Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны Саюз журналістаў: некаторыя СМІ сталі ўдзельнікамі акцый пратэсту і скажаюць дэкрэт № 3


Праўладны Беларускі саюз журналістаў заявіў, што «некаторыя СМІ адкрыта выступаюць на баку палітычнай апазыцыі і скажаюць сутнасьць дэкрэту № 3».

Як гаворыцца ў заяве, «аналіз мэдыйнага поля ў кантэксьце асьвятленьня дэкрэту паказаў, што фактычна асобныя прадстаўнікі мэдыйнай сфэры адкрыта занялі бок так званай пазасыстэмнай апазыцыі. Пры гэтым, прыкрываючыся прынцыпамі свабоды слова, сталі актыўнымі ўдзельнікамі пратэстных акцый. У некаторых СМІ была скажоная галоўная ідэя дэкрэту — ухіленьне сацыяльнага ўтрыманства».

Акрамя таго, у БСЖ зьвяртаюць увагу на асаблівую актыўнасьць асобных замежных інтэрнэт-рэсурсаў і замежных СМІ, якія асьвятляюць акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, ня маючы акрэдытацыі ў Беларусі. Такія СМІ, на думку БСЖ, «імкнуцца навязаць беларускаму грамадзтву свой пункт гледжаньня на грамадзка-палітычныя і сацыяльныя працэсы ў краіне».

У сваю чаргу, незалежная Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць затрыманьні і суды над незалежнымі журналістамі спробай пазбавіць грамадзтва праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне:

«Тое, што адбылося, нагадвае 2011 год, калі падчас „маўклівых акцыяў“ затрымлівалі журналістаў, каб яны не „рабілі карцінкі“. Тая самая лёгіка дзейнічае і сёньня, калі журналістаў затрымліваюць, каб перашкодзіць распаўсюду інфармацыі пра тое, што адбываецца ў рэгіёнах. У Воршы міліцыянты так і казалі, што затрымліваюць журналістаў, бо тыя здымаюць, робяць анлайн-стрымы. Зразумела, што гэта ўсё не падабаецца міліцэйскім чынам», — сказаў Андрэй Бастунец.

А юрыст БАЖ Алег Агееў заявіў, што БАЖ будзе патрабаваць завядзеньня крымінальнай справы па факце перашкоды журналістам у іх прафэсійнай дзейнасьці.

XS
SM
MD
LG