Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: «Справа Кныровіча» працягваецца, ідзе праверка. Кныровіч за кратамі ўжо паўгода


Аляксандар Кныровіч, ахіўнае фота

Афіцыйны прадстаўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Дзьмітры Пабяржын паведаміў Tut.by, што сьледзтва па справе бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча працягваецца, ідзе падатковая праверка.

«Па завяршэньні падатковай праверкі справа будзе перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд», — дадаў Пабяржын.

Днём раней Свабода зьвярталася ў прэсавую службу КДБ, каб даведацца пра лёс справы прадпрымальніка, але там нічога не паведамілі.

26 ліпеня споўнілася роўна паўгода, як КДБ затрымала Кныровіча — бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» і вядомага блогера. Афіцыйныя мэдыя пра арышт Аляксандар Кныровіча паведамілі, што бізнэсмэн нібыта вінаваты ў стварэньні карупцыйных схемаў у сыстэме ЖКГ, празь якія неабгрунтавана расьлі тарыфы на ацяпленьне. Неўзабаве Аляксандар Лукашенка заявіў, што асабіста даваў загад на арышт Кныровіча і сказаў, што на ім «кляйма няма дзе ставіць» ды што «ён жа цяпер плачацца, аб памілаваньні просіць».

Бацька бізнэсмэна Станіслаў Кныровіч казаў Свабодзе, што ягоны сын знаходзіцца ў «Амэрыканцы» — вязьніцы КДБ:

«Мы лістуемся. Адчувае ён сябе добра, ня скардзіцца на ўмовы. Займаецца фіззарадкай у камэры, шмат чытае. А што тычыцца віны, дык, наколькі ведаю, ён не прызнае сябе вінаватым. Больш нічога не магу сказаць, каб не нашкодзіць. У яго ёсьць адвакат, таго заўсёды выклікаюць да сьледчага, калі што ня так».

Прадпрымальнікі Ігар Леднік і Ўладзь Рымша ў інтэрнэце пачалі кампанію салідарнасьці з Аляксандрам Кныровічам пад назвай #злодзей_не_кныровіч. Ініцыятыры кампаніі заклікаюць дасылаць лісты Аляксандру і ўсяляк яго падтрымліваць, а таксама дамагацца аб’ектыўнага ды справядлівага разбору ягонай справы, якую параўноўваюць са «справай патрыётаў».

XS
SM
MD
LG