. Хто яны? Што гэта за людзі ўвогуле? Што яны думаюць наконт гэтага сьвята?

Што адчуваюць мужчыны, якія глядзяць на гэта?

Гэта непавага ў дачыненьні да партнэра, калі ты, знаходзячыся зь ім у «Сталіцы», міма праходзіла — і раптам: «О, дайце мне сьвята, я пайду зь ім сфатаграфуюся!». Навошта ўвогуле гэтыя фатаздымкі? Куды іх выкладаюць? Чым хочуць пахваліцца? Гэта ж ня твой мужчына, ты яго бачыш першы і, можа, апошні раз.

Марына
Марына

Хрысьціна: Няўжо гэта сапраўды тое, чым цябе можна завабіць? Няўжо гэта ўзровень тваёй культуры, твайго разьвіцьця, вынік якога ты хочаш потым выкладаць у сацсеткі? Чаму гэта адбываецца? Я ня ведаю. Мне хацелася б, каб і культура спажываньня была вышэйшая, і агульная культура была вышэйшая.

Марына: Мне здаецца, гэта моцна зьвязана з пачуцьцём самапавагі. Безь яго ўсё падаецца прасьцей.

Пра рэакцыю прадстаўнікоў Mark Formelle і мадэляў

Марына: Я б не сказала, што падчас акцыі Mark Formelle мы перацягвалі на сябе ўвагу. Было відаць, што кампанія падрыхтавалася да нашага прыходу. Яны схапілі букеты і падбеглі да нас. З боку хлопцаў была дзіўная пазыцыя, бо ў іх ёсьць праца — фатаграфавацца з усімі ахвотнымі. Мы відавочна не жадалі зь імі фатаграфавацца, але яны самі прыйшлі і сталі з намі фатаграфавацца. Але пасьля ім сказалі ісьці працаваць, і яны пайшлі далей займацца сваёй справай. Нас гэта не бянтэжыла.

З адным з хлапцоў у мяне быў «маўклівы дыялёг». Гэты чалавек быў настроены на тое, каб правакаваць. Ён самы першы да нас падышоў, паклікаў усіх іншых. Даўжэй за ўсіх вакол нас хадзіў. Мне здаецца, што ў яго была нейкая прапісаная роля ад кіраўніцтва. Я разумела, што ён спрабуе гуляць на інстынктах, на сэксуальнасьці. Таму ведала, што ня трэба адводзіць позірк і паддавацца на ягоныя правакацыі. Трэба ніяк не рэагаваць на тое, што ён хоча выклікаць у мяне эмоцыі. Проста глядзела ў вочы.

Ня ведаю, чым бы гэта скончылася, бо ён падыходзіў бліжэй, па-рознаму нахіляў галаву, глядзеў, іграў бровамі.

Іншым разам у мяне было адчуваньне, што ён хоча сказаць: «Ой, якая ты нікчэмная». У мяне ён ня выклікаў сымпатыі. Было трохі сьмешна. Але ў пэўны момант падышла жанчына і сказала яму, што трэба ісьці фатаграфавацца. Ён мне падміргнуў на разьвітаньне і пайшоў.

Хрысьціна: А другі нам з Машай прапаноўваў станцаваць стрыптыз. Кажа: «Калі я зараз здыму штаны і вам станцую, вы парадуецеся?»

Хрысьціна
Хрысьціна

Марта: Яны спрабавалі зрабіць нейкае шоў, але іншым разам гэта выглядала ўбога і непрыемна. Асабліва калі яны абступілі, спрабавалі прыабняць. Гэта парушэньне межаў, бо да мяне ж не падыходзяць на вуліцы незнаёмыя людзі і не спрабуюць мяне абняць.

Марына: Агрэсія і правакацыі зь іх боку мне былі незразумелыя. Мы не выступалі супраць гэтых мадэляў-мужчын. Мы ня маем да іх аніякіх прэтэнзіяў, бо яны нанятыя работнікі, якія зьняліся ў рэкляме і ўдзельнічаюць у гэтай акцыі. Паводле сваёй ролі гэтыя хлопцы мусілі фатаграфавацца з усімі ахвотнымі. Незразумела, хто даў ім указаньне так ставіцца да нас і чаму яны на гэта пагадзіліся. Чаму зь іх боку была настолькі высокія агрэсія ў дачыненьні да тых, хто выказвае сваю думку?

Хрысьціна: Тым больш што ў нас не было намеру сарваць ім фатасэсію, мы нічога не выкрыквалі, проста моўчкі стаялі з плякатамі. Размаўлялі зь людзьмі, якія падыходзілі да нас і пыталіся.

Там яшчэ быў такі выпадак, калі хлапец стаў дзяўчыне дарыць кветкі. Яна яму кажа: «Вы ведаеце пра гісторыю гэтага дня?» А ён: «Вы што, сурʼёзна? Ды не, дзяўчаткі, вы ж жартуеце».

Яны стараліся абразіць нас, але абразілі сябе. Бо паказалі свой узровень: падарыць кветкі, пацешыць стрыптызам. Мне шкада, насамрэч, бо ў гэтай сытуацыі яны марыянэткі.

Пра камэнтары і камэнтатараў

Марына: Глыбока памыляюцца людзі, якія думаюць, што для нас гэта адзіная актыўнасьць ці тэма, якая нас цікавіць. У дзень 8 сакавіка, які для пэўнай групы ёсьць днём жаночай салідарнасьці ў барацьбе за правы, а цяпер ператварыўся ў «сьвята вясны», нашая рэакцыя на тое, што прапаноўваў Mark Formelle, была да месца. Гэта не адзінае, што мы робім.

Марта: Мы 8 сакавіка прыйшлі, каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю. І пра нас нехта кажа, што нам «не хапае асабістага жыцьця». А ёсьць група людзей, якія 8 сакавіка прыйшлі ў гандлёвы цэнтар «Сталіца», каб фатаграфавацца з аголенымі мужчынамі, і пра гэтую групу людзей думка ў такі бок не разьвіваецца.

Я нічога не хачу сказаць наконт гэтага, бо інтымнае жыцьцё — гэта справа кожнага. Да таго моманту, пакуль чалавек не захоча пра гэта расказаць...

Хрысьціна: Паказаць трусы.

Марта: (сьмеючыся) ...я ня маю права строіць здагадкі, але лёгіка камэнтатараў мяне зьдзівіла. Мне гэта даводзіць толькі тое, што лёгікі ў камэнтарах няма і ўспрымаць іх як нешта, пра што трэба падумаць, ня варта.

Маша: Забаўна, што з намі мелася быць дзяўчына, якая заўважна цяжарная, цікава было б пачытаць камэнтары пра яе.

Маша
Маша

Марына: Людзям прасьцей сядзець і камэнтаваць, ляпіць ярлыкі, абвінавачваць нас, распаўсюджваць стэрэатып пра тое, што «фэміністка — гэта адзінокая, няшчасная»...

Марта: Я б сказала, стэрэатып пра тое, што «фэміністка — гэта сорамна».

Хрысьціна: Хочацца сказаць — людзі, рабіце сваё жыцьцё самі! Ня памятаю дзе, але адзін мужчына напісаў: «у гэтых дзяўчат нетаварны від». Выходзіць, што ўчорашнія героі рэклямнага роліка здымаліся як тавар. Гэта жудасная сытуацыя.

Пра Mark Formelle

Марта: Гэта ані ў якім разе не вайна з Mark Formelle — зь іх прадукцыяй ці супрацоўніцамі. У іх вялізны штат жанчын, якія там працуюць. Усе яны са сваімі жыцьцямі, гісторыямі.

Усё гэта хутчэй пра тое, што рэкляма павінна несьці пазытыўныя каштоўнасьці, павінна расказваць пра прадукт, павінна быць этычнай.

Дэманстрацыя з боку Mark Formelle неэтычнага вядзеньня бізнэсу не павінна быць дапушчальная ў Беларусі. Гэтыя пытаньні падчас акцыі ўздымаліся, і я бачыла, што гэта важна для людзей. Гэтага ня трэба замоўчваць.

Хрысьціна: Навошта накручваць і рабіць чорны піяр, мне незразумела. Калі ты робіш бізнэс, разумею, што ў беларускіх умовах няпроста гэта рабіць, але давайце думаць пра ўсіх, для каго вы гэта робіце.

Марта: Раней гэтая кампанія стварала вобраз хатняй, сямейнай, утульнай. Яны выпускалі нешта мілае, і цяпер выпускаюць. І я была той самай мэтавай аўдыторыяй. Мне падабалася тое, што яны рабілі. Але цяпер я і яшчэ многія такія ж, як я, ня хочуць нават купляць нешта ў іх. І ня ўсе думаюць пра гендэрную роўнасьць. Некаторым было проста непрыемна бачыць тое, што адбываецца. Вось яны паглядзелі ролік і пісалі: «Мне непрыемна на гэта глядзець, для мяне гэта вульгарна».

Маша: Ёсьць яшчэ пытаньне дзіцячай мэтавай аўдыторыі. У іх на раме вісіць «рэкляма з макаронай» два разы. Я б не хацела туды весьці сваё дзіця. Мяркую, шмат хто гэтак таксама так думае.

Мы ўсе розныя і не падыходзім пад стандарт жанчын, якія рэклямуюць жаночую бялізну

Марына: Ня думаю, што ў іх ёсьць стратэгія на будучыню. Калі яны цяпер ствараюць сабе такую рэпутацыю, то складана ўявіць, што будзе праз 10 год у гэтай кампаніі. Замест таго каб падтрымліваць нейкія агульнапрынятыя каштоўнасьці — недыскрымінацыю і гэтак далей, чаго ў нашым грамадзтве не хапае, яны яшчэ больш гэта ўмацоўваюць. У тым ліку падмацоўваюць стэрэатып пра месца жанчыны — і гэтай акцыяй таксама. Паказваюць, што, па сутнасьці, месца жанчыны — побач з такім мужчынам. А што рабіць, калі такога стэрэатыпна прыгожага мужчыны няма?

А ў вялікага працэнту жанчын няма і ніколі ня будзе такога мужчыны. Мы ўсе розныя і не падыходзім пад стандарт жанчын, якія рэклямуюць жаночую бялізну. Нібыта быць мужчынам і жанчынай можна толькі тады, калі жанчына мае пэўную зьнешнасьць, даўжыню валасоў, фігуру, а мужчына калі мае адпаведна напампаванае цела. А калі ты ня ўпісваесься, то ты выкінуты.

Падмацаваньне вось гэтага стэрэатыпу, як павінны выглядаць мужчына і жанчына, вельмі моцна тармозіць разьвіцьцё гендэрных свабод і правоў у нашай краіне. Большасьць сусьветных вытворцаў адмаўляецца ад гэтага, паказваюць жанчын у натуральным асяродзьдзі з натуральнай прыгажосьцю.

Калекцыя бялізны ў рэальнасьці мае градацыю памераў. А для рэклямы абіраецца нейкі топавы памер і толькі ён рэклямуецца. Як гэтая бялізна будзе выглядаць на іншых людзях? Загадка! Для каго гэта тады? Толькі для тых, хто стройны? Для тых, хто ўпісваецца ў гэтыя парамэтры? А што рабіць усім іншым?

Марта: Мы ўсе розныя, высокія, нізкія, з розным колерам скуры, і гэта важна. Гэта прыгожа. Я лічу, што прыгажосьць менавіта ў разнастайнасьці. Так, жанчыны і мужчыны, якія былі ў роліку Mark Formelle, — прыгожыя. Але мы таксама прыгожыя. І ў гэтым чароўнасьць.

Пра тое, навошта гэта ўсё

Марына: Мне хацелася б, каб жанчыны больш думалі пра тое, як абʼядноўвацца, чым пра тое, як ставіць адна адной перашкоды. Я параўноўваю акцыі салідарнасьці ў іншых краінах і тое, як прайшло гэта ў нас. Можа, гэта першы крок, а можа, і ня першы, а можа, і ня крок. Ня ведаю.

Хрысьціна: Мяне цешыць, што спантанна і хутка знайшлася пэўная колькасьць людзей, якім ня ўсё роўна. Мы ўсе розныя, з розных сфэр дзейнасьці. Я за дзьве гадзіны да самой акцыі атрымала паведамленьне пра тое, што ёсьць такі намер. Вырашыла, што мне неабходна там быць, бо мне важна гэта падтрымаць.

Маша: Сам факт, што акцыя адбылася, ужо посьпех. Застацца дома і моўчкі пагадзіцца з тым, што адбываецца, было б яўным няпосьпехам.

Як толькі наступае вясна, узрастае градус сэксізму, — герой роліка Mark Formelle

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG