Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую кнігу ўзяць з сабою ў адпачынак? Беларускія незалежныя выдавецтвы прапануюць свае новыя выданьні, пра якія мы раскажам сваім чытачам цягам чэрвеня. Сёньня рэкамэндацыі выдавецтва «Логвінаў».

1. Ігар Бабкоў. «Хвілінка». Кніга другая. Раман

Найлепшая кніга прозы паводле прэміі Гедройца вяртаецца. Другая частка завяршае падарожжа праз эпохі, распачатае 24 жніўня 1984 году трыма сябрамі ў ленінскім пакоі гістфакаўскага інтэрнату на Сьвярдлова, 34. Змагар Францішак блукае віленскімі лябірынтамі ў пошуках залатой маскі, сьпявачка Эва Дамініка ўцякае з краіны, але вяртаецца да сябе, паэт Багдан радыкальна мяняе краявіды, унутры і навонкі.

2. Вальжына Морт. «Эпідэмія ружаў». Паэзія

«Эпідэмія ружаў» — другая выдадзеная на радзіме кніга беларуска-амэрыканскай аўтаркі, якая ўжо дзесяць гадоў жыве і працуе ў ЗША і выкладае паэзію ў Карнэльскім унівэрсытэце. Вальжына Морт — ляўрэатка міжнародных літаратурных прэмій «Крышталь Віленіцы» (2004), Burda Poetry Prize (2008) i The Bess Hokin Prize (2010), прэстыжных амэрыканскіх стыпэндый Lannan Literary Fellowship (2010), Amy Clampitt Fellowhsip (2016). У 2008 годзе ў выдавецтве Coopper Canyon Press выйшла самая вядомая кніга Вальжыны Морт — «Factory of Tears» («Фабрыка сьлёз»).

У 2011 годзе выйшаў другі яе ангельскамоўны зборнік вершаў «Collected Body». Новая беларуская кніга паэткі — гэта чарадзейны сад, дзе побач растуць боль і радасьць, любоў і вусьціш, жорсткасьць і мэлянхолія. Сад, у якога няма агароджы, сад, дзе валадараць цені і дзе кожны сам за сябе.

3. Уладзімер Арлоў. «Танцы над горадам». Аповесьці

Героі аповесьці «Танцы над горадам», што дала назву кнізе, — самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя міжсобку, а ўначы ўтвараюць сваё таемнае брацтва і адведваюць гарадзкія дахі, каб аддацца замарочнаму танцу. «...І бываюць ночы, калі я прысьвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго сьвету... Я танчу ў памяць пра сябе, бо прыйдзе ноч, калі я пачну пашыраць кола свайго танца, пакуль яно не кранецца бездані і дах зноў будзе паўнаўладна належаць толькі ластаўкам, якія пачнуць забываць чалавека, што калісьці без дазволу ступіў на іх тэрыторыю, хоць і з павагаю зьняў абутак».

4. Яўхім Топал. «Цэх д’ябла». Пераклад з чэскае Сяргея Сматрычэнкі. Фантастыка

Камусьці прыйшло ў галаву, што Беларусь можа быць цікавай іншаземцам сваімі пакутамі. І, каб зрабіць небывалы музэй жудасьці, сюды таемна перавозяць адмыслоўца, які ўсё гэта гатовы наладзіць. Дзеяньне такім чынам адбываецца часткова ў Беларусі, хіба ў фіктыўнай фантасмагарычнай Беларусі, часткова на радзіме аўтара. У кнізе Топала пераасэнсоўваецца жудасная таталітарная мінуўшчына. Але, каб зацяніць жахі, у якасьці галоўнага пэрсанажу ўведзены герой, які ніколі ў жыцьці ня піў піва і на працягу невялікага раману тройчы закахаўся ў розных жанчын...

5. Кім Чжун Хо alias Сяргей Прылуцкі. «Патрыятызм для чайнікаў». Паэзія.

Да канца невядома, Кім Чжун Хо — сапраўднае імя і прозьвішча аўтара ці псэўданім. Больш за тое, ніхто дагэтуль ня ведае, як ён выглядае, дзе нарадзіўся і вырас, і на якім этапе ён быў завочна засуджаны ўладамі НДАР да сьмяротнага пакараньня.

XS
SM
MD
LG