Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры гады рыхтавалі рэформу ЖКГ. І вырашылі, што рэформа непатрэбная


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У гэта цяжка паверыць, але рэспубліканскі сэмінар «Аб удасканаленьні і разьвіцьці жыльлёва-камунальнай гаспадаркі краіны», які адбыўся ў пятніцу 20 кастрычніка, рыхтаваўся цэлых чатыры гады. Ён быў анансаваны яшчэ 10 сьнежня 2013 году.

У той дзень Лукашэнка правёў вялікую нараду па пытаньнях будаўнічай галіны. Тады кіраўнік Беларусі назваў гэтае мерапрыемства знакавай падзеяй і паабяцаў, што падобныя нарады стануць рэгулярнымі, на іх будуць абмяркоўвацца найбольш надзённыя і значныя для людзей пытаньні разьвіцьця эканомікі і грамадзтва на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Лукашэнка адзначыў, што гэты форум бачыцца яму свайго роду аналягамі пленуму Цэнтральнага камітэту кампартыі ў савецкія часы. Ён заявіў:

«Неабходна часьцей, як мінімум раз на паўгода, зьбірацца ў такім складзе, каб на сыстэмнай аснове даваць сыгналы ўсяму грамадзтву аб праблемах, якія ўзьнікаюць, і шляхах іх вырашэньня... Таму мы дамовіліся, што ў пэрспэктыве такія нарады стануць нормай».

Лукашэнка заявіў, што дзьве наступныя нарады будуць прысьвечаныя праблемам ЖКГ і разьвіцьцю аграпрамысловага комплексу. Тады ж былі створаныя адмысловыя камісіі, якія павінны былі распрацаваць комплекс прапановаў па ўдасканаленьні згаданых сацыяльна-эканамічных сфэр.

Прайшло паўгода, год, два, тры. Ніякіх «пленумаў ЦК» не праводзілася. Нарэшце, амаль праз чатыры гады, адбыўся гэты сэмінар. Прайшла амаль пяцігодка. Лукашэнка ніяк не патлумачыў, у чым прычына такой затрымкі. У сьвеце ў некаторых сфэрах, напрыклад у ІТ, за чатыры гады адбываецца зьмена тэхналёгіі і якаснае абнаўленьне прадукцыі. Беларусь жа жыве ў іншым гістарычным часавым поясе, часавым вымярэньні. Тут час спыніўся. Спатрэбілася цэлых чатыры гады, каб падрыхтаваць сэмінар па элемэнтарным пытаньні павышэньня якасьці ЖКГ.

І вось нарэшце сэмінар правялі. Думалася, што ўжо за чатыры гады камісія, урад падрыхтавалі рэвалюцыйныя зьмены ў сфэры камунальнай гаспадаркі, і нарэшце ўлады ашчасьлівяць народ сваімі прапановамі, якасьць паслуг у ЖКГ радыкальна павялічыцца, а кошты скароцяцца.

Але нас чакала вялікае расчараваньне. З выступу Лукашэнкі на сэмінары вынікае, што ніякіх пераменаў у сфэры ЖКХ не чакаецца. Кіраўнік дзяржавы казаў руцінныя рэчы, што ня трэба рэзка павышаць тарыфы, варта шукаць рэзэрвы эканоміі цеплазабесьпячэньня, неабходна павысіць якасьць пітной вады, паляпшаць добраўпарадкаваньне населеных пунктаў і іншыя банальнасьці. Урадам распрацаваны праект канцэпцыі ўдасканаленьня і разьвіцьця жыльлёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 году, але там няма нічога новага. І дзеля гэтага трэба было рыхтавацца цэлых чатыры гады?

Як вядома, галоўная прычына праблемаў у ЖКГ — гэта манаполія дзяржавы ў згаданай сфэры, адсутнасьць канкурэнцыі. Таму пастаянна падвышаюцца кошты, не паляпшаецца якасьць паслуг.

Аднак Лукашэнка адназначна выказаўся супраць рэфармаваньня ЖКГ:

«Вы не сьпяшайцеся разбураць цяпер дзейную структуру, каб дагадзіць нейкім сумнеўным кампаніям і мерапрыемствам», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нібыта і ня супраць дапусьціць у гэтую сфэру прыватны бізнэс, аднак тут жа заяўляе:

«Але вы ведаеце, што любы прыватнік, прыйшоўшы ў гэтую сфэру, будзе глядзець перш за ўсё ў сваю кішэнь: як даражэй узяць, што недарабіць, што не зрабіць, дзе няякасна абыйсьці, а грошы ў кішэню пакласьці».

І робіць выснову: структура ЖКГ «павінна быць адзіная і кіраваная».

І яшчэ важная заўвага. Праблемы ў камунальнай гаспадарцы нарастаюць, патрэбна ўсё больш рэсурсаў для фінансаваньня гэтай сфэры, а грошай у бюджэце няма. Але вырашэньне гэтых складаных пытаньняў перакладаецца на мясцовую ўладу.

«Шукайце крыніцы фінансаваньня і дзейнічайце», — такую параду даў Лукашэнка чыноўнікам. Карацей, грошай няма, але вы трымайцеся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG