Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны пра справу Коржыча, «батанікаў» у войску і расейскія базы ў Беларусі


Андрэй Раўкоў

Міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў даў прэсавую канфэрэнцыю, прымеркаваную да 100-годзьдзя беларускага войска. Адказваючы на пытаньні журналістаў, найбольш увагі ён прысьвяціў справе шарагоўца Аляксандра Коржыча, які летась загінуў у 72 вучэбным цэнтры ў Барысаве.

Пра справу Коржыча: правісеў у пятлі 7 дзён

Паводле міністра Раўкова, усяго ў сувязі з гібельлю салдата Коржыча заведзена 5 крымінальных спраў супраць вайскоўцаў 72 вучэбнага цэнтру. Але яшчэ заведзена 48 крымінальных спраў па матэрыялах амаль 300 праверак, якія пасьля гэтай трагедыі прайшлі амаль ва ўсіх вайсковых частках.

«Спускаюць справу на тармазах». Сьвятлана Коржыч упершыню расказала пра расьсьледаваньне сьмерці сына

Для сябе з гэтай гісторыі Андрэй Раўкоў зрабіў некалькі высноваў.

Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

Яго асабліва ўразіла ня тое, што салдата знайшлі ў пятлі («самому двойчы падчас вайсковай службы давялося вымаць хлопцаў зь пятлі»), а тое, што шарагоўца згубілі на 7 дзён.

«Такога ніколі не бывала раней. Мог салдат згубіцца на дзень, пайсьці ў самаволку, але каб на тыдзень?!» — сказаў Раўкоў.

З гэтага міністар зрабіў выснову, што трэба больш сурова караць камандзіраў за парушэньні дысцыпліны і за хібы ў працы з асабовым складам.

Пра якасьць прызыўнікаў: «„Батанікаў“ становіцца ўсё болей»

Міністар паскардзіўся, што прызыўнікі цяпер сталі «па якасьці горшыя», у тым ліку расьце колькасьць тых, хто быў на ўліку ў міліцыі (на 2,4%), ужываў наркотыкі (на 2%), прыцягваўся да суду за хуліганства (на 5%).

Больш становіцца і тых, каго з войска звальняюць па псыхічных паказчыках (на 3,5%).

«„Батанікаў“ становіцца ўсё болей», — паскардзіўся міністар абароны на якасьць прызыўнікоў.

Пасьля гэтых камэнтароў ён зноў згадаў справу Аляксандра Коржыча, але раптам спыніўся: «Ня буду цытаваць справу, пакуль ідзе сьледзтва». На што намякаў міністар, засталося незразумела.

Ці забароняць прызываць адзінага сына: гэта было асабістае меркаваньне Лукашэнкі

Прапанову не забіраць у войска адзінага сына ў сям’і агучыў летась Аляксандар Лукашэнка. Міністар абароны заўважыў журналістам, што гэта быў не загад галоўнакамандуючага, а толькі асабістае меркаваньне Аляксандра Лукашэнкі.

«А як гэта ўспрымуць тыя, у каго два сыны? Не, гэта мы не разглядаем як магчымыя захады», — сказаў Андрэй Раўкоў і зноў нагадаў, што цяпер Беларусь апынулася ў «дэмаграфічнай яме».

Што будзе з аб’ектамі расейскіх войскаў у Ганцавічах і Вілейцы

У 2019 годзе заканчваецца тэрмін дзеяньня дамоваў, паводле якіх Расея арандуе ў Беларусі радыёлякацыйныя станцыі ў Ганцавічах і Вілейцы. Ці будуць дамовы працягнутыя?

Міністар абароны Раўкоў сказаў, што беларускі бок накіраваў адпаведны запыт у Расею і чакае адказу: «Ідуць кансультацыі».

Раўкоў лічыць, што такія аб’екты для Беларусі вельмі карысныя, бо расейцы забясьпечваюць сотні працоўных месцаў для беларусаў.

Пры гэтым Раўкоў адмовіўся назваць колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія служаць на тэрыторыі Беларусі.

Калі ў беларускім войску зьявяцца расейскія самалёты СУ-30СМ

Раўкоў паведаміў, што беларуская вайсковая авіяцыя пакуль абнаўляецца «лёгкім штурмавіком» Як-130, а вось пастаўкі зьнішчальніка СУ-30СМ, абяцанага Расеяй, зацягваюцца, хоць адпаведная дамова дасягнутая.

«Пакуль Расея ня здольная паставіць нам гэтыя самалёты», — сказаў Андрэй Раўкоў і патлумачыў затрымку праблемамі з вырабам гэтай тэхнікі, якія ўзьніклі пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый.

Паводле беларускага міністра абароны, пастаўкі расейскіх СУ-30СМ у Беларусь пачнуцца пасьля таго, як усе камплектуючыя гэтага самалёта стануць расейскай вытворчасьці. Гэта адбудзецца ў 2019 годзе, перакананы міністар.

Увогуле, паводле Раўкова, цягам некалькіх гадоў плянуецца пераўзброіць беларускае войска настолькі, каб у ім 50% зброі адпавядалі найлепшым сучасным узорам. Пакуль — толькі 40% адпавядаюць гэтым патрабаваньням.

Ці патрэбна, каб генэралы загаварылі па-беларуску?

Гэтым пытаньнем генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў парыраваў пытаньне журналіста пра тое, якое месца ў патрыятычным выхаваньні вайскоўцаў займае беларуская мова.

«Я ў гэтым праблемы ня бачу», — сказаў Раўкоў і пералічыў, дзе ўжываюць беларускую мову. У роце ганаровай варты ўсе каманды аддаюцца па-беларуску. Апрача таго, паводле яго, ніхто не перашкаджае прызыўнікам даваць прысягу па-беларуску. «З гэтым у нас свабода», — сказаў Андрэй Раўкоў, але не ўдакладніў, колькі беларускамоўных вайскоўцаў праходзяць службу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG