Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду» пачынае выбарчую кампанію пад дэвізам «За адказную ўладу»


Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч

14 лістапада кіраўніцтва руху «За свабоду» аб’явіла пра ўдзел у мясцовых выбарах. Патэнцыйныя кандыдаты ў менскі гарсавет Юрась Губарэвіч, Віктар Янчурэвіч і Мікіта Семяненка расказалі пра асноўныя кірункі выбарчай кампаніі.

Першы кірунак — наўпроставыя выбары выканаўчай улады грамадзянамі, а не яе прызначэньне па вэртыкалі. Другі — неабходнасьць абавязковых справаздач чыноўнікаў дэпутатам. Трэці — адкрыты конкурс пры прызначэньні мясцовых чыноўнікаў.

На пытаньне, чаму рух вылучае сваіх кандыдатаў, калі, як сьцьвярджаюць самі лідэры апазыцыі, «сапраўдных выбараў» у Беларусі няма, кіраўнік руху Юрась Губарэвіч адказаў:

«Улада знаходзіцца ў даволі складанай сытуацыі. Таму менавіта і былі прызначаныя два дэмакратычныя дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў. Мы прагназуем, што гэты працэс працягнецца і на мясцовых выбарах, дзе ўлады прызначаць 25-30 дэпутатаў мясцовых саветаў».

Бальшыня кандыдатаў ад руху будуць балятавацца адразу ў тры саветы

Рух вылучае на выбары 27 прэтэндэнтаў. Арганізацыя арыентуецца на тых, хто ўжо мае досьвед ранейшых выбараў, моцныя каманды падтрымкі. Акрамя сталіцы, дзе дэпутаты выбіраюцца толькі ў Менскі гарсавет, ва ўсіх астатніх рэгіёнах кандыдаты ад руху будуць падаваць заявы ў тры саветы адначасова: базавага роўню, гарадзкі і абласны. Губарэвіч патлумачыў такое рашэньне асаблівасьцямі гэтай выбарчай кампаніі:

«Справа ў тым, што на мясцовых выбарах прэтэндэнты могуць выкарыстоўваць толькі радыё. Ні тэлебачаньне, ні газэтныя сродкі масавай інфармацыі ня будуць прадстаўляць праграмы кандыдатаў. Таму мы рэкамэндавалі нашым сябрам рэгістравацца ў трох саветах, каб тройчы выступіць па радыё», — падсумаваў Губарэвіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG