Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы Бахвалавай — штраф 690 рублёў: «Спрабавала разабрацца з тэхнікай затрыманага апэратара»


Журналістку тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Бахвалаву ў судовую залю вялі 4 міліцыянты

У Аршанскім раённым судзе разглядзелі справу журналісткі «Белсату» Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай), якую абвінавачваюць у непадпарадкаваньні дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі, а таксама працы без акрэдытацыі на замежнае СМІ.

Сумарны штраф склаў 690 рублёў — 5 базавых велічыняў за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» і 25 базавых — за парушэньне заканадаўства аб СМІ. Яна зьбіраецца абскарджваць прысуд.

Бахвалава была затрыманая разам з апэратарам Аляксандрам Баразенкам у Аршанскім РАУС, куды прыйшлі даведацца пра лёс затрыманага сустаршыні БХД Паўла Севярынца. Баразенку праз пэўны час адпусьцілі, Бахвалаву затрымалі на ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Першапачаткова ў залю суду, куды завялі Бахвалаву, зь невядомых прычын не пускалі ні журналістаў, ні адваката, ні мужа Бахвалавай, ні нават судзьдзю. Калі іх урэшце пусьцілі ў залю, судзьдзя першым чынам забараніла відэаздымкі. «Белсат» перадае гукавую трансьляцыю.

Бахвалава не прызнала, што не падпарадкоўвалася міліцыянтам, калі тыя патрабавалі спыніць відэаздымкі ў РУУС. Яна тлумачыць, што спачатку затрымалі апэратара Баразенку, які перадаў ёй у рукі відэакамэру. Пакуль яна спрабавала выключыць камэру, якой карыстацца ня ўмела, яе затрымалі. Судзьдзя пацікавілася, чаму Бахвалава не перадала камэру супрацоўнікам міліцыі, каб тыя дапамаглі. Бахвалава патлумачыла, што ў выніку выключыла камэру сама, без дапамогі супрацоўнікаў міліцыі.

Міліцыянт-сьведка Павал Чарняўскі сьцьвярджае, што Бахвалава працягвала відэаздымкі, нягледзячы на ягоныя патрабаваньні. Моманту, калі камэра трапіла ад Баразенкі да Бахвалавай, Чарняўскі ня памятае. Ён сьцьвярджае, што Бахвалава пагаджалася выключыць камэру, але «не прадпрымала канкрэтных дзеяньняў». У пратаколе ж запісана, што Бахвалава «адказала катэгарычнай адмовай».

У судзе Бахвалава спрабавала давесьці, што яе вінавацяць беспадстаўна, што да супрацоўніцтва без акрэдытацыі. Яна цьвердзіла, што зьяўляецца фрылансэрам, і ў гэтым статусе супрацоўнічае з рознымі СМІ. Таксама яна падкрэсьлівала, што яе затрымліваў чалавек у цывільным, таму яна мусіла пераканацца, не распаўсюджвае прадукцыю СМІ і не вырабляла яе. Адвакат Бахвалавай заяўляе, што складу адміністрацыйнага правапарушэньня няма: Бахвалава прапануе свае матэрыялы СМІ як фрылансэр, але ян ёсьць штатнай супрацоўніцай «Белсату», а адказнасьць для фрылансэра за дзейнасьць без акрэдытацыі адсутнічае.

У час разгляду справы Бахвалавай стала кепска, яе вывялі з залі суду на некалькі хвілінаў, пазьней вярнулі ў залю і працягнулі працэс. У час працэсу яна прасіла вады, тлумачыла, што не магла есьці ў ізалятары праз санітарныя ўмовы.

Кадры затрыманьня Бахвалавай і Баразенкі засталіся ў трансьляцыі «Белсату» ад 2 гадзіны 58 хвіліны. Пытаньне пра далучэньне кадраў да справы судзьдзя адклала на пазьнейшы час.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG