Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зарэгістравалі кампанію «Гавары праўду»?


Лідэры «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч
Лідэры «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Ігар Карней, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Кампанія «Гавары праўду» была створаная ў 2010 годзе пад прэзыдэнцкія выбары, пад кандыдата ў прэзыдэнты і лідэра арганізацыі Ўладзімера Някляева. Усе сем гадоў яна спрабавала зарэгістравацца, але безвынікова.

Парадаксальнасьць сытуацыі ў тым, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі існуе артыкул, які дазваляе прыцягнуць да адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аднак менавіта за гэта нікога да адказнасьці не прыцягнулі. Больш за тое, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, калі ўлады былі моцна зацікаўленыя ва ўдзеле ў кампаніі тагачаснай кандыдаткі ад «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч, то яе актыўна піярылі ў дзяржаўных мэдыях, прычым называлі арганізацыю, якая яе вылучыла. А вось зарэгістраваць тую арганізацыю адмаўляліся.

Гэтае рашэньне сьведчыць пра тое, што ўлады не хацелі б моцна псаваць адносіны з Захадам.

Цяперашняя рэгістрацыя, думаю, выкліканая тым, што ў ліпені ў Менску пройдзе паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. І напярэдадні гэтай падзеі беларускія ўлады хочуць зрабіць жэст насустрач Эўропе. Справа ў тым, што пасьля вясеньніх акцый пратэсту ўлады распачалі масавыя рэпрэсіі супраць актывістаў апазыцыі, удзельнікаў акцый. Загаварылі пра канец палітыкі лібэралізацыі. Гэта выклікала непаразуменьне і напружанасьць у адносінах з ЭЗ, зьявілася жорсткая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту аб сытуацыі ў Беларусі.

І вось улады вырашылі зрабіць такі жэст. Яго павінна была заўважыць грамадзкасьць як беларуская, так і эўрапейская. Каго можна было зарэгістраваць?

БХД ці «Малады Фронт» нельга. Яны занадта радыкальныя, актыўна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, іх лідэры зазналі рэпрэсіі. На чале іх стаяць харызматычныя лідэры Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч.

А «Гавары праўду» — арганізацыя больш умераная. Яна прэтэндуе на статус канструктыўнай апазыцыі. Яе ведаюць у Эўропе. Таму для дэманстратыўнага жэсту выбралі менавіта яе.

Гэтае рашэньне сьведчыць пра тое, што ўлады не хацелі б моцна псаваць адносіны з Захадам. Пагатоў, перамовы аб крэдыце МВФ працягваюцца. Таму і зроблены такі дэманстратыўны жэст.

Карней: Як паказвае досьвед, на легалізацыю апанэнтаў улады ідуць толькі ў адным выпадку — калі тыя перастаюць уяўляць для іх хоць якую-небудзь небясьпеку. Відаць, у дачыненьні да кампаніі «Гавары праўду» здарыўся акурат той самы «выключны выпадак».

Першы кіраўнік арганізацыі Ўладзімер Някляеў адцураўся свайго дзецішча, быў досыць гучны скандал зь ягонымі абвінавачаньнямі на адрас былых калегаў у супрацоўніцтве са спэцслужбамі. Як вынік, першапачатковая апазыцыйнасьць зьмянілася цэнтрысцкай пазыцыяй, а палітычныя лёзунгі — сацыяльнымі, з акцэнтам на вырашэньне лякальных праблемаў грамадзянаў.

Фэномэн адной зь цяперашніх кіраўніц кампаніі Тацяны Караткевіч завяршыўся разам з заканчэньнем пазалеташняй прэзыдэнцкай гонкі.

Да таго ж выглядае, што фэномэн адной зь цяперашніх кіраўніц кампаніі Тацяны Караткевіч завяршыўся разам з заканчэньнем пазалеташняй прэзыдэнцкай гонкі: наколькі яна эфэктна разбаўляла традыцыйную мужчынскую тусоўку прэтэндэнтаў на ўжо занятае крэсла, настолькі ж пра яе хутка забыліся пасьля таго, як ёй аддалі суцяшальнае трэцяе месца.

Летась, на хвалі яшчэ сьвежай пазнавальнасьці, Караткевіч не дазволілі рэалізаваць свае дэпутацкія амбіцыі — безумоўна, на той момант для ўладаў гэта было б рызыкоўным крокам. Але прайшоў час, і ўлады зрабілі адмашку, дэманструючы праяву лібэралізацыі. Бо сёньня «Гавары праўду» — ня той супернік, які пагражае дзяржаўнай стабільнасьці.

І калі задаюцца пытаньнямі, ці варта чакаць наступных крокаў па легалізацыі «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», «Маладога фронту» ды ім падобных арганізацый, то якраз з гэтай прычыны яны будуць атрымліваць адмовы. Зь іх боку няма нават намёку наконт ляяльнасьці да ўлады.

Абсалютна згодны з Валерам Карбалевічам: дадзены крок пакліканы перадусім прадэманстраваць, што Беларусь улічвае пажаданьні эўрапейскіх партнэраў. Факт рэгістрацыі пасьля сямігадовай эпапэі — найперш сыгнал для эўрапейскай супольнасьці: маўляў, Менск ідзе ў цывілізацыйным фарватэры і гатовы даваць выказвацца сваім апанэнтам. Праўда, у дадзеным выпадку дазавана — права не для ўсіх.

Глод: Я прысутнічаў на прэсавай канфэрэнцыі, якую лідэры «Гавары праўду» ладзілі з нагоды рэгістрацыі іх кампаніі. І тады журналісты наўпрост запыталіся: ці ёсьць за фактам рэгістрацыі зь сёмай спробы нейкая дамоўленасьць з уладамі? Андрэй Дзьмітрыеў адказаў: арганізацыя не пайшла ні на якія закулісныя дамовы з уладамі. Ён лічыць, што гэтае рашэньне аб рэгістрацыі выкліканае тым, што ўлада ўсё ж ня хоча канчаткова закрыць дыялёг з Эўропай і дэманструе Захаду, што Беларусь робіць крокі ў бок лібэралізацыі. То бок ягоныя словы пацьвярджаюць тую вэрсію, якую агучыў нам Валер Карбалевіч.

Менавіта гэтую кампанію можна прадставіць і эўрапейцам, і амэрыканцам як прыклад канструктыўнага дыялёгу ўнутры Беларусі.

Калі гэта так, то я пагаджаюся з аргумэнтамі Валера Карбалевіча і Ігара Карнея, чаму менавіта «Гавары праўду», а ня хто іншы нарэшце атрымаў афіцыйную рэгістрацыю. Гэтая грамадзянская кампанія неаднаразова падкрэсьлівала і працягвае падкрэсьліваць сваю незалежнасьць, свой асаблівы шлях, свае асаблівыя погляды на сытуацыю ў Беларусі. Галоўнае ў іх — дыялёг з уладамі. І калі АГП ці рух «За свабоду» абумоўліваюць пачатак перамоваў з уладамі выкананьнем некаторых папярэдніх патрабаваньняў, то «Гавары праўду» такіх умоваў не вылучае. Менавіта гэтую кампанію можна прадставіць і эўрапейцам, і амэрыканцам як прыклад канструктыўнага дыялёгу ўнутры Беларусі. Урэшце, гэта і сыгнал заходняй супольнасьці ад уладаў — мы таксама гатовыя на некаторыя саступкі. Маўляў, Беларусь памалу ідзе шляхам дэмакратызацыі, але нас ня трэба падганяць. Гэта тая галоўная тэза, якую неаднойчы агучваў на розных імпрэзах міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Рэгістрацыя «Гавары праўду» для самой грамадзкай арганізацыі — безумоўна, дадатковы стымул, які дадасьць ёй яшчэ болей сілаў. І трэба адзначыць, што афіцыйнае прызнаньне наступіла ў самы час. Ужо неўзабаве пачнецца кампанія па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў. І тут «Гавары праўду» будзе дзе разгарнуцца. Цяпер гэтая арганізацыя зможа афіцыйна быць ініцыятарам і заяўнікам нейкай акцыі. Адпаведна, будзе магчымасьць больш адкрыта працаваць і знаходзіць сабе ўсё больш і больш прыхільнікаў.

Аднак скончыць гэтую тэму, мне падаецца, было б немагчыма, не згадаўшы пазыцыю аднаго са стваральнікаў кампаніі, колішняга яе лідэра Ўладзімера Някляева, які пакінуў «Гавары праўду» ў 2015 годзе. Ён лічыць, што прынцыпам, якія закладаліся ў дзейнасьць кампаніі «Гавары праўду» яе заснавальнікамі, цяперашнія кіраўнікі здрадзілі значна раней. І менавіта гэтая здрада, па вялікім рахунку, стала прычынай расстаньня Някляева з кампаніяй. Да гэтага толькі дадам, што Някляеў на супольнай са Статкевічам прэсавай канфэрэнцыі зьвінаваціў Дзьмітрыева ў супрацоўніцтве з КДБ. Трэба сказаць, што сам Дзьмітрыеў адмаўляе такое супрацоўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG