Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 кніг выдавецтва «Тэхналёгія» на гэтае лета


Ілюстрацыйнае фота

Якую кнігу ўзяць з сабою ў адпачынак? Беларускія незалежныя выдавецтвы прапануюць свае новыя выданьні, пра якія мы раскажам сваім чытачам цягам чэрвеня. Сёньня рэкамэндацыі выдавецтва «Тэхналёгія».

1. Уладзімер Арлоў, Павал Татарнікаў. Айчына: маляўнічая гісторыя. Ч. 1. Ад Рагнеды да Касцюшкі

Аўтары адзначаюць, што «Айчына» найперш адрасаваная дзецям і падлеткам. Але гэта ня значыць, што яна ня будзе цікавая дарослым. Гэта кніга для кожнай беларускай сям’і. Захапляльныя эсэ пра даўнейшыя падзеі на землях радзімы надзвычай прыгожа аздобленыя: на 223 старонках разьмешчана 200 малюнкаў, сярод якіх 65 партрэтаў гістарычных асобаў і каля 40 гістарычных панарамаў, што можна разглядаць гадзінамі.

2. Язэп Лёсік. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы

Акадэмік Язэп Лёсік вядомы як славуты мовазнавец, аўтар шматлікіх падручнікаў беларускай мовы, адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 году. Але мала хто ведае, што ён яшчэ і аўтар шэрагу публікацый з гісторыі Беларусі. Адзін з такіх артыкулаў — «Літва-Беларусь». Упершыню ён быў надрукаваны ў 1921 годзе, а цяпер выйшаў асобнай кнігай, якая дапаможа разьвязаць спрэчку, што раз за разам выбухае на прасторах між Берасьцем і Смаленскам — пра тое, хто ўсё ж тут жыве: літвіны ці беларусы.

3. Сяргей Панізьнік. Выбранае. Паэзія

Амаль паўстагодзьдзя таму будучы паэт быў накіраваны ў савецкія акупацыйныя войскі ў Чэхаславаччыне, дзе ён працаваў у дывізіённай газэце. Вымушаная выправа дала Панізьніку магчымасьць пасябраваць са славутым беларускім сьпеваком-эмігрантам Міхасём Забэйдам-Суміцкім ды перакладчыкам беларускай літаратуры на чэскую Вацлавам Жыдліцкім. Пасьля публічнага асуджэньня гвалту СССР у дачыненьні Чэхаславакіі на Панізьніка распачалі ціск спэцструктуры, але паэт застаўся на свабодзе. Што праўда, потым пазбавіўся працы — за сяброўства з Ларысаю Геніюш. Водгульле ўсіх тых драматычных падзеяў — на старонках ягонай кнігі выбранага за пяцідзесяцігадовы творчы шлях.

4. Алесь Зайка. Прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны

На старонках гэтае кнігі — жарты і калямбуры, прымаўкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітаньні і зычэньні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засьцярогі і прысяганьні, праклёны і адкляцьці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зьневажаньні і параўнаньні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны. Але зачаруе гэтая кніга жыхара любога куточка Беларусі.

5. Хто адгадае? Беларускія народныя загадкі. Укладальнік Зьміцер Санько

Вясёлай і загадкавай стане летняя вандроўка кожнага, хто захопіць гэтую кнігу ў дарогу. Не палянуйцеся набыць яе!

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG