Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 фактаў гвалту і загадкавых сьмерцяў у беларускім войску


Якія гучныя скандалы адбываліся цягам апошніх гадоў у беларускім войску? Свабода сабрала 6 фактаў.

1. «Справа аб рыдлёўцы»

Напярэдадні Дня абаронцы Айчыны, які адзначаецца ў Беларусі 23 лютага, стала вядома пра надзвычайнае здарэньне, якое адбылося ў 103 асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе пад Віцебскам. У жніўні 2017 году прапаршчык П. на палігоне рыдлёўкай параніў шарагоўца, якому ў выніку давялося рабіць апэрацыю па выдаленьні селязёнкі. 31 студзеня прапаршчык быў асуджаны на 5 год зьняволеньня, але зьбіраецца абскардзіць прысуд, таму ягонага прозьвішча ў мэдыях не называюць. Здарэньне не камэнтуюць у Міністэрстве абароны, хаця ў судзе зьвесткі пра інцыдэнт пацьвердзілі.

Якія гучныя скандалы яшчэ адбываліся цягам апошніх гадоў у беларускім войску? Свабода сабрала зьвесткі пра 5 трагічных выпадкаў.

2. Справа Аляксандра Коржыча

3 кастрычніка 2017 году ў падвале шпіталя на тэрыторыі 72 вайсковага навучальнага цэнтру ў Печах пад Барысавам знайшлі ў пятлі шарагоўца Аляксандра Коржыча. Маці салдата паведамілі, што ён павесіўся. Але пасьля яе скаргаў, розгаласу ў незалежных мэдыях і ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі па факце гібелі шарагоўца завялі крымінальную справу, а камандзіра вайсковай часткі зьнялі з пасады.

Паводле сьледзтва, у межах крымінальнай справы Коржыча дапыталі каля 400 і затрымалі 15 чалавек, было ўзбуджана яшчэ 13 крымінальных спраў. Сьледчыя абвінавачваюць 9 чалавек, сярод якіх афіцэр, прапаршчык і малодшыя камандзіры. Кіраўнік сьледчай групы, імя якога не паведамляюць, паабяцаў, што сьледзтва па факце гібелі Аляксандра Коржыча будзе завершанае да сакавіка 2018 году. 14 лютага на прэсавай канфэрэнцыі да 100-годзьдзя беларускага войска міністар абароны Андрэй Раўкоў камэнтаваць прычыны сьмерці Аляксандра Коржыча ня стаў — «да завяршэньня сьледзтва».

«Спускаюць справу на тармазах». Сьвятлана Коржыч упершыню расказала пра расьсьледаваньне сьмерці сына

3. Справа Арцёма Басьцюка

Справа Арцёма Басьцюка атрымала розгалас пасьля зьвестак пра сьмерць Аляксандра Коржыча. Бацькі Арцёма Басьцюка, якім таксама афіцыйна паведамілі пра суіцыд сына, дамагліся паўторнага завядзеньня крымінальнай справы аб ягонай сьмерці, бо падазраюць, што не абышлося безь дзедаўшчыны.

25-гадовага Арцёма Басьцюка, які пайшоў у войска пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту, знайшлі павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі ў Барысаве 31 сакавіка 2017 году. Паводле маці салдата, напярэдадні ён распавядаў пра дзедаўшчыну ў частцы ды вымаганьне ў яго грошай таварышамі па службе. Пра гэта бацькі паведамілі на прыёме камандзіру часткі, называлі яму прозьвішчы тых, хто крыўдзіць сына. Апошні трывожны званок бацькам Арцём зрабіў літаральна за некалькі гадзін да гібелі, прычым бацькі пасьпелі расказаць пра гэта камандзіру часткі праз тэлефон. Камандзір іх супакоіў і паабяцаў «разабрацца», а наступным днём прыйшлі зьвесткі пра самагубства Арцёма Басьцюка. З журналістамі бацькі салдата падзяліліся сваімі падазрэньнямі ня толькі адносна абставін службы і гібелі сына, але і таго, як праходзіла першае сьледзтва па ягонай справе. Кропка ў гэтай гісторыі дагэтуль не пастаўленая.

«Сьледчаму заміналі весьці расьсьледаваньне». Родныя Арцёма Басьцюка ўпершыню расказваюць падрабязнасьці справы аб гібелі сына

4. Справа Міхаіла Беўзюка

Міхаіл Бяўзюк
Міхаіл Бяўзюк

У справе Міхаіла Беўзюка з Калінкавіцкага раёну вельмі шмат агульнага зь дзьвюма папярэднімі справамі, але здарылася трагедыя двума гадамі раней. Салдат таксама служыў пад Барысавам у Печах, паводле першага сьледзтва таксама скончыў жыцьцё самагубствам. Зноў жа: менавіта справа Аляксандра Коржыча стала штуршком да таго, каб аднавіць сьледзтва і па факце сьмерці Міхаіла Беўзюка.

Міхаіл Бяўзюк пайшоў служыць 14 лістапада 2014-га, яму было 22 гады. У канцы сакавіка 2015 году, калі заканчваўся тэрмін службы Міхаіла ў вучэбцы, сваякі даведаліся, што яго знайшлі павешаным. «Ён быў у прыгнечаным стане, прасіў родных часьцей яго наведваць, перадаваць яму грошы, казаў, што трэба плаціць сяржантам за доступ да тэлефона», — казаў пазьней брат салдата Юры. Гэта ён у лістападзе 2017 году напісаў у Сьледчы камітэт Беларусі заяву з просьбай зноў праверыць абставіны сьмерці Міхаіла Беўзюка. Неўзабаве сьледчы, падпалкоўнік юстыцыі А. Басалай адказаў, што па факце сьмерці салдата заведзеная крымінальная справа па другой частцы 145 артыкула Крымінальнага кодэксу — гэта давядзеньне да сьмерці чалавека, які знаходзіцца ў матэрыяльнай ці іншай залежнасьці ад вінаватага. Вынікі расьсьледаваньня яшчэ не агалошаныя.

Брат салдата Міхаіла Бяўзюка дамогся расьсьледаваньня сьмерці ў Печах

5. Сьмерць салдата Хадкевіча ў Віцебску

21 верасьня 2016 году ў вайсковай частцы № 71327 на тэрыторыі Віцебскай вобласьці загінуў вайсковец тэрміновай службы Аляксандар Хадкевіч, які прызываўся з Полацку.

Аляксандру Хадкевічу было 19 гадоў. Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, гібель салдата адбылася ў выніку парушэньня патрабаваньняў бясьпекі падчас эксплюатацыі вайсковай тэхнікі. У інтэрнэце напісалі, што салдат трапіў паміж дзьвюх БМП.

Па факце гібелі вайскоўца Хадкевіча праводзіцца праверка. Міністэрства абароны ў сваім паведамленьні выказала спачуваньне родным і блізкім салдата і паабяцала аказаць дапамогу ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

6. Сьмерць салдата ў Слоніме

У 2013 годзе ў Слоніме загінуў салдат тэрміновай службы 11-й мэханізаванай брыгады, імя якога ў мэдыі так і ня трапіла.

«Па факце сьмерці вайскоўца тэрміновай службы праводзіцца праверка», — сказалі агенцтву Інтэрфакс-Захад у Мінабароны Беларусі, але падрабязнасьцяў трагедыі не паведамілі.

Некаторыя дэталі здарэньня ўсё ж сталі вядомыя ад управы Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці. Аказалася — зноў суіцыд.

«Цела салдата было выяўлена на тэрыторыі парку тэхнікі вайсковай часткі 33/933, ён павесіўся на кабіне экскаватара», — сказалі сьледчыя.

Праверку здарэньня праводзіў Слонімскі раённы аддзел Сьледчага камітэту, было прызнана, што салдат пайшоў з жыцьця ў выніку самагубства.

Паводле зьвестак міністра абароны Андрэя Раўкова, у 2017 годзе ў беларускім войску загінулі 3 вайскоўцы, пазалетась — 4. «У 1995 годзе было 42 суіцыды, а ўсяго тады загінула ў войску каля 100 чалавек», — дадаў да гэтых зьвестак Андрэй Раўкоў. Прычын сьмерцяў беларускіх вайскоўцаў у 2017–2016 гадах генэрал-лейтэнант Раўкоў не назваў.

З Днём абаронцаў Айчыны нешта ня так. 5 прычынаў не сьвяткаваць 23 лютага

XS
SM
MD
LG