Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліскавіцы фэмінізму: выйшла першая ў Беларусі анталёгія жаночай паэзіі


Аксана Данільчык

У анталёгіі пад назвай «Бліскавіцы» прадстаўленая 61 паэтка. Ці натхняў іх абвешчаны ў 20-я гады як партыйная дактрына «марксісцкі фэмінізм»? І чаму ў іхняй творчасьці амаль не адчуваўся «крылаты эрас», які прапагандавалі лектары жанаддзелаў? Госьцяй перадачы — адна з укладальнікаў анталёгіі Аксана Данільчык.

— Аксана, віншую з выхадам у сьвет вашай анталёгіі — першай такой у гісторыі беларускай літаратуры. Але патлумачце — навошта дзяліць паэзію на мужчынскую і жаночую? Ня дзелім жа мы паводле полу жывапіс ці іншыя віды мастацтва?

— Дзякуй за віншаванне. Для мяне і Віктара Жыбуля, зь якім мы разам працавалі над анталёгіяй, гэта сапраўды падзея, бо праца заняла амаль шэсьць гадоў. Ці правамоцны падзел паэзіі па гендэрным прынцыпе? На маю думку — так. Прынамсі, на дадзенай стадыі вывучэньня таго пэрыяду, які ахоплены ў анталёгіі. Такі падзел неабходны хоць бы для таго, каб жаночая паэзія стала абʼектам дасьледаваньня літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, сацыёлягаў і іншых прадстаўнікоў гуманітарных навук. Бо калі мужчынская паэзія больш-менш вывучаная і вывучаецца, то жаночая працягвае заставацца ў ценю. Сёньня, аднак, ужо ніхто не задае пытаньня, ці вартая аналізу жаночая паэзія сама па сабе. Здаецца, гэта ўжо высьветлены факт і адпраўная кропка для таго, каб зрабіць яшчэ адзін крок наперад — дасьледаваць створанае жанчынамі, вызначыць галоўныя тэндэнцыі іх паэзіі, яе трансфармацыі ў канкрэтныя гістарычныя пэрыяды. І — пазбавіцца ад стэрэатыпаў, зьвязаных з ужываньнем слова «жаночая». Акрамя таго, цэлы пласт беларускай літаратуры пакуль застаецца незапатрабаваным, і хацелася б спадзявацца, што гэтая ніша будзе ўрэшце запоўненая. Чаму мы абралі міжваенны пэрыяд? Бо жанчынаў, якія пісалі і друкаваліся ў пачатку ХХ стагодзьдзя, было вельмі мала. Прычым, калі аўтаркі ХІХ стагодзьдзя, здаралася, бралі сабе мужчынскія псэўданімы і пісалі ад імя мужчынаў, то ў 20-я яны, наадварот, імкнуліся падкрэсьліць сваю полавую прыналежнасьць. Колькасьць паэтак значна ўзрасла, такім чынам, жаночую паэзію немагчыма не вылучыць у асобную катэгорыю. Яна ўсё ж вымагае ўважлівага дасьледаваньня з розных пунктаў гледжаньня, у тым ліку і сацыльна-палітычнага.

— «Бліскавіцы» ахопліваюць амаль два дзесяцігодзьдзі — з 1918 па 1941 год. І атрымалася так, што дзьве самыя значныя паэткі — Натальля Арсеньнева і Ларыса Геніюш — прадстаўленыя ў ёй як аўтаркі першых кніг, фактычна як пачаткоўкі. Наўрад ці яны былі б задаволеныя такім прадстаўленьнем.

— Калі ўжо быць дакладнымі, то першы зборнік Геніюш «Ад родных ніў» выйшаў у Празе ў 1942 годзе, таму так — у той пэрыяд яна сапраўды была пачаткоўкай. Чаго ня скажаш пра зьмест яе тагачасных твораў. Скажам, «Беларуска» — верш у некаторым сэнсе праграмны, нездарма яго так любяць крытыкі: «Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую, / каня накармлю, напаю, — / і так абаронім, засеем, збудуем / Беларусь дарагую сваю». Арсеньнева ж друкуецца з пачатку 20-х і прыканцы міжваеннага пэрыяду гэта ўжо сталы, самадастаковы аўтар. Тады ж паэтка падрыхтавала да друку другую кнігу — «Жоўтую восень», пра Арсеньневу напісана нямала крытычных артыкулаў. Больш за дваццаць гадоў — гэта ўсё ж вялікі тэрмін для творцы.

— Ці ня самым заўзятым непрыхільнікам жаночай паэзіі быў вядомы расейскі паэт Юры Кузьняцоў (між іншым, перакладчык Максіма Багдановіча). Ён пісаў: «Што б мы ні гаварылі аб прыгожым поле, у паэзіі для яго існуюць толькі тры шляхі: руказдольства (рукоделие) (тып Ахматавай), істэрыя (тып Цьвятаевай) і насьледаваньне (агульны безасабовы тып). А ці даводзілася вам сустракацца з падобнымі ацэнкамі ў беларускай літаратурнай прасторы?

— Кузьняцоў не адзіны і ня першы. Як яшчэ адзін прыклад таго «энтузіязму», зь якім многія мужчыны сустракалі жаночую паэзію, працытую Восіпа Мандэльштама, які пісаў у 1923 годзе: «Горшае ў літаратурнай Маскве — гэта жаночая паэзія. На долю жанчынаў у паэзіі выпала агромністая колькасьць пародый». Сярод «горшых» Мандэльштам называў і Марыну Цьвятаеву... Што да беларускай крытыкі, то тут рэзка адмоўнага стаўленьня да жаночай паэзіі няма, аднак пэўная паблажлівасьць сустракаецца — скажам, у артыкулах Сяргея Дубаўца ці Алеся Бельскага.

Што да беларускай крытыкі, то тут рэзка адмоўнага стаўленьня да жаночай паэзіі няма, аднак пэўная паблажлівасьць сустракаецца — скажам, у артыкулах Сяргея Дубаўца ці Алеся Бельскага

— У вашай анталёгіі (450 старонак) прадстаўленая 61 паэтка, і мне хочацца адзначыць, што вы зь Віктарам Жыбулем пры яе складаньні выканалі немалую дасьледчыцкую працу. Якія невядомыя імёны знойдзе чытач у «Бліскавіцах»?

— Многія імёны знаёмыя, прынамсі, для спэцыялістаў, але ў анталёгіі яны загучалі па-новаму. Іда Чырвань, Ядвіга Бяганская, Ганна Душэўская, Ніна Абрамчык (друкавалася пад псэўданімам Раса), Алена Цапрынская, Паўліна Мядзёлка, Марыя Голуб-Бучынская... Гэта адбылося дзякуючы найперш таму, што мы зьвярталіся непасрэдна да тагачаснай пэрыёдыкі, пазбягаючы ўсякага пасярэдніцтва. У анталёгіі нават добра вядомыя паэткі раскрыліся зь іншага боку. Скажам, Яўгенія Пфляўмбаўм у 20-я гады і яна ж у 80-я — гэта зусім іншыя паэткі.

— Зося Думка, Эстэр Зялёнка, Зіна Кагановіч, В. Прытулковая, Сястра Тэрэса... У вашай анталёгіі я налічыў больш за дзясятак фактычна невядомых паэтак — няма ні іхніх жыцьцяпісаў, ні датаў жыцьця. А вы ўпэўненыя, што ўсе яны — жанчыны? Падпісваўся ж Зьмітрок Бядуля псэўданімам Марыля...

— Мы дапускаем, што псэўданімы пры раскрыцьці могуць прынесьці сюрпрызы. Што ж, няхай наша анталёгія стымулюе дасьледчыкаў на новыя пошукі.

— У 20-я гады (калі стваралася асноўная частка вашай анталёгіі) крытыкі пісалі пра «марксісцкі фэмінізм» і «крылаты эрас» у літаратуры. Як гэта ўсё адбілася ў тагачаснай беларускай жаночай паэзіі?

— Насамрэч выраз «крылаты эрас» належаў адной з кіраўніцаў Жанаддзелу пры ЦК РКП (б) Аляксандры Калантай. Яе праграмны артыкул «Дарогу крылатаму эрасу!» быў надрукаваны ў 1923 годзе ў часопісе «Молодая гвардия» і выклікаў вялікі рэзананс па ўсім СССР. Калантай пісала, што разам зь перамогай камуністычных прынцыпаў і ідэалаў у галіне палітыкі і эканомікі непазьбежна павінна адбыцца і рэвалюцыя ў сьветаўспрыманьні, у пачуцьцях працоўнага чалавека. І прыходзіла да высновы, што ў «гэты пэрыяд перад маральным ідэалам, што вызначае кантактаваньне палоў, зьяўляецца не аголены інстынкт полу, а шматгранныя любоўна-таварыскія перажываньні мужчыны і жанчыны». Гэтыя перажыванні, каб адпавядаць патрабаваньням новай пралетарскай маралі, павінны былі абапірацца на тры асноўныя палажэньні: роўнасьць ва ўзаемных стасунках, узаемнае прызнаньне правоў другога, таварыскую чуласьць і ўменьне прыслухацца і зразумець душу блізкага і любімага чалавека. Што ж тычыцца ўвасабленьня эратычных матываў у тагачаснай жаночай паэзіі, то гучалі яны вельмі слаба. Напрыклад, у тае ж Пфляўмбаўм: «На гарачых ад солі вуснах / я адчула цалунак мора / і чакала... чакала пакорна / яшчэ новых, такіх спакусных».

У мужчынаў, безумоўна, «крылаты эрас» выявіўся мацней, у жанчынаў усё яшчэ было наперадзе.

У мужчынаў, безумоўна, «крылаты эрас» выявіўся мацней, у жанчынаў усё яшчэ было наперадзе

— Многія з аўтарак Вашай анталёгіі ўжо напачатку 30-х гадоў пазамаўкалі як паэткі. Тут можна назваць Зінаіду Бандарыну, Натальлю Вішнеўскую, Яўгенію Пфляўмбаўм, Налю Маркаву... Што сталася прычынай іх адыходу ад паэзіі?

— Прычыны ў кожнай паэткі былі свае, але агульная для ўсіх — зьмяненьне сытуацыі як у беларускай літаратуры, так і ў вырашэньні жаночага пытаньня. Гэтае маўчаньне было вымушаным і часта ратавала жыцьцё, хоць ня ўсе змаглі ўратавацца. Загінула ў засьценках НКВД Валянціна Казлоўская (Лясная Кветка), якую цаніў Янка Купала. Адбылі тэрміны ў лягерах і на высылцы Ядвіга Бяганская, Натальля Арсеньнева, пасьля вайны — Геніюш. Многія паэткі разьехаліся зь Беларусі хто куды, часьцей у Маскву і Ленінград. Яўгенія Пфляўмбаўм перастала друкавацца адразу, як толькі выйшла замуж за пісьменьніка Максіма Лужаніна. Але многія працягвалі пісаць «у шуфляду» і пазьней зноў сталі друкавацца.

— У «Бліскавіцах» вы далі вершы пра Сталіна, напісаныя нейкай Сашай Янковай з Буда-Кашалёўскага раёну. Наўрад ці варта іх цытаваць... А ці былі прыклады, калі беларускія паэткі пісалі антысталінскія (антысавецкія) вершы? Ну, скажам, як муж Натальлі Вішнеўскай Алесь Дудар.

— Зусім не даваць падобных тэкстаў было б скрыўленьнем гістарычнай праўды і рэтушаваньнем той сытуацыі, якая ўтварылася ў Савецкай Беларусі ў другой палове 30-х. Хто такая Саша Янкова? Прадстаўніца масавай паэзіі. З другога боку, была Эдзі Агняцвет са зборнікам «Маё пакаленьне» (1935), дзе, напрыклад, ёсьць і такія радкі: «Нясем высока партыі штандар, / бо па цэнтральнай нашай магістралі / ідзе краіны лепшы гаспадар / і лепшы ленінец — таварыш Сталін». Увогуле, у савецкай Беларусі 30-х гадоў большасьць друкаваных вершаў была прысьвечаная «партыйным» тэмам. Антысавецкіх твораў у аўтарак анталёгіі мы зь Віктарам ня выявілі. Але гэта ня значыць, што іх зусім не было.

Прэзэнтацыя анталёгіі жаночай паэзіі «Бліскавіцы» адбудзецца 9 сакавіка ў сталічным Музэі Максіма Багдановіча. Пачатак а 18:00. Уваход вольны.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG