Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп не вітаў Пуціна зь перавыбраньнем. Хто і як павіншаваў


Уладзімір Пуцін прамаўляе на канцэрце ў гонар гадавіны акупацыі ўкіраінскага Крыму, 18 сакавіка 2017 году
Уладзімір Пуцін прамаўляе на канцэрце ў гонар гадавіны акупацыі ўкіраінскага Крыму, 18 сакавіка 2017 году

Аляксандар Лукашэнка адным зь першых павіншаваў Уладзіміра Пуціна зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі — яшчэ зранку 19 сакавіка, калі былі абвешчаныя толькі папярэднія вынікі выбараў.

Выбары Пуціна, віншаваньне Лукашэнкі, укіды, піражкі і шавялюра Дудзя. Цікавае каротка

Яшчэ раней за Лукашэнку — першым сярод кіраўнікоў дзяржаваў — Пуціна павіншаваў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.

Ангела Мэркель, архіўнае фота
Ангела Мэркель, архіўнае фота

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель павіншавала Пуціна зь перавыбраньнем, але адзначыла, што «сёньня больш важна, чым калі-небудзь, працягваць дыялёг і разьвіваць стасункі між нашымі краінамі і народамі», пажадала дзейнічаць у рашэньні двухбаковых і міжнародных праблемаў «канструктыўна, у пошуку ўстойлівых рашэньняў».

Пуцін таксама атрымаў віншаваньні ад прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера. Але партыйны альянс ХДС і ХСС, які ўзначальвае Мэркель, выдаў заяву, у якой пішуць, што Расея мусіць спыніць «парушэньні міжнароднага права».

Эманюэль Макрон, архіўнае фота
Эманюэль Макрон, архіўнае фота

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон патэлефанаваў Пуціну, выказаў пажаданьні посьпехаў у палітычнай, дэмакратычнай, эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі краіны, таксама праявіў занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй у сырыйскіх Афрыне і Ўсходняй Гуце — і заклікаў Пуціна прыкласьці ўсе намаганьні, каб спыніць там забойствы мірных грамадзянаў.

Таксама Макрон заклікаў Пуціна даць выразны адказ на пытаньні пра замах у Вялікай Брытаніі на былога расейскага выведніка Скрыпаля і разабрацца зь меркаванымі праграмамі вытворчасьці хімічнай зброі. Макрон сярод іншага адзначыў, што Францыя прытрымліваецца ідэі тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і выкананьня міжнародных дамоўленасьцяў.

Пры гэтым Макрон выказаў упэўненасьць, што канструктыўны дыялёг Эўропы і Расеі мусіць працягвацца, стасункі Масквы з Эўропай могуць быць плённымі. У пісьмовай заяве канцылярыі Макрона па выніках размовы адзначаецца, што ўсё гэта не было віншаваньнем Пуціну.

Сіндза Абэ, архіўнае фота
Сіндза Абэ, архіўнае фота

Прэм’ер Японіі Сіндза Абэ павіншаваў Пуціна зь перамогай па тэлефоне. Размова закранала каапэрацыю ў ядзерным пытаньні Паўночнай Карэі і эканамічную актыўнасьць на спрэчных астравах. Абэ таксама нагадаў Пуціну, што ўжываньне хімічнай зброі непрымальнае — трэба перадусім растлумачыць факты, казаў ён Пуціну, які адмаўляе ўдзел Крамля ў атручваньні Скрыпаля.

Таксама віншаваньні накіравалі кіраўнікі Азэрбайджану, Армэніі, Балівіі, Вэнэсуэлы, Ізраілю, Індыі, Ірану, Кітаю, Казахстану, Кіргізстану, Кубы, Малдовы, Сырыі, Таджыкістану, Турэччыны, Узбэкістану, самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі (непрызнаных дзяржаваў на тэрыторыі Грузіі), самаабвешчаных ДНР і ЛНР (непрызнаных дзяржаваў на тэрыторыі Ўкраіны) і іншыя.

Не зьбіраюцца віншаваць

Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, паводле прэс-службы Белага дому, ведае пра перамогу Пуціна, але не плянуе тэлефанаваць яму (у Twitter пра перамогу Пуціна ён таксама не пісаў). Адзначаецца таксама, што ў ЗША «ня зьдзіўленыя» вынікамі расейскіх выбараў.

Тэрэза Мэй, архіўнае фота
Тэрэза Мэй, архіўнае фота

Пятро Парашэнка, архіўнае фота
Пятро Парашэнка, архіўнае фота

Таксама Пуціна не зьбіраюцца віншаваць кіраўнікі Вялікай Брытаніі (Лёндан і Масква перажываюць дыпляматычны канфлікт праз атручваньне Скрыпаля) і Ўкраіны (Кіеў абураецца правядзеньнем галасаваньня ў акупаваным Расеяй Крыме і называе выбары «нічым іншым як фальсыфікацыяй»). Кіраўніцтва Італіі пакуль не віншавала Пуціна — яго павіншавалі толькі крайнія правыя італьянскія палітыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG