Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дзяржаўнага кантролю паабяцаў, што да канца году тарыфы на ЖКГ не падвысяцца


Кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў паабяцаў у перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ, што да канца 2017 году «дакладна ня будзе падвышэньня тарыфаў» на жыльлёва-камунальныя паслугі.

Анфімаў заявіў, што падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі было «каменем спатыкненьня» для Міжнароднага валютнага фонду: МВФ патрабавала падвысіць тарыфы, каб Беларусь магла атрымаць крэдыт. Але Лукашэнка, як кажа Анфімаў, «жорстка паставіў заслону на шляху патрабаваньняў» падвышэньня тарыфаў.

Раней плянавалася, што беларусы будуць вяртаць усё большую долю выдаткаў на ЖКГ: на канец 2016 году насельніцтва мусіла вяртаць 50% выдаткаў (казалі нават, атрымалася 60%), да канца 2017 году мусілі б вяртаць ужо 75%, да канца 2018-га — 100%. Ці замарожанае, ці скасаванае гэтае рашэньне, ці на 2017-ы «норма» ўжо выкананая, афіцыйна не паведамлялася.

Але Анфімаў «не выключае», што налета «можна чакаць» падвышэньня сумарнай платы за камунальныя паслугі «ў межах 5 даляраў» — такім чынам, кажа ён, атрымаецца выйсьці на стопрацэнтную акупнасьць усіх камунальных паслугаў, акрамя цеплазабесьпячэньня, якое цяпер ёсьць «галоўнай праблемай».

Дзяржаўны кантроль раней паведамляў, што прыдумаў, як зьнізіць сабекошт камунальных паслугаў на 7,3%.

Пры гэтым Анфімаў абураўся тым, што «камуналкай» займаецца не міністэрства ЖКГ, а падначалены яму Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG