Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую кнігу ўзяць з сабою ў адпачынак? Беларускія незалежныя выдавецтвы прапануюць свае новыя выданьні, пра якія мы расказваем сваім чытачам цягам чэрвеня-ліпеня.

Сёньня рэкамэндацыі выдавецтва «Паперус».

1. Рыгор Барадулін, Алесь Камоцкі, Джон Кунстадтэр. Каб аднойчы. Вершы, фотаздымкі, песьні, ноты

Тры суаўтары, тры, кожны па-свойму, знакавыя постаці для беларускай культуры. Карыфэй паэтычнага слова Рыгор Барадулін. Аўтар і выканаўца мілагучных сьпеваў Алесь Камоцкі. І прыкіпелы душою да беларускіх краявідаў амэрыканскі фотамастак Джон Кунстадтэр, які цяпер практычна штогод праводзіць у нашай краіне па тры месяцы «творчых дасьледаваньняў». Слова, Гук і Выява паядналіся пад адною вокладкаю ў выданьні з загадкаваю назваю «Каб аднойчы». Дарэчы, да кожнае кнігі прыкладзены кампакт-дыск, а на адпаведных старонках усярэдзіне разьмешчаныя таксама ноты да ўсіх паэтычна-музычных кампазыцыяў, што склалі выданьне.

2. Антон Апанасевіч. Лебедзеўская сага. Фрагмэнты гісторыі адной вёскі

Як напісаў у сваім адмысловым уступным слове да гэтага краязнаўчага выданьня на ўвесь сьвет вядомы беларус і слынны «лебедзевец» Барыс Кіт: «Кніга апавядае гісторыю Лебедзева са старажытных часоў да сучаснасьці. Яе зьмест паказвае, наколькі даўняя, багатая і цікавая гісторыя былога мястэчка. Яна дапамагае чытачу ўбачыць адметнасьць духоўнага жыцьця лебедзеўцаў, іх імкненьне да творчасьці. Патрэба выдаць кнігу пра Лебедзева насьпела даўно». Некалі, працуючы выкладчыкам матэматыкі ў Баранавіцкім пэдагагічным інстытуце, будучы сусьветнавядомы навуковец пазнаёміўся са сваёю будучаю жонкаю Нінаю Корсак, ураджэнкаю Лебедзева. І пасьля таго, як пачалася Другая вайна, маладая сям’я знайшла прытулак у гэтым мястэчку зь вельмі паэтычнаю назваю, што месьціцца паблізу Маладэчна.

3. Лукас Бэрфус. Каала. Раман

Ці задумваўся хто з вас, чаму здараецца так, што людзі вырашаюць добраахвотна пакінуць гэты сьвет? Што штурхае нагу самагубцы зрабіць крок на незваротным шляху? Стыхійны гэты крок або старанна абдуманы? Сплянаваны самім чалавекам або запраектаваны атачэньнем? Якое наогул месца займае ў сьвеце кожны чалавек і што па сабе пакідае?.. Паразважаць над гэтымі ды іншымі пытаньнямі чалавечага існаваньня даводзіцца Лукасу Бэрфусу, швайцарскаму пісьменьніку, аўтару рамана «Каала» які пасьля самагубства брата пачынае праўдзівае дасьледаваньне. Каб зразумець, што выштурхнула брата з жыцьця, аўтар рэканструюе яго гісторыю: кім насамрэч быў ягоны брат, чаму знаёмыя звалі яго «каала», і як гэтая мянушка паўплывала на далейшы лёс.

4. Аляксей Крывашэін. Ліквідацыя. Дакумэнтальная аповесьць

Больш як тры дзясяткі год таму разьюшаны атам, пра бясьпеку і мірны характар якога гаварылі савецкія вучоныя, узарваў ня толькі станцыю ў маленькім украінскім гарадку Чарнобылі — ён без перабольшаньня ўскалыхнуў цэлы сьвет. Як ня раз здаралася ў нашай гісторыі, лёс наканаваў Беларусі спаўна заплаціць за чужыя грахі. У сваёй «Чарнобыльскай малітве» ляўрэатка нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч напісала: «Увесь сьвет стаў разумнейшым пасьля Чарнобыля. І сёньня беларусы, як жывыя „чорныя скрыні“, занатоўваюць інфармацыю для будучага. Для ўсіх». Пра тое, як беларусы пераўтварыліся ў «чарнобыльцаў», дэталёва і падрабязна напісана ва ўспамінах Аляксея Крывашэіна.

5. Ёнас Люшэр. Вясна барбараў. Навэля. Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Герасімовіч

Беларускае выданьне эўрапейскага бэстсэлеру, намінаванага на германскую і швайцарскую кніжныя прэміі. Твор упершыню выдадзены па-беларуску, і дарэчы, што ня так часта бывае, беларускі пераклад намнога апярэдзіў па часе ўкраінскі. Паводле фабулы, на шыкоўным курорце ў Тунісе прадстаўнікі лёнданскага фінансавага сьвету размашыста гуляюць, спраўляючы вясельле аднаго са сваіх бонзаў. Тым часам на Радзіме, што раней або пазьней мусіла здарыцца, ідзе прахам уся брытанская фінансавая сыстэма. Уздымаецца страшэнны вэрхал, і нават хвалёная «памяркоўнасьць» не ратуе галоўнага пэрсанажа ад сапраўднага барбарства, што хавалася пад танюткім вэлюмам «цывілізаванасьці» тых, хто яго атачае. Трапляецца ў навэле і свой «знак бяды» — вярблюд, зь якім чытачы «сустрэнуцца» бадай што напачатку аповеду і які потым невідочна будзе «суправаджаць» усе падзеі ў навэле.

З гэтымі ды іншымі выданьнямі выдавецкага праекта «Паперус» можна таксама падрабязьней азнаёміцца на сайце Prastora.by.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG