Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін вядзе трансьляцыі і зь мітынгаў, і з суду над сабою


Сяргей Пятрухін

Сёньня суд у Берасьці прадоўжыць разгляд адміністратыўнай справы блогера Сяргея Пятрухіна. Учора суд перанёс разгляд справы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Берасьці на 10 раніцы 14 сакавіка.

Блогер Пятрухін вёў жывыя рэпартажы зь мітынгаў «недармаедаў» 5 сакавіка ў Берасьці і 11 сакавіка ў Пінску.

Учора ён вёў жывы відэарэпартаж у фэйсбуку з судовай залі, калі разглядалася справа аб удзеле Сяргея Пятрухіна ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Відэасюжэты, у якіх выкрываецца карупцыя і беззаконьне, Сяргей Пятрухін выкладвае ў сваім блогу «Народны рэпарцёр».

46-гадовы Сяргей Пятрухін зь Берасьця вядомы як аўтар вострых сюжэтаў, у якіх агучвае факты карупцыі, злоўжываньні чыноўнікаў, міліцыянтаў. Першы свой сюжэт Сяргей зьняў чатыры гады таму:

— Свой блог я пачаў весьці на пачатку 2013 году. Першы сюжэт быў прысьвечаны праблемам з ЖКГ. У маім доме доўга не рабілі рамонт. Тады я набыў фотаздымач, у мяне даўно была цікавасьць да гэтага. З дапамогай гэтай прылады я зьняў фільм, які назваў «Сага аб чацьвёртым ЖЭС», і выклаў стужку ў інтэрнэце. Стужку заўважылі на tut.by. З таго часу і вяду свой блог.

— Назву «Народны рэпарцёр» вы самі прыдумалі, гэта цалкам ваш канал?

— Так, гэта мая назва, я ўжо вось чатыры гады і кірую каналам, і ствараю для яго сюжэты.

— Ці проста было пачынаць працаваць зь відэа? Або вы ўжо ўмелі рабіць фільмы?

— У мяне тады не было аніякага досьведу. Усё пачынаў з нуля, як той казаў. Але здымаць насамрэч зусім не складана. Гэта толькі падаецца, што цяжка, а на самой справе досыць проста, трэба толькі разабрацца.

Сяргей Пятрухін нарадзіўся ў Кобрыні, у Берасьце прыехаў на працу. Па адукацыі ён актор, таму ўладкаваўся ў мясцовым тэатры, пазьней набыў кватэру ў абласным цэнтры. Але з тэатру сышоў:

— Хіба ў нас можна працаваць у дзяржаўных установах? Сытуацыя ў тэатры аналягічная, што і на заводзе. Такія ж самыя інтрыгі, такое ж разьмеркаваньне ўлады. Гэта мне нецікава і агідна. Да таго ж спэктаклі таксама ставіліся нецікавыя. Таму я кінуў гэтую працу.

— Але выкрываць карупцыянэраў, супрацьдзейнічаць міліцыянтам, сілавікам — гэта вымагае яшчэ больш нэрваў. Гэта ж і перасьлед у тым ліку, прэсінг з боку чыноўнікаў, сілавікоў?

— Гэта першы суд нада мною. Мне нават дзіўна, што калі я прыношу ў Сьледчы камітэт матэрыялы пра карупцыю, злоўжываньні з боку ўладаў, прычым прыношу канкрэтныя доказы, зь пячаткамі ў тым ліку, — то нічога не адбываецца. Ніхто не праводзіць расьсьледаваньняў фактычна гатовых спраў. А тут мне прадʼяўляюць, што я зрабіў нейкі рэпост, нешта незразумелае. Гэта проста сыстэма, у якой знаходзяцца ўсе дзяржаўныя структуры. Таму сьледчыя і не расьсьледуюць злоўжываньні чыноўнікаў — бо яны, па сутнасьці, адно цэлае. Я ж хачу, каб было ўсё празрыста. Буду змагацца і надалей за права кожнага чалавека на годнасьць, павагу да яго, на свабоду, галоўным чынам.

Блогеры Сяргей Пятрухін (зьлева) і Дзьмітрый Гарбуноў
Блогеры Сяргей Пятрухін (зьлева) і Дзьмітрый Гарбуноў

— Сяргей, падчас разгляду справы ў судзе вы рабілі жывую трансьляцыю ў сацыяльных сетках і на пытаньне судзьдзі, ці вы яму давяраеце, прагучаў адказ, што не. А чаму?

— Судзьдзя, які мяне судзіў, сам нячысты на руку і схоплены на злачынстве, за што мае спагнаньне.

— Гэты судовы супрацоўнік — асоба, якая магла стаць адным з «герояў» «Народнага рэпарцёра?»

— Так, ён і фігураваў у адным з матэрыялаў «Народнага рэпарцёра», мы пісалі пра яго. Ведаю, што судзьдзю гэтага аштрафавалі, пакаралі за злоўжываньні.

— З чым зьвязаны сёньняшні суд? Які прысуд можа вынесьці судзьдзя ў дачыненьні да вас?

— Мне падаецца, што жадаюць мяне і майго апэратара, Дзьмітрыя Гарбунова, ізаляваць напярэдадні «маршу недармаедаў» 25 сакавіка. Таму прысуд будзе — зьняволеньне на 15 сутак. Справа ў тым, што ў нас атрымаліся досыць прыстойныя стрымы з акцыяў абураных беларусаў. Мы паказалі ў тым ліку і міліцыянтаў, якія працавалі ў цывільным на акцыях. Гэта вельмі моцна раззлавала сілавікоў. Я ж не журналіст, я блогер, таму паказваю падзеі з маршаў і камэнтую сытуацыю. Я ж ніякі не арганізатар акцыяў. Але маю права на тое, каб выказваць сваю думку падчас жывой трансьляцыі ў інтэрнэце. Гэта, відаць, вельмі не падабаецца.

— Як вы ацэньваеце — ці растуць пратэсты ў рэгіёнах? Ці прачнуліся беларусы і ці гатовыя змагацца за зьмены ў краіне?

— Я думаю, што калі ня будзе плёну з выступаў грамадзянаў краіны, калі мы, карыстаючыся сытуацыяй, не правядзем дэмакратычныя выбары (але, падкрэсьліваю, толькі мірным шляхам), то нас канчаткова зробяць рабамі. Мы павінны выбірацца з гэтай сытуацыі, бо людзей абрабавалі, забралі ўсе правы, у тым ліку і свабоду. Улады разумеюць сытуацыю, таму і перасьледуюць і судзяць людзей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG