Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 вострых цытатаў затрыманага бізнэсоўца Кныровіча


25 студзеня быў затрыманы беларускі бізнэсовец Аляксандар Кныровіч. У КДБ сьцьвярджаюць, што кампанія Кныровіча «СарматТэрма-Інжэнірынг» ухілялася ад выплаты падаткаў.

Паводле КДБ гаворка ідзе пра суму ня менш як 2,8 млн рублёў. Аляксандар Кныровіч быў ня толькі пасьпяховым бізнэсоўцам, але і блогерам, вядучым ўласнай тэлеперадачы. Свабода сабрала сем яркіх цытат затрыманага ў сераду бізнэсоўца.

1. Крытыкаваў эканамічную сыстэму Беларусі

«Сёньня мы знаходзімся ў самай нізкай і складанай кропцы эканомікі за ўсе 25 гадоў разьвіцьця незалежнай Беларусі. Узровень ВУП у Беларусі 4900 даляраў на чалавека. Гэта нашмат больш, чым на пачатку 1990-х. Але ў Польшчы і Вугоршчыне гэтая лічба ў два разы большая. Альбо маленькая Эстонія, дзе гэты паказьнік амаль у 4 большы. Сярэдні заробак беларуса — 350 даляраў, а кітайца — 750. Добры дзень, прыехалі».

2. Назваў падатак на дармаедзтва дыягназам дзяржапарату

«З трох маіх знаёмых, хто атрымаў „лісты шчасьця“, два даўно і актыўна працуюць за мяжой, там плацяць падаткі, і ніякага дачыненьня да „выгад“ Беларусі ня маюць... Трэцяя — мая былая жонка, якая атрымоўвае грошы ў адпаведнасьці з афіцыйнай дамовай (пры разводзе), зь якой выплачаны ўсе падаткі... Час прызнацца, што няма і не было ніякіх за 400 000 гультаёў. Што гэтая гісторыя — дыягназ дзяржапарату... Кіраваная і кантралюемая рэспубліка — ілюзія...»

3. Ленін — маньяк, а камуністы — самая агрэсіўная партыя

«Самая агрэсіўная партыя, самыя беспрынцыповыя фанатыкі, з самымі папулісцкімі лёзунгамі. І іх лідэр — Уладзімір Ленін. Вельмі працаздольны і моцны інтэлектам маньяк, які жадаў правесьці экспэрымэнт над велізарнай краінай. Хлопец паставіў сабе мэту ў 25 гадоў і потым 22 гады ішоў да яе. Не было ў яго больш нічога ў жыцьці акрамя жаданьня разваліць сыстэму. Няма (у савецкі час — РС) ніводнага прадмету для гонару, дасягненьне якога было б абумоўлена менавіта сацыялізмам. Людзі вядома жылі, і працавалі — вынаходзілі, стваралі, тварылі... кахалі, нараджалі і сьпявалі песьні. Але людзі займаюцца гэтым у любых умовах, нават у канцлягеры».

4. Раіў зьмяніць дзяржаўны сьцяг і гімн на песьню Мулявіна

«Наш сёньняшні чырвона-зялёны сьцяг наўпрост выказвае наша ж імкненьне „назад у БССР“. Але і бел-чырвона-белае палотнішча для іншай, таксама вельмі істотнай часткі насельніцтва, выказвае цяпер не імкненьне да Волі, ня слаўныя часы гісторыі ВКЛ ці нядоўгае жыцьцё нашай БНР ўзору 1918 году, а разруху і бардак пэрыяду перабудовы, галечу і безуладзьдзе... Дык можа быць ня варта чапляцца за мінулае? Можа мэта ў прымірэньні з усімі эпізодамі нашага багатага мінулага і варта накіраваць намаганьні на ўсьведамленьне зноўку сябе сёньняшніх, беларусаў ХХІ стагодзьдзя? Дарэчы, і наконт гімна можна што-небудзь у Мулявіна пашукаць».

5. Крытыкаваў міт пра Вялікую Айчынную Вайну

«Мой дзед нарадзіўся на тэрыторыі Польшчы (Заходняй Беларусі). Саветы прыйшлі ў верасьні 1939 году і прынесьлі з сабой усе радасьці савецкага жыцьця — перасьлед кулакоў, забарону найму рабочай сілы, абмежаваньне надзелаў, пошукі ўнутраных ворагаў. Па якой прычыне ўсе гэтыя грамадзяне, а гэта амаль 40% насельніцтва БССР, павінны былі ўжо праз 20 месяцаў хацець пакласьці сваё жыцьцё за новую Радзіму, якая вельмі дрэнна да іх паставілася? Міт сфармаваны, замацаваны, усталяваны на пастамэнт і прыняты насельніцтвам. Наша мінулае — гэта ня казка для дашкольнага ўзросту. У ёй, як і ў мінулым любой краіны, шмат супярэчлівых падзей, пэрсон. Спроба ж зрабіць зь яе постсавецкі гераічны глянец, толькі зьбядняюць нас саміх, сёньняшніх».

6. Заклікаў пазбаўляцца нацыянальных комплексаў

«Мяне не злуе, калі „дарагія расіяне“ называюць нашу краіну — Беларуссія. Не турбуе зусім. Іх справа. Могуць называць як заўгодна — хоць Паўночна-Заходні край або Бульбалэнд. Як і зь любым чалавечым комплексам — зьнешнія пацьверджаньні не вырашаюць зусім нічога, не адыгрываюць ролі. Гэта — ілюзіі.

Адчуваньне ўласнай самасьці, асобнага існаваньня павінна вырасьці ўнутры. І яно расьце. З вышыванкай на форме і перамогай Улада Ганчарова на Алімпіядзе, з кожным дакладным стрэлам Дарʼі Домрачавай, з сусьветным посьпехам „танчыкаў“ і „маскараду“ і яшчэ тысячай больш дробных, але каштоўных нашых дасягненьняў. Таму прапаную пакінуць у спакоі дарагіх нашых усходніх „братоў“ зь іх Беларуссіяй. У іх гэта з часам пройдзе. Бог зь імі».

7. Захапляўся Сьвятланай Алексіевіч

«Унутрана адкрытая, свабодная, якая стварае адчуваньне ўпэўненасьці ў сабе, сваёй справе, у правільнасьці абранага вугла зроку. Не саромелася называць чорнае — чорным, а шэрае — шэрым. Дэсакралізуе ўладу, любую ўладу. Адстойвае цьвярозы погляд як на мінулае, так і на сучаснасьць і будучыню. Яна застаецца тым, кім і была заўсёды — вельмі таленавітым кампілятарам гісторый, пісьменьнікам-рэалістам, якае калупае нашае сумленьне, якая нагадвае пра не адмоленыя грахі краіны, застарэлыя хваробы, і ня больш. Але месца маральнага Лідэра, Мэсіі па-ранейшаму пустуе. Чакаем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG