Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фіґа (хвіґа) на талерцы:

Выраз уласнабеларускі, суседзі падобнага ня маюць. Запісаў яшчэ Іван Насовіч у ХІХ стагодзьдзі, прычым у паўнейшым выглядзе:

Той жа кукіш (фіґа), ды на талерцы

Насовіч патлумачыў:

‘Кажуць, калі хто грубасьць, дакор і непрыемнасьці прыхоўвае формамі далікатнасьці’.

Кандрат Крапіва свой верш 1927 году пра крывадушную ветлівасьць так і назваў:

Узвышша. № 4. 1927
Узвышша. № 4. 1927

Фіґа (хвіґа) вымаўляецца з выбухным гукам ґ (g), слова лацінскага паходжаньня, пачатнае значэньне ‘плод Ficus carica L.’ Мігі (жэст) у форме трох пальцаў па-беларуску завуцца некалькімі сынонімамі: фіґа (хвіґа), дуля (цікава, што і тут першае значэньне слова — садовы плод, а менавіта невялікая выцягнутая груша, і радавод слова таксама лацінскі), кука, кукіш.

А выразы

фіґа/трасца з макам

дуля з маслам

гулá асмаленая

ня маюць сэмантычных нюансаў і азначаюць проста ‘нічога’.

Чытайма пра фразэмы:
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

XS
SM
MD
LG