Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі са «справай Коржыча» завялі «каля 15» крымінальных справаў


Вайсковая частка ў Печах, архіўнае фота

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк заявіў 15 лістапада, што ў сувязі са сьмерю вайскоўца Аляксандра Коржыча ў Печах распачалі «каля 15» крымінальных справаў, у якіх «прыблізна столькі жа» фігурантаў, перадае БелаПАН.

Аляксандар Канюк, архіўнае фота
Аляксандар Канюк, архіўнае фота

Пракуратура ня проста сочыць за расьсьледаваньнем, але і бярэ ў ім удзел разам са Сьледчым камітэтам. Справа на асабістым кантролі Канюка, заявіў ён: генпракурор сам сустракаўся з маці загінулага.

З 15 службоўцаў, якія фігуруюць у справе, абвінавачаньне выстаўленае дзесяці (8 сяржантам, прапаршчыку і афіцэрам), яны знаходзяцца пад вартай; яшчэ пяцёра — у статусе падазраваных, паведамлялі раней у СК. Паводле неафіцыйных зьвестак, у ліку затрыманых той сяржант, які нібы знайшоў цела.

Справы распачатыя за махлярства, злоўжываньне ўладай і нестатутныя адносіны, але пра справы за забойства або давядзеньне да самагубства пакуль нічога не паведамлялася. Па-ранейшаму разглядаецца як вэрсія забойства, так і вэрсіі пра самагубства ці давядзеньне да самагубства, хоць цела Коржыча знайшлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай.

Сьледчы камітэт таксама вывучае трагічныя выпадкі ў войску за апошнія 6 год, у тым ліку здарэньне з Ігарам Тропцам, які ў час службы ў Печах страціў вока. Старшыня СК Іван Наскевіч казаў, што не выключае скасаваньне ранейшых адмоваў ад завядзеньня крымінальных справаў, «каб іначай паглядзець на тую ці іншую сытуацыю».

***

Як разьвіваюцца падзеі ў Печах

3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.

Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота
Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».

Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.

Саслужыўцы Коржыча цяпер атрымліваюць пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вядуць альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».

Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.

Гвалт у войску

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG