Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ня ведаю, чаму размаўляю па-беларуску


З тузін гадоў таму, калі мне было 17, я перайшоў з расейскай мовы на беларускую. Нагоду памятаю добра, але прычыну ня ведаю дагэтуль. І ўчорашні Дзень роднай мовы мне не дапамог у пошуках адказу.

Калі пытаюць, чаму размаўляю па-беларуску, магу хіба адказаць: «Так склалася».

Ехаў зь беларускамоўнай знаёмай на электрычцы на фольк-фэст, яна спытала, чаму я размаўляю па-расейску і чаму б мне не паспрабаваць перайсьці на беларускую. Контраргумэнты хутка скончыліся, вырашыў паспрабаваць. Атрымалася!

Пасьля такой гісторыі звычайна ідуць стандартныя ўдакладняльныя пытаньні. Не, не БНФ (і нават не АГП, БХД ці «Гавары праўду» — некаторым партыям сымпатызую, але без партбілета), не філёляг і не гісторык (і наогул на фізыка вучыўся), не зь беларускамоўнай сям’і і не з «заходнікаў» (ці, генштабаўскай мовай, «вяйшнорцаў»).

«Пявучая», «матчына», «мова Коласа і Купалы»... Усё ня тое

Звычайныя аргумэнты за тое, каб перайсьці на беларускую мову, на мяне да таго ня дзейнічалі. І наўрад ці падзейнічалі б цяпер, калі б я па-ранейшаму размаўляў па-расейску. І, відаць, ня дзейнічаюць на большую частку беларусаў.

Помнік Якубу Коласу на Вайсковых могілках у Менску, ілюстрацыйнае фота
Помнік Якубу Коласу на Вайсковых могілках у Менску, ілюстрацыйнае фота

Перадусім, для вялікай часткі беларусаў беларуская мова ўжо ня матчына, а ў лепшым выпадку бабуліна. З калыскі чуем вакол расейскую. «Матчына? Няпраўда. Спрэчка скончаная», — неяк так выходзіць.

Колас і Купала (а таксама Караткевіч, Барадулін, Хадановіч і ўсе астатнія), безумоўна, добрыя літаратары, але іхная творчасьць сама па сабе яшчэ не нагода для беларуса перайсьці на беларускую. Хіба ня ў кожнай паўнавартаснай нацыі ёсьць свае Колас і Купала. Тарас Шаўчэнка і Іван Франко, што б яны там пра ўкраінскую не пісалі, — не прычына беларусу перайсьці на ўкраінскую, хай яна хоць сто разоў «салаўіная». І N.R.M. з Ulis і «Крамай» таксама не прычына.

Нейкія рэйтынгі, дзе беларуская ў ліку найпрыгажэйшых моваў сьвету, самых пявучых, «брытанскія вучоныя даказалі»... Найпрыгажэйшая — паводле якіх крытэраў? Аўтарытэтных дасьледаваньняў на падставе шматлікіх крытэраў ня бачыў, затое бачыў шмат суб’ектыўных рэйтынгаў. А мне вунь польская мілагучная, сур’ёзна! Шмат у каго зь беларусаў польская асэнсоўваецца з гучаньнем кшталту «ґжэґажбжэнчышчыкевіч», а ў мяне — са старым польскім рокам. Цалкам магчыма, што ў кагосьці гучаньне беларускай мовы можа не выклікаць захапленьня: мова як мова. Камусьці гучаньне можа проста не падабацца (ня ведаю, не сустракаў яшчэ мовы, якая мне не падабалася б гучаньнем, калі яе не каверкалі).

І ўсе гэтыя аргумэнты выглядаюць не такімі моцнымі на фоне банальных нязручнасьцяў. Гэтую мову яшчэ трэба вучыць (школа тут слаба дапамагае), яна зразумелая ня ўсім у Беларусі (так склалася, што імігрантам з-за мяжы няма сэнсу яе вучыць, ды й асобныя беларусы любяць пазьдзекавацца: маўляў, я па-вашаму па-калгаснаму не разумею), а яшчэ, кажуць, міліцыя на гэтую мову нэрвова рэагуе.

Бонусы беларускамоўнасьці

Паўза ў пошуку прычынаў: пералічу дробныя прыемныя моманты. Ня тое каб яны маглі стаць аргумэнтам для пераходу на беларускую, проста яны аўтаматычна даюцца з гэтым пераходам.

1. Гэта квэст і хобі. Калі пачаць вывучаць беларускую са школьнага ўзроўню (у бальшыні выпадкаў гэта амаль з нуля), то спачатку выяўляецца, што гэта ня проста «расейская з акцэнтам», пасьля — што ёсьць шмат «нерасейскіх» словаў, якіх школьная праграма не дае, а там яшчэ два правапісы, лацінка... А яшчэ музыка, якую ня круцяць па радыё і тэлеку. Літаратура, якую ў школе не праходзяць і не ва ўсіх кнігарнях прадаюць. Паралельны сьвет.

2. Гэта іншае мысьленьне. Я не пра «не называць адным словам каханьне да чалавека і любоў да катлет», я пра тое, што ў расейскамоўным асяродзьдзі беларускамоўнаму даводзіцца крыху больш думаць над тым, што кажаш і як. Прамоўцам беларуская мова сама па сабе ня робіць, але міжволі лепш кантралюеш тое, што гаворыш.

3. Гэта дапамога ў вывучэньні іншых славянскіх моваў. Ведаеш дзьве славянскія — ужо разумееш, як падыходзіць да астатніх. Польская і ўкраінская становяцца зразумелымі амаль адразу (ды й яны да беларускай значна бліжэйшыя, чым да расейскай). І якая-небудзь чэская — ужо таксама не пусты набор гукаў, бо добра ловіш агульныя рысы і лягчэй запамінаеш адрозныя.

4. Гэта іншае стаўленьне людзей навокал. Часам кепскае, часам добрае. Затое зь першага слова ў суразмоўцы шмат што на лбе напісана. Лішняя ўвага да сваёй асобы, праўда, бывае непажаданай, затое... Хаця ладна, без «затое»: мой унутраны інтравэрт кажа мне, што гэты пункт не найлепшы.

5. Гэта новыя знаёмствы. Калі пачаць размаўляць па-беларуску, раней ці пазьней давядзецца шукаць беларускамоўнае асяродзьдзе. Не, ня ўсе беларускамоўныя — анёлы, але добрых людзей хапае. Кепскія беларускамоўныя абавязкова знойдуцца, але ў прынцыпе новыя знаёмствы — гэта добра, бо дрэнныя людзі забудуцца, а добрыя могуць быць прыемнымі працяглы час.

Як беларускамоўныя робяць інтэрнэт хутчэйшым, а бабуляў — здаравейшымі

Зараз будзе пра кроплі ў моры, ня сьмейцеся. Але чым большая ў нацыі доля тых, хто размаўляе на нацыянальнай мове, тым менш сьмешным будзе ніжэй напісанае.

Хутчэйшы інтэрнэт, сур’ёзна. Вонкавы трафік — тое, што пампуеце зь іншых краінаў, — абмежаваны ў дзяржаўным маштабе, беларускім правайдэрам трэба дамаўляцца з замежнымі, каб пашырыць канал, купіць такі трафік. Са сваім унутраным трафікам прасьцей, ён абмежаваны толькі здольнасьцямі беларускіх правайдэраў. Але мы сваім мала карыстаемся. Найбольш «цяжкі» трафік — відэа — ідзе ці з Захаду, ці з Расеі. І гульні, і музыка, і фота з сацсеткамі — амаль усё гэта вонкавы трафік.

А быў бы попыт на тыя ж фільмы ў беларускай агучцы, была б нагода захоўваць фільмы на беларускіх сэрвэрах, і гэта разгрузіла б вонкавы канал. Пакуль, праўда, беларускамоўныя разгружаюць гэты канал хіба за кошт беларускіх навінаў замест расейскіх, ды й шмат беларускамоўных сайтаў хосьцяцца за мяжой (ага, і гэты, з каторага вы чытаеце тэкст).

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

І так шмат зь якімі галінамі эканомікі. Новыя працоўныя месцы створацца, калі спатрэбіцца перакладаць фільмы на беларускую і здымаць уласныя па-беларуску (і пра беларусаў), калі спатрэбіцца выдаваць беларускія кнігі, ладзіць канцэрты беларускіх музыкаў, перакладаць зь беларускай для іншаземцаў і ўсё такое. І гэтыя працоўныя месцы не дастануцца суседняй краіне зь іншай мовай. А гэта рост эканомікі і дабрабыту.

Са здароўем старых (працягласьць жыцьця жанчын у Беларусі значна большая, таму бабуляў болей) хітрэй. Калі ты размаўляеш па-беларуску, то становісься такім сабе «прадстаўніком беларускамоўных» (паводле некаторых, «сьвядомым» і «змагаром»). Хочаш ня хочаш, а стараесься ня зганьбіць гэтых беларускамоўных сваімі паводзінамі. І вось тут бабулі — ім саступаеш месца ў грамадзкім транспарце, каб беларускамоўных не зьнеслаўляць! І ў старых ногі адпачываюць, бабулі становяцца здаравейшымі.

Трактары МТЗ на парадзе 3 ліпеня 2017 году, ілюстрацыйнае фота
Трактары МТЗ на парадзе 3 ліпеня 2017 году, ілюстрацыйнае фота

А калі сур’ёзна, дык тое, што залічваеш сябе да носьбітаў беларускай мовы — да прадстаўнікоў беларускай нацыі, а ня проста тутэйшых, — дысцыплінуе ў пэўным сэнсе. Для кагосьці нават становіцца сэнсам жыцьця. А для кагосьці — проста нагодай рабіць сваю працу добра, бо «я ж беларус, я мушу добра сабраць гэты трактар, каб беларусам не было сорамна за нашы трактары». І добрыя трактары таксама, хай і ўскосна, паляпшаюць здароўе бабуляў і дзядуляў.

Адзіны рэальна практычны аргумэнт

«Не пакідайце, каб ня ўмёрлі» — вось гэты аргумэнт ужо больш практычны за «матчыну мову» ці «мову Коласа з Купалам». Паміраць, папраўдзе, непрыемна.

Вядома, ніякая мова не ўратуе ад сьмерці наўпрост. Але калі ў нацыі ёсьць свая мова, яе цяжэй зьнішчыць, асыміляваць. А людзі з асыміляваных народаў звычайна разглядаюцца як не зусім паўнавартасныя. Іх галоўнае ад паўстаньняў утрымаць, а гэта прасьцей рабіць сілай, чым разьвіцьцём эканомікі ці нацыянальнай культуры. Бальшавікі, калі ўзялі тэрыторыю Беларусі, крыху паспрабавалі гуляць у беларусізацыю, ды хутка надакучыла — шмат беларусаў праз гэта ўмёрлі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Напрошваецца, вядома, прыклад Украіны, дзе вайна была справакаваная ў тым ліку праз розныя мовы. І гінуць у гэтай вайне як расейскамоўныя, так і ўкраінскамоўныя. Але вайна адбываецца на тэрыторыі, дзе людзі размаўляюць на мове суседняй дзяржавы, а не сваёй. Украінскамоўных было б цяжка масава справакаваць ваяваць супраць Украіны. Вядома, ёсьць карупцыянэры і махляры, якім украінская мова не замінае абкрадаць свой народ, але вайна — гэта крыху іншае.

Мову можна выкарыстаць і для распальваньня ўсялякай варожасьці, але ўвогуле народу са сваёй мовай прасьцей асэнсаваць сябе, дзейнічаць на карысьць сабе. І нават расейскамоўным беларусам, напэўна, прасьцей дзейнічаць на карысьць Беларусі, калі ў іх пад вухам пастаянна нехта адной сваёй прысутнасьцю нагадвае, што ёсьць такая нацыя — беларусы.

Але я здагадваюся, што я адзін — якраз кропля ў моры. Ад таго, што толькі я размаўляю па-беларуску, мала што зьменіцца. Але ж, хоць гэта мала што зьменіць, я і сьмецьце міма сьметніц не кідаю. Так, калі адзін з амаль 10 мільёнаў кідае ці не кідае сьмецьце на дол, гэта мала мяняе агульную карціну. Але я не кідаю міма, так склалася...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG