Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч: «Я мыю дома посуд, і з тэстастэронам у мяне ўсё цудоўна»


Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева

«Я дома гатую заўжды, посуд мыю і жонцы не дазваляю, — аўтар 12 кніг, у тым ліку рамана пра жаночую банду „Белая муха — забойца мужчын“, Альгерд Бахарэвіч у дзень барацьбы жанчын за свае правы размаўляе з Радыё Свабода пра каханьне да жонкі, страх фэмінізму і інстынкт паляўнічага.

Пра хатнія абавязкі Альгерд загаварыў сам і ня проста так. „Гэты момант у „Белай мусе“ добра абыграўся. Там адзін з пэрсанажаў кажа, што калі мужчына мые посуд, у яго тэстастэрон зьніжаецца“, — тлумачыць ён. — Дык я на сваім асабістым прыкладзе пераканаўся — тэстастэрон не зьніжаецца. Наадварот, усё яшчэ лепш».

Самы працаздольны з сучасных беларускіх пісьменьнікаў, якому ані разу не дасталася першая прэмія Гедройця, называе 8-га сакавіка сьвятам палітычным.

«Мая жонка лічыць, што гэтае сьвята неабходнае. Для яе гэта дзень барацьбы жанчын за свае правы, — кажа Бахарэвіч. — А я лічу, што ня трэба выходны. Проста ў гэты дзень гаварыць больш пра жаночыя праблемы і ўспамінаць гісторыю».

Паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева, жонка Альгерда, не прысутнічае пры размове, але прысутнічае ці ня ў кожным ягоным слове.

Альгерд Бахарэвіч: Мне не патрэбная жанчына, якая будзе мяне абслугоўваць. Я ня дзеля гэтага жаніўся.

Аляксандра Дынько: А дзеля чаго?

Каханьне да мяне прыйшло булгакаўскае — як фінскі нож пад рабро. Абсалютна нечакана, невядома адкуль узялося.

— Дзеля каханьня. Каханьне да мяне прыйшло булгакаўскае — як фінскі нож пад рабро. Абсалютна нечакана, невядома адкуль узялося. Жонка мая часьцей за мяне займаецца прыбіраньнем кватэры або праньнем. Чамусьці я гэта раблю ў сто разоў горш за яе. А вось гатаваць люблю, мяне гэта натхняе.

— А творчасьць як вы разьмяркоўваеце? Ці ёсьць у Юлі «свой пакой»?

— Творчасьць мы абмяркоўваем, але разьмяркоўваем. Жывем у двухпакаёвай кватэры, нам абавязкова было трэба два пакоі, каб працаваць у розных. У Юлі ёсьць свой пакой, свой стол. А я ў спальні пішу, лежачы на ложку.

— Кветкі дорыш?

— Кветкі я дару ня так часта, як хацеў бы. Ведаю, што часам раблю гэта насуперак яе жаданьням, але раблю. Таму што хачу захаваць у сабе гэтыя прыгожыя патрыярхальныя звычкі. Яны насамрэч бяскрыўдныя. Значна страшней, калі патрыярхальнай звычкай робіцца гвалт або прыніжэньне. Людзі таксама могуць апраўдацца тым, што гэта традыцыя або звычка.

— Даводзіцца Юлю абараняць?

— Стараюся рабіць гэта ўвесь час. Яна чалавек вельмі актыўны і незалежны. З тых жанчын, якія маўчаць ня будуць. Калі яна выказваецца, то, ты ж ведаеш, часам могуць наляцець нейкія непрытомныя, «нацыкі», ці правыя, ці проста ідыёты. Мы зь Юляй шмат брыды пра нас прачыталі за апошнія некалькі гадоў. Шмат брыды і хлусьні. Не, я не маўчу. Як толькі я бачу, што яе хтосьці крыўдзіць, адразу лячу на дапамогу. Бывалі такія выпадкі, калі мне даводзілася вымушаць мужчын выбачацца перад ёй.

— Фізычна вымушаць?

— Я заўжды да такога гатовы. Але звычайна людзі выбачаюцца.

— Ад чаго сучаснай жанчыне насамрэч трэба абарона?

— У людзей ёсьць непрытомнасьць і неталерантнасьць. Існуе прыгожанькі стэрэатып пра беларускую талерантнасьць, які не адпавядае сапраўднасьці. Варта пачытаць фэйсбук, камэнтары на некаторых сайтах — там усё страшэнна агрэсіўна, няма прызнаньня права чалавека на ўласнае выказваньне, на думку, там прыніжэньне чалавечай годнасьці — правіла. Ад гэтага трэба абараняць. Ад агрэсіўнай неталерантнасьці. Абараняць права жанчыны мець свае погляды.

«Белая муха» — гэта мая спроба сказаць тое, што павінны былі б сказаць жанчыны... Мастацкімі сродкамі.

«Белая муха» — гэта мая спроба сказаць тое, што павінны былі б сказаць жанчыны... Мастацкімі сродкамі. Я чуў папрокі на свой адрас, што я нібыта «ўлез не ў сваё», спрабую гаварыць «ад іх імя», «што я магу ведаць»... Я, можа, і не магу, але я адчуваю патрэбу абараняць і быць голасам тых, хто ня можа або баіцца гаварыць.

«Белая муха» ўсярэдзіне вельмі тонкая, паэтычная, складаная. Гэта абсалютна ніякі ня гімн фэмінізму і не маніфэст. Але, каб абараніць гэты тэкст, звонку ў яго тырчаць шыпы. У выглядзе ідэяў — страшных, непрымальных, чужых для беларускага грамадзтва. Шмат хто, прачытаўшы гэтую кнігу павярхоўна, падумаў, што я чыста ідэямі апэрую, зводжу ўсё да нейкіх дэклярацыяў.

Але гэта проста шыпы. Яны тырчаць, яны колюць, яны раняць. Той, хто пройдзе праз гэты боль, дабярэцца да сярэдзіны. Сярэдзіна ў мяне мяккая і вельмі тонкая. Зь мяне часам кпяць, што ў мяне жаночае пісьмо. Карункавае, вышытае...

— А сама беларуская жаночая творчасьць здольная абараняць сябе?

— У гэтай справе я назіраю вялікі прагрэс. Усё больш зьяўляецца цікавых маладых паэтак, але я ня бачу цэласнай беларускай жаночай літаратуры. Зрэшты, для мастацтва гэта нармальна — усе аўтаномныя, усе на сваіх выспачках... Жанчынам цяжэй аб’яднацца.

— І ў выніку атрымалася, што аўтарам самага «фэміністычнага» беларускага твору стаўся мужчына?

Я ў захапленьні ад беларускіх жанчын — колькі яны ўсяго арганізуюць. Калі паглядзець, то фактычна ўсе цікавыя праекты, культурныя ініцыятывы апошніх гадоў заснаваныя жанчынамі і існуюць дзякуючы іхнай упартасьці і моцы.

— Жанчыны ня любяць пісаць прозу. Мы зь Юляй неяк разважалі, у чым прычына. Відаць, усё банальна. Проза патрабуе шмат часу, шмат працы, а жанчыны занятыя іншым. Апрача творчасьці, у іх дом, сям’я, гаспадарка. Вольнага часу ў іх амаль няма. Яны працуюць. Затое жанчыны ў нас — найлепшыя арганізатаркі. Я ў захапленьні ад беларускіх жанчын — колькі яны ўсяго арганізуюць. Калі паглядзець, то фактычна ўсе цікавыя праекты, культурныя ініцыятывы апошніх гадоў заснаваныя жанчынамі і існуюць дзякуючы іхнай упартасьці і моцы. І на фоне гэтага мужчыны працягваюць займацца тым, што крычаць старыя лёзунгі або скардзяцца на цяжкое жыцьцё.

— Ці памянялася на тваіх вачах беларуская жанчына? Жанчыны, якіх ты бачыў у дзяцінстве, былі іншымі?

— Так, памянялася. Сучасныя жанчыны больш незалежныя, з большым імкненьнем да самарэалізацыі, лепш адчуваюць і ведаюць, што ім трэба ў жыцьці. Яны ўмеюць патрабаваць, настойлівыя. Цяпер мы жывем у эпоху, калі патрыярхат у грамадзтве паціху сыходзіць. Магчыма, павольна, але гэта адчуваюць усе. Толькі што я купляў цыгарэты ў кіёску. І там часопіс Men’s Health з загаловачкам «Як паладзіць з фэміністкай». У 90-я гэта было б немагчыма. Да таго, што жанчына можа быць незалежнай, раўнапраўнай, стаўленьне было іранічнае, усьмешлівае. Цяпер нават самыя зацятыя прыхільнікі патрыярхату разумеюць, што далей так жыць нельга. Што з жаночай роўнасьцю і незалежнасьцю даводзіцца мірыцца. Гэта ўсім даводзіцца ўлічваць — імкненьне жанчын да самастойнасьці.

Цяпер нават самыя зацятыя прыхільнікі патрыярхату разумеюць, што далей так жыць нельга. Што з жаночай роўнасьцю і незалежнасьцю даводзіцца мірыцца.

Што засмучае: тое, што сыходзіць наўмысная рамантычнасьць у стасунках, у стаўленьні да жанчын. Цяпер гэта лічыцца ўсё больш старамодным, непатрэбным. Я, вядома, супраць патрыярхату. Але фэміністам сябе назваць не магу. Дарэчы, для мужчын, якія падзяляюць базавыя асновы фэмінізму, існуе іншы тэрмін — прафэмініст. Але бяскрыўдныя перажыткі патрыярхату, патрыярхальная рамантыка — гэтага мне трохі шкада.

— Патрыярхальная рамантыка падаецца табе такой прывабнай? А новая рамантыка — яна якая?

— У патрыярхаце ёсьць свая прыгажосьць — прыгажосьць завялай кветкі. Нічога страшнага ня бачу ў тым, каб дарыць жанчынам кветкі. Незалежныя жанчыны, фэміністкі ня надта прыхільна да гэтага ставяцца. Цяпер ты мусіш пацікавіцца, ці сапраўды жанчыне гэта прыемна, ці яна наогул любіць кветкі? Ёсьць шмат рэчаў, калі ты праяўляеш празьмерную клапатлівасьць, робіш патрыярхальныя жэсты — дэманструеш, што ты абаронца, абдымаеш, спрабуючы захінуць ад гэтага жорсткага сьвету. А ёй гэта ня трэба. Яна і сама гэтаму жорсткаму сьвету дасьць рады. Мо і лепш за цябе...

Цяпер усё часьцей жанчыны адмаўляюцца браць мужава прозьвішча. Але я нічога страшнага ў тым, каб узяць прозьвішча мужа, ня бачу. Для мяне гэта проста эстэтыка патрыярхату, проста прыгожа. Але я абсалютна супраць гвалту, прыніжэньня, уціску. Супраць таго, каб жанчына існавала ў сваім жаночым сьвеце і ня сунула нос у наш мужчынскі, «сапраўдны».

— Патрыярхат заўжды азначае гвалт?

— Ён нясе ў сабе зерне гвалту. Калі ты лічыш, што ты вышэйшы за кагосьці толькі таму, што ты зь іншымі геніталіямі, значыць, ты прызнаеш, што можаш уплываць на чалавека, ціснуць на яго, мяняць яго, караць ці мілаваць, зьнішчыць — і гэта тваё неад’емнае права.

Але тут такая справа. Я, напрыклад, нарадзіўся ў 1975 годзе, у мінулым стагодзьдзі. Я зачытваўся Дзюма, Конан Дойлам, такой вось рамантычнай літаратурай, я выхаваны на гэтым «кодэксе джэнтэльмэна», «кодэксе рыцара» ў дачыненьні да жанчыны. Цяпер я ўсё больш пачынаю адчуваць, наколькі гэта старамодна, сьмешна. І нават маладыя мужчыны, якія глядзяць на мае паводзіны, употай пасьмейваюцца, бо цяпер гэта нямодна. «Лыцар...» Але я не баюся быць нямодным і сьмешным.

— А што цяпер модна?

Людзі цяпер зьвяртаюць больш увагі на практычныя рэчы. Забываючы пра пачуцьці.

— Модна партнэрства. Модна падарожнічаць разам. Траціць грошы на тое, каб езьдзіць у Вільню і далей па ўсім сьвеце. Адмаўляцца ад вонкавых знакаў увагі з тым, каб практычна рэалізаваць свае пачуцьці. Назапашваць грошы, напрыклад. Людзі цяпер зьвяртаюць больш увагі на практычныя рэчы. Забываючы пра пачуцьці.

— Але мы па-ранейшаму прад’яўляем патрабаваньні адзін да аднаго? Што павінен рабіць мужчына, якой павінна быць жанчына. Вось грамадзтва чаго чакае ад жанчыны?

— Што яна будзе маці. Гэта застаецца, і нічога благога я ў гэтым ня бачу. Але існуе пэўная крывадушнасьць у стаўленьні дзяржавы да жанчын. Яна дэкляруе, што ёй патрэбныя маці, дзеці, яйцаклеткі жанчыны належаць дзяржаве. Але дзяржава нічога ня робіць для таго, каб падтрымаць жанчын. Мяне жудасным чынам заварожвае чарада самагубстваў жанчын, якія ў нас выкідваюцца з вокнаў разам зь дзецьмі. З аднаго боку, дзяржава дэкляруе, што жанчына вольная, у яе ёсьць усе магчымасьці. З другога боку, калі паглядзець на беларускія шпіталі, гінэкалёгію, акушэрства, усе гэта выглядае жахліва ў параўнаньні з Захадам. Жанчына ў вачах дзяржавы і грамадзтва — гэта хвароба.

— У сеціве ёсьць славуты «закон Годвіна», паводле якога дыскусія, калі яна разгортваецца дастаткова доўга, заўжды прыводзіць да згадкі пра Гітлера. Калі я чытаю беларускія дыскусіі ў фэйсбуку, то заўважаю, што там з такой жа верагоднасьцю зьявяцца фэміністкі. Чаму фэміністкі сталі для беларусаў ці ня самай ненавіснай групай?

— Думаю, гэта зьвязана з агульным наступам правых сілаў ня толькі ў нас, але і ў Эўропе. Правая ідэя — гэта патрыярхат, кансэрватызм, здаровыя каштоўнасьці, традыцыйная сям’я. Фэміністкі як левы, лібэральны рух трапляюць у ворагі аўтаматычна.

Па-другое, наша патрыярхальнае грамадзтва адчувае, што фэмінісцкі рух і рух за правы жанчын набірае сілу, яго ўжо нельга ігнараваць, жанчыны падымаюць галаву, выказваюцца і не баяцца. Гэта страшэнна ўсіх раздражняе — «баба забыла сваё месца», бо ня ўпісваецца ў карціну сьвету гэтых людзей, прыхільных да традыцыяў. Гэта страх, страх пераменаў.

Гляджу нават па сваіх знаёмых, калегах, пісьменьніках, інтэлектуалах, мастаках. Я бачу страх, што калі прыбраць патрыярхат, то што тады застанецца? Яны апынуцца ў пустэчы. На гэтым патрыярхаце гістарычна, як на калёнах, стаіць вялікі, стагодзьдзямі выбудаваны гмах — і філязофіі, і мастацтва, і літаратуры. Цэлы будынак каштоўнасьцяў, палац культуры. А фэмінісцкі рух хоча гэтыя калёны зрынуць.

Яны баяцца, што ўсё разваліцца. Баяцца будучыні, баяцца застацца сам-насам з сабой. Што яны будуць рабіць, калі гэта ўсё прыбраць? Уся іх дзейнасьць страціць сэнс.

Мяне асабіста палохае ўзмацненьне правых, узмацненьне нацыяналізму. Нацыяналізм таксама грунтуецца на патрыярхаце, зьвяртаецца да каранёў, кажа, што «вёска — гэта зямля родная, вось там трэба вучыцца, там сапраўдныя каштоўнасьці». Фэмінізм гэта ўсё абвяргае. Фэмінізм — гарадзкая культура.

— Што можа вырваць нашу літаратуру і культуру з гэтага татальнага патрыярхату?

Галоўнае — не маўчаць. Калі мы будзем гаварыць пра тое, што нам баліць, нешта будзе пакрысе зьмяняцца.

— Галоўнае — не маўчаць. Калі мы будзем гаварыць пра тое, што нам баліць, нешта будзе пакрысе зьмяняцца. Я ў гэта веру, і я гэта і раблю. Я не стамляюся паўтараць, што калі ў літаратуры ёсьць нейкія задачы, то гэта — казаць тое, што іншыя баяцца ці ня могуць. Правы жанчын, іх становішча ў нашым грамадзтве — гэта адна з такіх балючых тэмаў. Людзі пра гэта гаварыць баяцца. Баяцца, што на іх будуць навешваць ярлыкі, будуць запісваць у адыёзныя фэміністкі.

А літаратару быць палахлівым — апошняя справа. Тупік.

— Бадай, прызнаюся, што чым далей, тым менш я разумею мужчын. Стасункі паміж поламі — гэта заўжды тэрыторыя канфлікту і вайны?

— Калі жанчына згодная са сваім падпарадкаваньнем, то ніякай вайны ня будзе. Жанчына вольная сама выбіраць, як ёй жыць і што рабіць са сваім целам. Будзе і далей мір, які заснаваны на ціску. Але мы размаўляем пра ідэі, а ёсьць яшчэ і стасункі. І стасункі ідэям не паддаюцца. Яны бясконца складаныя. Мастацтва суіснаваць разам — гэта мастацтва кампрамісаў і саступак. Наколькі ты далёка гатовы зайсьці, наколькі ты гатовы паважаць капрызы іншага.

Мужчыны цяпер насамрэч разгубленыя. Раней быў няпісаны кодэкс правілаў, ты зь дзяцінства яго ведаў, прытрымліваўся і мог спакойна дажыць так да старасьці. Цяпер чорт разьбярэ, як паводзіцца ў той ці іншай сытуацыі. Калі ты сапраўды ня хочаш нікога крыўдзіць і паводзіцца як чалавек, з годнасьцю. Напэўна, мы маем патрэбу ў нейкім іншым кодэксе. Узяць усё найлепшае з патрыярхату, зь мінулага, прыстасаваць гэта да новых умоваў. Але я абсалютна ня ведаю як.

Я веру ў нейкія мужчынскія інстынкты. Думаю, што радыкальныя фэміністкі адмаўляюць гэта, але я ўсё роўна веру. Адчуваю гэта на сабе, што ў мужчыны ёсьць інстынкт паляўнічага, інстынкт дамінаваньня, інстынкт прынесьці штосьці ў зубах сваёй жанчыне. І гэтыя інстынкты трэба задавольваць. Інакш мужчына робіцца слабы. Але не дазваляць большага. Не дазваляць гвалту над сабой і бязьмежнай улады.

Уэльбэк у сваім рамане «Элемэнтарныя часьцінкі» напісаў, што жанчыны лепшыя за мужчын. Зь імі, па-першае, цікавей, яны не такія агрэсіўныя і больш прытомныя. Я абсалютна згодны з гэтым. Мне з жанчынамі больш цікава размаўляць, чым з мужчынамі. З мужчынамі ты заўжды мусіш адпавядаць нейкаму вобразу, прытрымлівацца пэўнага кодэксу паводзінаў, крывадушных правілаў. З жанчынамі значна лягчэй. Калі на жанчыну ня ціснуць, ставіцца да яе як да чалавека, роўнага табе, калі прызнаць гэта, то жанчыны самі раскрываюцца. Ты бачыш такія глыбіні, такі розум. Галоўнае — размаўляць на роўных і не лічыць, што перад табой «істота з Вэнэры». Гэта істота такая самая, як і ты, жыве ў гэтым самым сьвеце, дыхае, пабудаваная прыкладна гэтаксама. Варта прызнаць гэты відавочны факт, і адразу ўсё робіцца прасьцей, і ты робісься шчасьлівы.

Часам мне складана будаваць стасункі з такой сучаснай жанчынай, як мая жонка. Яна вельмі таленавітая, разумная, незалежная. Мой ідэал жанчыны. Мне складана, бо раз-пораз патрыярхат вылазіць, ты адчуваеш інстынкты, якія ты ня можаш задаволіць, табе трэба або глушыць іх у сабе, або падпарадкоўвацца ім. Але калі ты любіш чалавека, ты ўсё адно будзеш ісьці на саступкі і кампрамісы. Жонку я кахаю. Яна ня проста прыгожая жанчына, якая жыве са мной і мае ў пашпарце адпаведны штамп — яна разумны і верны сябар, падтрымка якога мне важная, інтэлектуальны партнэр, які натхняе мяне на думкі і творчасьць. Чалавек, зь якім мне добра — нягледзячы ні на што.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG