Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер: «Хто за нагрэтае паветра будзе плаціць?»


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

На паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў Беларусі прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў зьвярнуў увагу на высокія страты цеплавой энэргіі пры транспартаваньні па цеплавых сетках у некаторых раёнах.

Так, пры норме ў 12% стратаў за другі квартал 2017 году ў Ляхавіцкай ЖКГ страты склалі 23,1%, у Дрыбінскай — 21,4%, у Коханаўскай і Сьвіслацкай ЖКГ — 20,3%. Як кажа Кабякоў, па «некаторых іншых» гаспадарках сытуацыя ня лепшая.

«Пытаньне: хто за гэтае нагрэтае навакольнае паветра будзе плаціць? Хацелася б пачуць ад кампэтэнтных службовых асобаў, калі мы разьбяромся з гэтым марнатраўствам», — перадае прэс-служба ўраду пытаньне Кабякова, але не ўдакладняе, што яму адказалі.

Таксама Кабякоў зьвярнуў увагу: каторы ўжо год ня можам завяршыць мадэрнізацыю кацельных, якія маюць павышаны расход цяпла і электраэнэргіі.

На пачатак году такіх было 14. Усе іх, акрамя адной у Магілёўскай вобласьці, меркавалася мадэрнізаваць да канца году.

У ліку іншых праблемаў ЖКГ Кабякоў назваў няспраўнасьць некаторых прыладаў уліку ў сыстэме рэгуляваньня ацяпленьня і падачы гарачай вады, расчыстку паветраных лініяў электраперадачаў ад навакольных небясьпечных расьлінаў, запазычанасьці за торф і дрывяное паліва.

Праверкай «адэкватнасьці» тарыфаў на ЖКГ абяцаў заняцца Дзяржаўны кантроль, які паведамляў, што прыдумаў, як зьнізіць сабекошт камунальных паслугаў на 7,3% у 2017–2018 гадах. У канцы ліпеня кіраўнік дзяржаўнага кантролю абяцаў, што тарыфы на ЖКГ не павысяцца да канца году, але зь верасьня павышэньне адбылося.

З заяваў міністра ЖКГ вынікае, што падаражэньне «камуналкі» могуць паскорыць: з пачатку 2018 году беларусы будуць кампэнсаваць 100% выдаткаў за ўсё, акрамя ацяпленьня, хоць раней міністар эканомікі казаў, што з пачатку 2018-га беларусы будуць кампэнсаваць толькі 75% выдаткаў на ЖКГ (разам з ацяпленьнем).

Падвышэньне кампэнсацыі за паслугі ЖКГ было адным з патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду, каб Беларусь магла атрымаць крэдыт. Як выявілася на канфэрэнцыі ў чэрвені, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і Рэспубліканскае таварыства ўласьнікаў жыльля зацікаўленыя ў рэформе ЖКГ, але дэпутаты Палаты прадстаўнікоў канфэрэнцыю праігнаравалі, з чаго арганізатар — кампанія «Гавары праўду» — зрабіў выснову, што і рэформа ЖКГ дэпутатам не патрэбная.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG