Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плён хапуну


Ці дасягаюць улады сваіх мэтаў рэпрэсіямі супраць апазыцыі? Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Юры Дракахруст.

Глод: У апошні дзень лютага Аляксандар Лукашэнка публічна выказаўся пра акцыі пратэсту «дармаедаў». Ён сказаў, што пад выглядам дармаедзтва і яшчэ чагосьці некаторыя спрабуюць разгайдаць лодку і даказаць нам, што гэта ня нашы землі, а чыісьці. Таму для нас гэта вельмі актуальна. А дармаеды павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёньня выкарыстоўваць у самых карысьлівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсьць, зьнішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, «каб ня даць нам замацавацца».

Кіраўнік дзяржавы ня згадваў такія словы, як крымскі сцэнар. Аднак многія аналітыкі зразумелі выказваньне Лукашэнкі як намёк на расейцаў, якія ня супраць прыхапіць Беларусь.

Ажыцьцяўленьне такога сцэнару, зразумела, выбівае глебу з-пад ног Лукашэнкі. Гэта фактычна азначае разьвітаньне яго з уладай. Таму, здавалася б, ён ад самага пачатку мусіў бы жорстка расправіцца з апазыцыяй, як ён заўжды рабіў гэта раней.

Аднак сёлета ранейшыя мэтады падаўленьня апанэнтаў улада ўжывае ў значна меншай ступені. На мой погляд, як мінімум з трох прычынаў.

Першая — ня той сацыяльны склад пратэстоўцаў. Калі раней супраць Лукашэнкі і ягоных мэтадаў кіраваньня выступала толькі апазыцыя, то цяпер на вуліцы выходзіць і новая катэгорыя людзей. Гэта тыя, хто працуе за капейкі, тыя, каму ўжо наагул няма дзе працаваць, тыя, каго вымушалі плаціць падатак за дармаедзтва. А гэта прынцыпова іншы сэгмэнт.

Другая прычына — магчымы ціск з боку Расеі. Тут Лукашэнку вельмі важна мець саюзьніка супраць Пуціна ў выглядзе беларускай апазыцыі. А жорсткія падаўленьні пратэстоўцаў могуць выклікаць вялікія крыўды: маўляў, няхай сам Лукашэнка з Пуціным разьбіраецца.

Трэцяя прычына — улады разумеюць, што цяпер нельга паўтарыць сцэнар Плошчы-2010. На той час, трэба аб’ектыўна прызнаць, сытуацыя была шмат у чым іншая. І Крэмль ставіўся да беларускага лідэра інакш, і жыцьцёвы ўзровень быў іншы. І стаўленьне саміх беларусаў да свайго правадыра не было такім адмоўным, як цяпер.

Менавіта таму, я думаю, Лукашэнка і не сьпяшаецца ўжываць жорсткія захады супраць пратэстоўцаў. Але ж гэта ўспрымаецца многімі як слабасьць улады. Мне падаецца, такое лавіраваньне ня будзе доўгім. Пакуль жа ўзьнікае ўражаньне, што ўлада ў Беларусі ўжо не такая моцная, як раней. І таму, я думаю, яна сваіх мэтаў падобнымі рэпрэсіямі не дасягае.

Я згадваю сытуацыю з Плошчай. Тады Лукашэнка проста задушыў акцыю пратэсту. І нават радыкальная дэвальвацыя беларускага рубля, якая адбылася пасьля, яго не палохала. Думаю, што не спалохае яго і цяперашняе цяжкое становішча. Праўда, яно істотна адрозьніваецца ад сьнежня 2010 году, пра што мы ўжо падрабязна казалі. Таму я прагназую ў хуткім часе куды больш жорсткія рэпрэсіі. Альтэрнатывай ім можа быць толькі страта ўлады. Але ж гэта не для Лукашэнкі.

Карбалевіч: Усе зьвярнулі ўвагу, што 9 сакавіка Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу сілавым структурам адсекчы апазыцыю, як ён сказаў, «майданутых», ад шараговых удзельнікаў акцый. Пачалася кампанія запалохваньня кіеўскім Майданам, магчымымі крывавымі правакацыямі. У выніку па ўсёй краіне адбываюцца арышты лідэраў і актывістаў апазыцыі, журналістаў (за тры дні затрымана 48 чалавек).

Аднак улады пакуль пазьбягаюць масавых «хапуноў», «зачыстак», як гэта было пасьля 19.12.2010 або падчас кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» (2011 г.), па некалькіх прычынах.

Па-першае, у правінцыі, райцэнтрах можа элемэнтарна не хапіць міліцыянтаў для такіх зачыстак.

Па-другое, і гэта галоўнае, масавыя рэпрэсіі супраць шараговых пратэстоўцаў будуць нэгатыўна ўспрынятыя большасьцю насельніцтва. І гэта шматкроць узмоцніць ідэю несправядлівасьці ўлады, разбурыць яе легітымнасьць.

Таму так нечакана прагучалі словы Лукашэнкі, што людзям нельга забараніць выходзіць на вуліцу з пратэстам. Але толькі ў адмыслова адведзеных месцах, і зь імі абавязкова павінны размаўляць мясцовыя кіраўнікі «вэртыкалі». То бок пратэсты пад кантролем улады — гэта пацешнае палітычнае know-how беларускага лідэра.

Рэпрэсіі безумоўна нэгатыўна ўплываюць на размах пратэсту. Яны ствараюць атмасфэру страху. Зь іншага боку, бязь лідэраў, арганізатараў людзі, якія зьбіраюцца на плошчу, проста элемэнтарна ня ведаюць, што рабіць. Як гэта было ў Рагачове ўчора. Трэба, каб у кагосьці хоць бы мэгафон быў.

Думаю, як і 19 сьнежня 2010 году, улады махнулі рукой на адносіны з Захадам. Пра гэта сьведчыць той факт, што пачалося паляваньне на журналістаў. Праўда, ня вельмі зразумелы яго практычны сэнс, бо ці можна такім чынам пазьбегнуць распаўсюду інфармацыі пра акцыі.

Пакуль няма рэакцыі Захаду. І незразумела, якой яна будзе. Вось затрымалі журналістку нашага радыё Галіну Абакунчык. Думаю, што з гэтай нагоды выкажацца прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША. А вынік перамоваў з МВФ аб крэдыце моцна залежыць ад пазыцыі ЗША. Таму мне падаецца, што курс бярэцца на псаваньне адносінаў з Захадам, гэтая тэма цяпер Лукашэнку ня моцна хвалюе, бо ён спужаўся акцый і будзе рэагаваць толькі на гэтую праблему.

Дракахруст: Я згодны з вамі, калегі, што паводзіны ўлады ў значнай ступені абумоўленыя сытуацыяй, тым, што на пратэсты выходзяць «сацыяльна блізкія» ёй людзі, уласна лукашэнкаўскі электарат. Цікава, што гэта не крэатыўная кляса, як кажуць у Расеі, але цікава, што і не рабочыя, як правіла, гэта самыя бедныя, самыя ўразьлівыя ў сацыяльным сэнсе людзі. Улада заўсёды абяцала іх абараняць. І ўжо абрынаць на іх каток, як тое было ў сьнежні 2010 году, неяк непрыгожа.

Акрамя таго, важным фактарам зьяўляецца тое, што пакуль асноўны зьмест пратэсту — гэта сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні. У 2010 годзе прынамсі сам Лукашэнка ўспрымаў гэта як спробу захопу ўлады, спробу скінуць яго. Тады ўжо ўсе мэтады добрыя.

Калі яго не спрабуюць скінуць, як цяпер, то ёсьць пэўныя самаабмежаваньні. Я згодны з вамі, Валер, што хутчэй за ўсё арышты лідэраў аказваюць уплыў на дынаміку пратэстаў. Гэта і прыклад для шараговых удзельнікаў: вось гэтых арыштавалі, дык заўтра могуць і вас арыштаваць, з другога боку рэпрэсіі выбіваюць кіраўнікоў, «лордаў» пратэсту. Бязь лідэраў пратэст слабейшы.

Лідэрства ў цяперашніх пратэстах — адна з самых цікавых тэмаў. Многія з гэтых пратэстаў адбываюцца ці без выразных лідэраў, ці лідэры малавядомыя, прынамсі на агульнанацыянальным узроўні.

Цяпер удар прыйшоўся па самай апазыцыйнай «галоўцы», затрымалі Дашкевіча, Губарэвіча, Лябедзьку, Рымашэўскага, Севярынца. Аднак у рэгіёнах выбілі далёка ня ўсіх мясцовых лідэраў. І прычым хто там лідэр, а хто не — вельмі часта даволі цяжка вызначыць. Ну вось той самы Максім Філіповіч, зорка Байнэту, ніякі не палітычны актывіст, ён ня сябра ніякай партыі, але так выглядае, што гэты чалавек вылучаецца ўжо на агульнанацыянальную ролю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG