Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А што ня так?


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Досыць часта я спрабую паставіць сябе на месца сваіх апанэнтаў і ўявіць, якімі прынцыпамі і каштоўнасьцямі яны могуць кіравацца, аргумэнтуючы ўласную пазыцыю. І сваіх «гендэрных» апанэнтаў я ўмоўна падзяляю на два тыпы: традыцыяналісты і «а што ня так?»

Часам мноствы супадаюць, але збольшага традыцыяналісты разумеюць, што менавіта можа абураць у іх пазыцыі, — то бок яны рэфлексуюць з нагоды сацыяльных зьменаў, выбудоўваюць герархію каштоўнасьцяў, зьмястоўна яе напаўняюць і адстойваюць менавіта гэты сьветапогляд.

Катэгорыя апанэнтаў пад умоўнай назвай «а што ня так» звычайна ня мае нейкай устойлівай ідэалягічнай базы, а аргумэнтацыя ў большасьці выпадкаў грунтуецца на «мне так захацелася, і я ня бачу ў гэтым нічога дрэннага».

Яны звычайна мяркуюць, што іх праціўніцы і праціўнікі крытыкуюць не ідэю, а іх асабіста.

На крытыку ў свой адрас гэтыя апанэнты абражаюцца значна больш, чым умоўныя традыцыяналісты, бо нязгоду ўспрымаюць вельмі асабіста. Яны звычайна мяркуюць, што іх праціўніцы і праціўнікі крытыкуюць не ідэю, а іх асабіста — і не як прафэсіяналак і прафэсіяналаў сваёй справы, а проста як людзей.

Вось і гісторыя з адмовай кампаніі Mark Formelle прыбраць сэксісцкую рэкляму — гэта гісторыя пра пераход з узроўню барацьбы ідэалёгій да ўзроўню асабістых крыўдаў. І пра непрафэсіяналізм, вядома. Бо незалежна ад таго, якую лухту, на погляд дырэктаркі кампаніі, напісалі ёй у афіцыйным звароце, адказ павінен быць кароткім, ветлівым і выключна па тэме звароту.

Запытвацца ў яе, ці гатавала яна калісьці разам з каханым — гэта досыць спрэчны канфлікт-мэнэджмэнт.

Любая камунікацыя камэрцыйнай арганізацыі з навакольным сьветам (за выключэньнем, бадай, кантрольных органаў) — гэта камунікацыя зь дзейнымі і патэнцыйнымі кліенткамі і кліентамі. А тлумачыць патэнцыйнай кліентцы, што абраза — гэта суб’ектыўнае меркаваньне, запытвацца ў яе, ці гатавала яна калісьці разам з каханым, і казаць, што яна (кліентка) «стала на шлях нявартай PR-кампаніі» — гэта досыць спрэчны канфлікт-мэнэджмэнт.

Але калі трэба тлумачыць, «а што ня так» з рэклямнай прадукцыяй Mark Formelle, дзе жанчына ў бялізьне гатуе спагеці, дык я патлумачу. Рэч не ў сантымэтрах адкрытага цела і нават не ў карункавых майтках мадэлькі, — рэч у сэксуальнай аб’ектывацыі. Жанчына на гэтым постэры стаіць у ненатуральнай позе — і гэта ня проста нязручная ці незвычайная пазыцыя цела — гэта поза сэксуальнага аб’екта, падрыхтаванага да выкарыстаньня. Недарэчна ў агульнай карціне, але вельмі «ў духу» сэксуальнай аб’ектывацыі выглядаюць тут і вячэрні макіяж, укладка, і камплект аздабленьняў. Нагадваю, жанчына знаходзіцца на кухні і гатуе спагеці.

Зьяўляецца адчуваньне, што з афіцыйнага ліста мы перайшлі да сяброўскіх размоваў за гарбатай.

Святлана Сіпарава, дырэктарка кампаніі, у сваім адказе на зварот запыталася: «Няўжо Вы ніколі з каханым не гатавалі разам ежу, альбо не вялі хатнюю гаспадарку? Альбо не хацелі б гэтага рабіць?» У такі момант зьяўляецца адчуваньне, што з афіцыйнага ліста мы перайшлі да сяброўскіх размоваў за гарбатай, але нават пры гэтых умовах я не ўяўляю кантэксту, пры якім гэтае пытаньне было б дарэчным. І што яшчэ больш цікава, у якім напрамку пойдзе размова ў залежнасьці ад адказу. Бо складваецца ўражаньне, што тыя, хто не жадалі і/ці не жадаюць, будуць запісаныя ў асобную, ніжэйшую катэгорыю.

У сучаснай Беларусі вельмі рэдка можна пражыць дзень і не сутыкнуцца з сэксізмам прынамсі тры разы.

Пэрыядычна мяне спрабуюць запэўніць, што глябальна гендэрных праблем не існуе, — кожны выпадак трэба разглядаць асобна і не трэба рабіць абагульненьняў. Гэта вельмі зручная пазыцыя, з якой вынікае, што сыстэмнай праблемы няма, і змагацца трэба з асобна ўзятымі людзьмі. Толькі неяк зашмат гэтых людзей, і трансьлююць яны збольшага адны і тыя ж ідэі. І калі сутыкаесься зь нечым першы раз, то зьдзіўляесься, другі раз кажаш, што гэта супадзеньне, а на трэці звычайна заўважаеш тэндэнцыю. У сучаснай Беларусі вельмі рэдка можна пражыць дзень і не сутыкнуцца з сэксізмам прынамсі тры разы.

Асноўная праблема гэтай сытуацыі — у нежаданьні слухаць кліентак.

І штука ж ня столькі ў гэтых постэрах. Яны некарэктныя, бо аб’ектывізуюць жанчын, але асноўная праблема гэтай сытуацыі ў іншым — яна ў нежаданьні слухаць кліентак. Праблема ў тым, што асобна ўзятая дырэктарка вырашыла, што раз яна не жадала нікога пакрыўдзіць, то ніхто і ня меў права пакрыўдзіцца. А раз пакрыўдзіліся, то самі дурныя і ўвогуле няправільна актывізмам займаюцца. Няправільнай дзейнасьці «Цэнтра па прасоўваньні правоў жанчын — Яе правы» Святлана Сіпарава фактычна прысьвяціла цэлы абзац адказу на зварот.

Але так здараецца — жадаючы выключна дабра, мы часам наносім камусьці фізычную шкоду ці псыхалягічны дыскамфорт. І самае лягічнае, што можна зрабіць у такой сытуацыі — гэта выбачыцца. Бо калі Mark Formelle, як сьцьвярджае дырэктарка, сапраўды лічыць абарону правоў жанчын важнай справай, то асабістая агрэсія ў адказ на канструктыўную крытыку выглядае досыць дзіўна.

Аказваецца, гатаваньне з мужам на кухні ня можа быць зьвязана з сэксуальным падтэкстам.

Самае цікавае, што рэкляма і праўда не парушае заканадаўства, — кіраўніцтва кампаніі магло спакойна пра гэта напісаць, дадаўшы выбачэньні за тое, што іх прадукцыя можа ўспрымацца як абразьлівая ці дыскрымінацыйная. Але арганізацыя вырашыла перайсьці на асобы, прадэманстраваўшы пры гэтым ня толькі недарэчную эмацыйнасьць, але і спэцыфічнае разуменьне таго, як складаюцца і працуюць візуальныя вобразы. Аказваецца, гатаваньне з мужам на кухні ня можа быць зьвязана з сэксуальным падтэкстам. Скажу каротка: порнарэжысэры не пагадзіліся б.

Мяркую, Mark Formelle сапраўды ня мае нейкай устойлівай гендэрнай ідэалёгіі. Учора яны выпускалі майкі з фэміністычнымі прынтамі, а сёньня «па старой звычцы» займаюцца сэксуальнай аб’ектывацыяй жанчын. І ў гэтым шмат чаго ня так.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG