Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую кнігу ўзяць з сабою ў адпачынак? Беларускія незалежныя выдавецтвы прапануюць свае новыя выданьні, пра якія мы раскажам сваім чытачам цягам чэрвеня. Сёньня рэкамэндацыі выдаўца Зьмітра Коласа.

1. Патрык Зюскінд. Басэтля. Парфума. Пераклад зь нямецкай Васіля Сёмухі

Абодва творы, зьмешчаныя ў кнізе, зьяўляюцца ўсясьветнымі бэстсэлерамі, а раман «Парфума» перакладзены на 50 моваў сьвету і выдадзены агульным накладам звыш 20 мільёнаў асобнікаў.

2. Кнігі сэрыі «Паэты плянэты»

Сэрыя, заснаваная год назад, знаёміць з найлепшымі ўзорамі ўсясьветнай паэзіі. Ужо выйшлі ў сьвет зборнікі выбраных вершаў 21 паэта ад старажытнасьці да нашых дзён, перакладзеныя амаль з паўтара дзясятка моваў сьвету: Сапфо, Пэтрарка, Рансар, Шэксьпір, Гётэ, Містраль, Хаям, Бадлер, Рыльке, Гёльдэрлін, Гайнэ, Апалінэр, По, Гарсія Лорка, Кітс, Барадулін, Дэбэлянаў, Катул, Вырхліцкі, Каханоўскі, Катры Вала. У хуткім часе выйдуць яшчэ тры зборнікі — Кавафіса, Чакса і Пастэрнака.

3. Юстэйн Гордэр. Сафіін сьвет. Пераклад з нарвэскай Лідыі Ёхансэн

Кніга, якая ўпершыню выйшла ў Нарвэгіі ў 1991 годзе, зьяўляецца ўсясьветным бэстсэлерам, перакладзена больш як на 65 моваў сьвету і выйшла агульным накладам звыш 50 мільёнаў асобнікаў. Гэта раман пра філязофскае мысьленьне і гісторыю філязофіі, адрасаваны падлеткам, але будзе цікавы і даросламу. Напісаны, насуперак таму, што можна чакаць ад кнігі на такую тэматыку, у прыгодніцка-дэтэктыўным жанры, чытаецца займальна і лёгка. Знаёміць практычна з усімі поглядамі на сусьвет, што існавалі за гісторыю чалавецтва: ад мітаў і Бібліі да тэорыі вялікага выбуху.

4. Фрыдрых Ніцшэ. Так сказаў Заратустра. Пераклад з нямецкай Васіля Сёмухі

Усясьветна вядомы паэтычна-філязофскі трактат, у якім аўтар разважае пра месца чалавека ў сьвеце, пра ягоныя ўзаемадачыненьні з прыродаю і грамадзтвам.

5. Калевала. Пераклад зь фінскай Якуба Лапаткі

Перакладчык быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Карласа Шэрмана. Кніга знаёміць з усясьветна вядомым творам карэла-фінскага паэтычнага эпасу, у аснову якога ляглі народныя песьні, сабраныя і апрацаваныя ў першай палове ХІХ стагодзьдзя фінскім лекарам і мовазнаўцам Эльясам Лёнрутам.

XS
SM
MD
LG