Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: партыі на мясцовых выбарах прадстаўляюць менш за 3% ініцыятыўных групаў


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла ў эфіры АНТ, што на мясцовыя выбары 2018 году ў рэгіёнах зарэгістравана ў паўтара-два разы больш ініцыятыўных групаў, чым было на выбарах 2014 году.

«Я магу сказаць, што вельмі шмат новых твараў зьявілася, якія таксама выстаўляюцца [кандыдатамі]. Да гэтага мы ня чулі гэтых прозьвішчаў. І гэтая актыўнасьць партый пры вылучэньні і зборы подпісаў будзе спрыяць таму, што ў нас павялічыцца яўка выбарнікаў», — кажа Лідзія Ярмошына.

Але статыстыка паказвае вельмі нізкую актыўнасьць палітычных партый. На 18 111 выбарчых акругаў было пададзена 17 567 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў (гэта значыць, «закрытыя» далёка ня ўсе акругі), зь якіх толькі 448 — ад чальцоў палітычных партый. Гэта 2,69% заяваў.

Ад партый, якія лічацца апазыцыйнымі («Зялёныя», «Справядлівы сьвет», БСДП(Г), АГП і БНФ), пададзена толькі 140 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў — гэта 0,77% ад усіх заяваў.

Верагодна, пэўная частка апазыцыйных кандыдатаў рэгістравалася як беспартыйныя, бо далёка ня ўсе палітычныя сілы ў Беларусі зарэгістраваныя як палітычныя партыі. Так, Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю шэсьць разоў адмаўляліся зарэгіставаць у якасьці партыі, а «Гавары праўду» зарэгістравалі не як партыю, а як грамадзянскую кампанію — новых партыяў у Беларусі не рэгіструюць ужо 17 гадоў. Колькі «беспартыйных апазыцыянэраў» падалі заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, статыстыка ня кажа.

Хто і куды ідзе з апазыцыі на мясцовых выбарах

Выбары ў мясцовыя саветы пройдуць у Беларусі 18 лютага 2018 году. На іх ня будуць запрашаць назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, але беларускія праваабаронцы ўжо пачалі назіраньне за кампаніяй. Чыноўнікі і дырэктарат складаюць большасьць у абласных і раённых выбарчых камісіях, у тэрытарыяльныя выбаркамы ўключылі мінімум апазыцыянэраў. Але правацэнтрысцкая кааліцыя (у якую ўваходзіць у тым ліку АГП) плянуе 100 пераможных кампаній на 18 111 акругаў.

Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на мясцовых выбарах 2014 году прагаласавалі 77,4% выбарнікаў. А паводле незалежнага НІСЭПД, яўка тады склала толькі 57%.

Чаму жанчыны больш актыўныя за мужчын на мясцовых выбарах

XS
SM
MD
LG