Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў у Менску завабліваюць на перадвыбарчыя пікеты 15 рублямі і вызваленьнем ад заняткаў


Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ не пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, а студэнтаў ужо запрашаюць паўдзельнічаць у «масоўцы» — пастаяць у людных месцах на пікетах і атрымаць за гэта ўзнагароджаньне.

Студэнт эканамічнага факультэту БДУ, які папрасіў не называць ягонага імя, пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю, якая зьявілася на праваабарончым сайце «Вясна» — што студэнтаў за грошы і вызваленьне ад заняткаў запрашаюць узяць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Прычым, як вынікае зь перапіскі ў прыватным чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ, узяць удзел у пікеце менавіта як сябры ініцыятыўных групаў.

Юля Муштукова паведамляе 29 удзельнікам прыватнага чату ва «ЎКантакце»:

«Добрай раніцы. Патрэбныя 3 чалавекі на перадвыбарчы (выбары мясцовага Савету Дэпутатаў) пікет на 12-ю гадзіну. Проста пастаяць у якасьці сябра ініцыятыўнай групы гадзіны 1,5–2. Вызваленьне на ўвесь дзень + 15 (рублёў)».

І расклад — а 12 гадзіне пікеты ў людных месцах, каля крамаў, кінатэатру «Беларусь», паліклінікі: на праспэкце Пераможцаў, 89; на вуліцы Раманаўская Слабада, 28; вуліцы Шчадрына, 83.

Гэты расклад паўтарае яшчэ адзін удзельнік чату — Іван Шчэрбін.

Юлія Муштукова, як высьветліла Свабода, — студэнтка ІІ курсу, сакратар камітэту БРСМ эканамічнага факультэту БДУ, а Іван Шчэрбін — начальнік штабу працоўных спраў БРСМ БДУ.

У адпаведнасьці з часткай 8 артыкула 48 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь палітычныя партыі, грамадзкія абʼяднаньні, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь ня маюць права аказваць пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў, рэфэрэндуму іншую матэрыяльную дапамогу, акрамя ўнясеньня грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты.

Што кажа закон

Выкарыстаньне асобай, якая вылучаецца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, грашовых сродкаў ці іншай матэрыяльнай дапамогі — падстава, каб адмовіць у рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ці скасаваць рашэньне аб рэгістрацыі.

Да таго ж паводле часткі 1 артыкула 48 Выбарчага кодэксу выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты могуць стварацца толькі пасьля рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. Кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў пачынаюць рэгістраваць толькі ад 8 студзеня 2018 году.

Дарэчы, аплата выдаткаў па зьбіраньні подпісаў прадугледжаная толькі пры вылучэньні ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. То бок кандыдаты ў мясцовыя саветы ня маюць права аплачваць працу сваіх памочнікаў.

У БРСМ адмаўляюцца ад камэнтароў

Свабода спрабавала высьветліць, зь якой крыніцы сакратар камітэту БРСМ Юлія Муштукова зьбіраецца выплочваць актывістам сваёй арганізацыі за ўдзел у пікетах. Пачуўшы пытаньне, Юлія Муштукова паклала слухаўку.

У Цэнтральным камітэце Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Свабодзе таксама адмовіліся камэнтаваць сытуацыю. Прэс-сакратарка накіравала да другога сакратара Эліны Брагі, якая цяпер у камандзіроўцы. Першы сакратар Юры Белякоў — таксама ў камандзіроўцы. На працоўным месцы знайшоўся толькі сакратар Дзьмітры Туронак. На пытаньне, у якім фармаце БРСМ удзельнічае ў выбарах і зь якога фонду ўнівэрсытэцкі камітэт моладзевай арганізацыі абяцае заплаціць студэнтам за ўдзел у перадвыбарчых пікетах, адказваць ён адмовіўся.

«Я не валодаю сытуацыяй, я ня ведаю і таму не магу камэнтаваць сытуацыю», — адказаў Свабодзе Дзьмітры Туронак.

Наўрад ці студэнтка ІІ курсу эканамічнага факультэту БДУ Юлія Муштукова паабяцала заплаціць студэнтам за ўдзел у перадвыбарчым пікеце са сваёй кішэні. Тым часам паводле выбарчага заканадаўства арганізацыям, якія цалкам альбо часткова фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту, забараняецца ўдзельнічаць у фінансаваньні кандыдатаў у дэпутаты.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ў 2017 годзе атрымаў з рэспубліканскага бюджэту 6,2 мільёна рублёў. У праекце бюджэту на 2018 год заплянавана выдзеліць БРСМ 6,8 мільёна рублёў — на 10% больш, чым сёлета.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG