Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі судзіць яшчэ аднаго вайскоўца зь Печаў, падпалкоўніка. Стала вядома, за што судзяць прапаршчыка


Вайсковая частка ў Печах, архіўнае фота

У судзе Барысаўскага раёну разглядаецца справа начальніка фізычнай падрыхтоўкі і спорту цэнтру падрыхтоўкі ў Печах, піша БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Вярхоўнага суду.

Падпалкоўнік Дзьмітры Кісялар абвінавачаны ў атрыманьні хабару, яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці паводле ч.1 і ч.2 арт. 430 КК. Ён, як высьветлілі сьледчыя, патрабаваў ад іншых набываць яму харчы і сьпіртное за тое, каб утойваў стан фізычнай падрыхтоўкі вайскоўцаў і ставіў добрыя адзнакі.

Справа не зьвязаная наўпрост з расьсьледаваньнем сьмерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча.

Электрашокер, зьбіцьцё, «фізычныя практыкаваньні»

Раней стала вядома пра яшчэ адзін суд вайскоўца ў Печах, не зьвязаны наўпрост са справай Коржыча: прапаршчыка з навучальнага цэнтру абвінавачваюць ў атрыманьні хабару і ўжываньні гвалту паводле ч.1 і ч.2 арт. 430, ч.1 і ч.2 арт. 455 КК, а таксама за абразы падначаленых паводле арт. 444.

Як піша Tut.by, абвінавачаны — 25-гадовы Ігар Хішчанка з 59-й школы, дзе рыхтуюць спэцыялістаў у эксплюатацыі і рамонце аўтатэхнікі. Ён звольнены з войска, узяты пад варту. Пацярпелымі прызнаныя 18 чалавек, якія праходзілі службу ў Печах у 2016 годзе, былі падначаленымі Хішчанкі.

Яшчэ 6 фактаў гвалту і загадкавых сьмерцяў у беларускім войску

У справе 15 тамоў, апісана паўсотні эпізодаў. Як высьветлілася на судовым пасяджэньні, прапаршчык біў салдат абматаным скотчам скруткам з газэтаў, драўлянымі ўказкамі, папругай, рукамі, у тым ліку ў машонку. У якасьці пакараньня ўжываў «фізычныя практыкаваньні», напрыклад пераскокваньне з калена на калена ці прысяданьне і падскок, пры гэтым салдатаў прымушаў надзець адгазьнікі ці бронекамізэлькі. Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што абвінавачаны ўжываў на іх электрашокер.

Таксама пацярпелыя кажуць, Хішчанка рабіў гэта часта і для забавы, а ў чым была віна «пакараных», ня ўпэўненыя. Пацярпелыя не казалі пра здарэньні начальству. Ці прызнае Хішчанка віну, пакуль невядома. Паводле шэрагу артыкулаў яму пагражае ад 3 да 10 гадоў турмы.

Як разьвіваліся падзеі ў Печах

Тым часам у расьсьледаваньні сьмерці салдата Коржыча, пасьля пачатку якога выкрыліся іншыя факты гвалту ў Печах, дапыталі каля 400 чалавек, завялі крымінальныя справы на восем вайскоўцаў, звольнілі чатырох службовых асобаў, прызначылі новага начальніка цэнтру падрыхтоўкі вайскоўцаў. Справа Коржыча расьсьледуецца дагэтуль, але маці памерлага лічыць, што справу «спускаюць на тармазах».

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.​

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвалу, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG