Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ваду здабылі, падалі, ачысьцілі — і страцілі», — прэм’ер абурыўся працай менскага водаканалу


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота
Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў даручыў кіраўніцтву «Менскводаканалу» актыўней працаваць над зьніжэньнем стратаў вады ў яго сыстэмах, перадае БЕЛТА.

«Па Менску цяпер страты вады 23% — гэта ўявіць немагчыма, практычна чвэрць усяго абʼёму вады сыходзіць невядома куды. Мы яе здабылі, падалі, ачысьцілі — і страцілі», — абураўся Кабякоў. Пра тое, ці ёсьць аналягічныя страты ў іншых водаканалах Беларусі, не паведамляецца.

Кіраўнік «Менскводаканалу» Алег Аўруцін прызнаў праблему, але заявіў, што прадпрыемства працуе над яе рашэньнем і пастаянна шукае працёкі ў трубах, а таксама наладжвае сыстэму ўліку вады.

Аўруцін дадаў, што ў тых тэставых дамах, дзе паставілі аўтаматычныя лічыльнікі вады (зьвесткі зь якіх падаюць не жыхары, а самі апараты), страты вады зьнізіліся з 15% да 5%. Такія лічыльнікі думаюць ставіць і далей, калі атрымаецца распрацаваць айчынныя танныя, або ставіць нейкія «радыёнакладкі» на звычайныя лічыльнікі. Экспэрымэнтальныя наборы аўтаматычных лічыльнікаў каштавалі 50 даляраў, цану беларускага прыбору хочуць зрабіць удвая меншай. Першы час усталёўваць новыя лічыльнікі будуць самі жыхары, а ці будуць яны далей усталёўвацца за кошт жыхароў, і добраахвотна ці прымусова, — пакуль невядома.

Паведамляецца, што Кабякоў таксама наведаў сьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод на палігоне «Трасьцянецкі» і міні-цеплаэлектрастанцыю на «мясцовых відах паліва», а таксама разгледзеў працу дыспэтчарскай службы 115.

* * *

За два дні да таго прэм’ер абураўся стратамі цеплавой энэргіі пры транспартаваньні па цеплавых сетках у некаторых раёнах і пытаў, хто будзе плаціць за марна нагрэтае паветра.

У ліку іншых праблемаў ЖКГ Кабякоў назваў няспраўнасьць некаторых прыладаў уліку ў сыстэме рэгуляваньня ацяпленьня і падаваньня гарачай вады, расчыстку паветраных лініяў электраперадачаў ад навакольных небясьпечных расьлінаў, запазычанасьці за торф і дрывяное паліва.

Праверкай «адэкватнасьці» тарыфаў на ЖКГ абяцаў заняцца Дзяржаўны кантроль, які паведамляў, што прыдумаў, як зьнізіць сабекошт камунальных паслугаў на 7,3% у 2017–2018 гадах. У канцы ліпеня кіраўнік дзяржаўнага кантролю абяцаў, што тарыфы на ЖКГ не павысяцца да канца году, але зь верасьня павышэньне адбылося.

З заяваў міністра ЖКГ вынікае, што падаражэньне «камуналкі» могуць паскорыць: з пачатку 2018 году беларусы будуць кампэнсаваць 100% выдаткаў на ўсё, акрамя ацяпленьня, хоць раней міністар эканомікі казаў, што з пачатку 2018-га беларусы будуць кампэнсаваць толькі 75% выдаткаў на ЖКГ (разам з ацяпленьнем).

Падвышэньне кампэнсацыі за паслугі ЖКГ было адным з патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду, каб Беларусь магла атрымаць крэдыт. Як выявілася на канфэрэнцыі ў чэрвені, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і Рэспубліканскае таварыства ўласьнікаў жыльля зацікаўленыя ў рэформе ЖКГ, але дэпутаты Палаты прадстаўнікоў канфэрэнцыю праігнаравалі, з чаго арганізатар — кампанія «Гавары праўду» — зрабіў выснову, што і рэформа ЖКГ дэпутатам не патрэбная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG