Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаных па «справе патрыётаў» усё яшчэ могуць пасадзіць, — Стрыжак


Андрэй Стрыжак

Удзень 30 чэрвеня былі вызваленыя апошнія два зьняволеныя фігуранты «справы патрыётаў». Іх абвінавачвалі ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» і «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня», але ад першага абвінавачаньня адмовіліся, а справу перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт.

Вызваленыя апошнія два фігуранты «справы патрыётаў». Хто яны і што гэта было

Але адзін са стваральнікаў кампаніі дапамогі рэпрэсаваным BY_help, праваабаронца Андрэй Стрыжак мяркуе, што вызваленьне — гэта толькі «касмэтычная апэрацыя»: абвінавачаным па-ранейшаму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўленьня волі. На яго думку, гэта зроблена, каб заявіць перад Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ, што ў Беларусі няма палітвязьняў, і зьнізіць увагу беларусаў да гэтай справы.

«Канечне, людзі ўжо ня будуць сядзець у СІЗА, яны будуць знаходзіцца дома, зь семʼямі, і гэта, безумоўна, добра. Але трэба не забываць, што крымінальная справа за арганізацыю незаконнага ўзброенага фармаваньня нікуды не падзелася, — кажа Стрыжак. — Была спыненая справа па „падрыхтоўцы масавых беспарадкаў“, а засталася другая справа, якая насамрэч больш небясьпечная, бо там і тэрміны вялікія, і сама па сабе сытуацыя з артыкулам вельмі няпэўная.

Людзі, якія цяпер выйшлі, увесь час застаюцца пад пагрозай вярнуцца назад у СІЗА, калі так захоча сьледзтва, і атрымаць нейкія тэрміны па гэтым працэсе, калі ён дойдзе да канца. Нашая практыка паказвае, што апраўдальных прысудаў у беларускіх судах амаль не бывае.

Нават калі яны атрымаюць толькі той тэрмін, які ўжо адбылі ў СІЗА (сто дзён у выпадку першых затрыманых. — РС), на што я ня надта спадзяюся, то судзімасьць застанецца, а яна накладае на чалавека вялікія абмежаваньні яго грамадзянскіх правоў».

«Справа патрыётаў» нагадвае «пацукоў у вядры»

«Гэтая справа ад пачатку да канца палітычная, як на мой погляд. Зразумела, што яна зьявілася ў той момант, калі была патрэбная. Заявы кіраўніка дзяржавы (пра затрыманьне „трох дзясяткаў баевікоў“. — РС) былі зробленыя да таго, як была заведзена гэтая справа.

Я ўпэўнены, што справа была выцягнутая на гэты сьвет такім самым чынам, як у свой час Сьцяпан Сухарэнка, былы старшыня КДБ, апавядаў пра „пацукоў у вёдрах“. Тут той самы падыход.

Але пытаньне цяпер крыху іншае, Беларусь вымушаная быць крыху больш мяккай, працаваць ня толькі на ўсходні вэктар, а і на Захад. І сустрэча Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, што будзе адбывацца ў Менску, таксама абавязвае дзяржаву трымацца больш мяккай пазыцыі.

Насамрэч, канечне, гэта ўсё камуфляваная гісторыя. Я думаю, што справа працягнецца і што ёсьць вялікі шанец, што дойдзе да суду».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG