Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 лютага ў сьвеце адзначаецца дзень роднай мовы. Падчас апошняга перапісу насельніцтва (2009 год) роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва краіны. Асноўнай мовай зносінаў 70% назвалі расейскую. У Беларусі жыве 140 нацыянальнасьцяў і народнасьцяў, і многія зь іх роднай мовай лічаць менавіта нацыянальную — украінскую, расейскую, літоўскую, польскую. Ці ёсьць у Беларусі магчымасьць вучыцца на роднай мове?

1. На беларускай мове вучыцца 13,3% дзяцей

Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускамоўных школаў у краіне 46,6%, але бальшыня ў сельскай мясцовасьці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, апублікаванай на сайце Міністэрства адукацыі, у 2016/2017 навучальным годзе ў 1–11-х клясах школ Беларусі навучалася прыкладна 967 тысяч дзяцей, зь іх 128,6 тысячы (13,3%) — на беларускай мове.

2. У сталіцы Беларусі 7 беларускамоўных школ і гімназій

  1. Гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18 — Фрунзенскі раён)
  2. Гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10 — Першамайскі раён)
  3. Гімназія № 14 (вуліца Васьняцова, 10 — Заводзкі раён)
  4. Гімназія № 23 (праспэкт Незалежнасьці, 45 — Савецкі раён)
  5. Гімназія № 28 (праспэкт Ракасоўскага, 93 — Ленінскі раён)
  6. Сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнэхта, 82 — Маскоўскі раён)
  7. Сярэдняя школа № 190 (вуліца Нікіфарава, 19 — Першамайскі раён)

Суд ня даў ходу «справе расейскамоўных фізкультурнікаў». Лойку гэта не спыняе

3. У абласных гарадах няма ніводнай беларускамоўнай школы

У некаторых абласных цэнтрах (Магілёве, Горадні) ёсьць толькі малакамплектныя беларускамоўныя клясы.

4. Толькі ў двух са 118 раённых гарадоў ёсьць беларускамоўныя гімназія і школа

Пры барысаўскай беларускамоўнай гімназіі № 2 існуе пачатковая школа, навучаньне ў якой таксама вядзецца на беларускай мове. У гімназіі дзейнічаюць студыі «Гліняная цацка», «Саламяны цуд», «Бісэрапляценьне», папераплястыкі і мяккай цацкі.

У Янаве Берасьцейскай вобласьці цалкам беларускамоўная сярэдняя школа № 4. Працуе яна ад 1990 году. Раней у актавай залі СШ № 4 знаходзілася арыгінальнае пано з харугвамі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Але некалькі гадоў таму яго зьнішчылі.

У гарадах Берасьцейшчыны засталася адна беларускамоўная школа, у Янаве

Янаўская школа № 4, архіўнае фота
Янаўская школа № 4, архіўнае фота

5. Некаторыя беларускамоўныя школы перайшлі або на зьмяшанае, або на расейскамоўнае выкладаньне

Так, Глыбоцкая СШ № 3 раней была беларускамоўная, але з 2006 году яна стала дзьвюхмоўнай. А знакамітая Наваградзкая гімназія № 1, у якой некалі вучыўся і выкладаў Барыс Кіт, стала цалкам расейскамоўнай.

Наваградзкую беларускамоўную гімназію № 1 адкрылі ў 1919 годзе. Спачатку яна ня мела свайго будынка, заняткі праходзілі ў габрэйскай школе. Дапамагалі ўзводзіць адмысловы будынак бацькі вучняў. Працавала беларускамоўная гімназія і пад нямецкай акупацыяй. Яе выпускнікі — Барыс Кіт, Леанід Барысаглебскі, Леў Гарошка, Язэп Сажыч, Уладзімер Сіўко, Міхась Рагуля, Барыс Рагуля, Уладзімер Набагез, Барыс Сладоўскі.

Цяпер Наваградзкая сярэдняя школа № 1 — цалкам расейскамоўная.

6. Гісторыя і геаграфія Беларусі выкладаюцца па-расейску

Некалі ў расейскамоўных школах Беларусі прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Геаграфія Беларусі» выкладаліся па-беларуску, але ад 2006/2007 навучальнага году іх перавялі на расейскую мову.

7. У Беларусі дзьве школы з польскай мовай навучаньня

Гэта сярэдняя школа № 36 у Горадні і сярэдняя школа № 8 у Ваўкавыску. Абедзьве пабудаваныя на польскія грошы. У ваўкавыскай школе з польскай мовай навучаньня вучацца 240 дзяцей.

8. У Беларусі дзьве літоўскія школы

Школы зь літоўскай мовай навучаньня месьцяцца ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну і вёсцы Пялеса Воранаўскага раёну. Літоўская школа ў Рымдзюнах працуе з 1996 году. Таксама ў Рымдзюнах ёсьць літоўскі дзіцячы садок.

Літоўскія і польскія школы знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласьці.

У Беларусі няма і ніколі не было беларускамоўных школ. Блог Валянціна Жданко

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG