Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: назіральнікаў БДІПЧ на мясцовыя выбары запрашаць ня будзем


Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 20 лістапада сказала Свабодзе, што Цэнтравыбаркам пэўна ня будзе пасылаць запрашэньні экспэртам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ назіраць за мясцовымі выбарамі, якія пройдуць 18 лютага 2018 году.

«Мы ня бачым у гэтым патрэбы. Склалася традыцыя, калі назіральнікі БДІПЧ прыяжджаюць у Беларусь толькі на выбары прэзыдэнта і дэпутатаў парлямэнту, — сказала Ярмошына. — На ўсёй постсавецкай прасторы я памятаю толькі адзін выпадак, калі шматлікія міжнародныя экспэрты назіралі за мясцовымі выбарамі. Гэта было на муніцыпальных выбарах у Грузіі. Там было цікава, і тады некаторых дэпутатаў абіралі нават у два туры».

Замест сельсаветаў — сельская адміністрацыя

На пытаньне Свабоды, ці не сасьпела ў Беларусі рэформа мясцовай улады, старшыня ЦВК сказала, што, на яе думку, трэба пераходзіць ад выбараў сельсаветаў да выбараў сельскай адміністрацыі. Ініцыятыва скасаваць дэпутатаў, па ейных словах, мае сэнс, бо цяпер усе пытаньні вырашае сельскі выканкам.

«Каб улада на сяле была рэальнай і каб гэта былі не дэкаратыўныя органы, лічу, што нам трэба пераходзіць ад выбараў дэпутатаў сельскіх саветаў да выбараў кіраўніка сельскай адміністрацыі. Цяпер у нас як робіцца? Спачатку абіраюць дэпутатаў сельсавету, а ўжо пасьля зь іх ліку старшыню. Навошта яшчэ ўскосныя выбары, калі можна адразу абраць старшыню сельскай адміністрацыі?» — лічыць Ярмошына.

Яна дадала, што на апошняй сустрэчы з кіраўніком Беларусі выказвала гэтую ідэю.

«У прынцыпе, Аляксандар Рыгоравіч супраць яе не выступаў. На мой погляд, трэба пачынаць дыскусію пра гэта ў грамадзтве. Я хвалююся таму, што менавіта да мяне зьвяртаюцца мясцовыя саветы па ўсіх сваіх пытаньнях», — сказала старшыня Цэнтравыбаркаму.

Аднак зрабіць такія зьмены падчас цяперашніх мясцовых выбараў не выпадае: «Для гэтага неабходна ўнесьці адпаведныя зьмены ў закон аб мясцовым самакіраваньні. А дзеля чысьціні экспэрымэнту, на мой погляд, і ў Канстытуцыю. На гэта ўжо няма часу».

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія праходзілі 23 сакавіка 2014 году, было 18816 дэпутацкіх вакансіяў. 13638 зь іх прыпадалі на сельсаветы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG