Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даць драпака. Як маляўніча апісаць імклівыя ўцёкі


Выразы на штодзень:

(За)даць, (за)даваць драпака

  • ‘кінуцца наўцёкі, імкліва ўцякаць’

Панас задаў такога драпака, што сьнег курэў пад яго нагамі. (Якуб Колас)

Слова драпак мае два значэньні. Першае — ‘спружыноўка (культыватар)’, а другое — ‘уцёкі’. У гэтым значэньні асобна не ўжываецца, запісаў яшчэ Іван Насовіч у 1870 годзе і прывёў прыклады: Драпака ўдарыў, даў, пусьціўся.

Паходзіць ад дзеяслова драпаць (які азначае і ‘шкрэбці нечым вострым’, і ‘сыходзіць, зьбягаць’).

Сынонімы: даць, даваць дзеркача / дзерака / драла / цуба(ка) / хадалá / хадаляку / цягу / маху;

даць, даваць у лозы;

уцячы, уцякаць як ад халеры / як ад заразы / як чорт ад пасьвячонай вады;

пяты падмазаць, падмазваць.

Фразэалягізм даваць драпака аб’ядноўвае беларускую і ўкраінскую мовы. А ў расейскай літаратурнай мове словаў драпак і драпать няма. У слоўніку Ўшакова драпать апісваецца як „презрительный вульгарный неологизм из воровского жаргона“; выраз он в драпаке ‘в побеге’ падае „Словарь русского арго“.

Як і многія іншыя выразы мовы расейскіх лягераў і турмаў, драпать, драпак — беларусізм ці ўкраінізм.

Шукайма беларускія фразэмы тут:

Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.

Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.

Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.

Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.

Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.

Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.

Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

XS
SM
MD
LG