Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы начальнік часткі ў Печах: тых, хто не прайшоў атэстацыю, з войска ня звольнілі


Палкоўнік Уладзіслаў Будзік, начальнік вайсковай часткі ў Печах, архіўнае фота

Начальнік 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў у Печах Уладзіслаў Будзік, прызначаны тыдзень таму, расказаў у эфіры перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ пра новыя парадкі ў Печах.

Паводле Будзіка, Лукашэнка ў час прызначэньня паставіў яму задачу «навядзеньня і падтрыманьня парадку», што, на думку Будзіка, значыць выкананьне распарадку дня і раскладу заняткаў.

Вайскоўцы, хто не прайшоў пераатэстацыю, не былі звольненыя з войска, а былі адасланыя ў іншыя вайсковыя часткі
Уладзіслаў Будзік

У Печах была праведзеная пазаплянавая атэстацыя, але тыя, хто не прайшоў яе, не былі звольненыя з войска, а былі адасланыя ў іншыя вайсковыя часткі, расказаў Будзік. У сваёй частцы ён пакінуў «найлепшых вайскоўцаў», зь якімі цяпер праводзяцца заняткі, а па завяршэньні заняткаў яны «будуць прызначаныя на сяржанцкія пасады».

Будзік таксама нагадаў, што вайскоўцам у Печах дазволілі мець пры сабе мабільныя тэлефоны «вызначанага ўзору». Але сьпіс такіх тэлефонаў на момант публікацыі не прадстаўлены, а паводле ранейшага апісаньня Мінабароны можна забараніць практычна любы тэлефон, што цяпер ёсьць у продажы ў Беларусі.

Паводле Будзіка, відэакамэры назіраньня будуць усталяваныя ў казармах 3-й школы, дзе загінуў Аляксандар Коржыч: камэры будуць каля пакою захоўваньня зброі, у пакоі бытавога абслугоўваньня, у спальнях і «месцах масавага знаходжаньня вайскоўцаў», а інфармацыя з камэраў будзе праглядацца ў рэальным часе дзяжурным па частцы і захоўвацца цягам месяцу. Ці будуць камэры ў падвалах кшталту таго, дзе знайшлі цела Коржыча, не ўдакладняецца.

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Раней Аляксандар Лукашэнка прапанаваў не прызываць у войска мужчыну, калі ён — адзінае дзіця ў сям’і, бо «адзіны сын — адзіная апора, надзея». Ці атрымала разьвіцьцё тая прапанова, пакуль невядома.

* * *

Як разьвіваюцца падзеі ў Печах

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.

Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота
Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».

У сувязі са «справай Коржыча» завялі «каля 15» крымінальных спраў

Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.

Коржычавы таварышы па службе цяпер атрымліваюць пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вядуць альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў пяць службовых асобаў 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, чатыры службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».

Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасадаў камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

Усё пра гвалт у войску

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG