Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пачалі назіраньне кампаніі мясцовых выбараў 18 лютага


Алег Гулак
Алег Гулак

Паколькі мясцовыя выбары пройдуць паводле старых правілаў, то праваабаронцы, якія будуць назіраць за імі, засяродзяцца выключна на правапрымяняльнай практыцы, заявіў журналістам 16 лістапада каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

«Мы спадзяваліся да апошняга моманту, што тыя зьмены выбарчага заканадаўства, пра якія актыўна вялася гаворка апошнія паўтара года, будуць прынятыя. Але гэтага не адбылося. Таму ўжо сёньня мне зразумела, з чаго пачнецца наша выніковая справаздача — з канстатаваньня таго, што ўлады мелі вялікі прамежак часу для зьменаў. Аднак на гэты крок яны не пайшлі», — падкрэсьліў Алег Гулак.

На пытаньне, чаму, на яго думку, улады, якія самі абвяшчалі, што гатовыя ўнесьці ў заканадаўства палову заўваг Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, не зрабілі гэтага, старшыня БХК адказаў:

«Давайце перакінем мосьцік да эканомікі. Чаму ўлады не пайшлі на рэформы ў эканоміцы? Чаму дагэтуль няма разьняволеньня бізнэсу? Таму што рэформы ў любой сфэры — гэта выклік сыстэме кіраваньня».

Другі каардынатар кампаніі, юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч, зьвярнуў увагу на падзеі сакавіка 2017 году:

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч

«Тады паведамлялася, што 27 сакавіка Лукашэнка правядзе вялікую нараду наконт выбараў. На ёй зьбіраліся абмеркаваць тыя зьмены ў выбарчае заканадаўства, што падрыхтавала міжведамасная рабочая група. Але ж вы памятаеце, якія брутальныя падзеі адбыліся ў Менску 25 сакавіка. У гэтай атмасфэры ўлады, на мой погляд, і адмовіліся ад любых зьмен, нават фасадных».

Назіраць за выбарчым працэсам ад праваабаронцаў будуць дзьве каманды. Адна з 29 доўгатэрміновых назіральнікаў пачала адсочваць увесь працэс з учорашняга дня. У другую ўвойдуць валянтэры, якія будуць сачыць за выбарамі на апошнім этапе. Іх колькасьць пакуль ня вызначана.

«У ідэале хацелася б, каб іх было ня меней за паўтары тысячы чалавек. Але столькі мы адназначна не набяром», — адзначыў Уладзімер Лабковіч.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» праводзіцца з 2008 году БХК і «Вясной», зьяўляецца незалежнай і ня ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячаў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі зможа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраваньні краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG