Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мурада Амрыева перадалі чачэнскім паліцыянтам


Мурад Амрыеў, архіўнае фота
Мурад Амрыеў, архіўнае фота

Байца ММА Мурада Амрыева перадалі чачэнскім паліцыянтам, перадае «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах Цэнатральнай фэдэральнай акругі Расеі.

«На тэрыторыі Беларусі яго няма. Ён яшчэ ўчора быў перададзены прадстаўнікам праваахоўных органаў Расейскай Фэдэрацыі», — пацьвердзілі Свабодзе ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму інфармацыю пра перадачу Амрыева расейцам.

Байца MMA Мурада Амрыева перадалі чачэнскім паліцыянтам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:48 0:00

Грамадзянін Расеі Амрыеў, які пражываў у Чачні, зьехаў з Расеі ў 2013 годзе пасьля таго, як мясцовыя сілавікі двое сутак зьбівалі і катавалі яго электрычнасьцю, прымушаючы даць паказаньні на старэйшага брата. Высокапастаўлены паліцыянт падазраваў яго ў падрыхтоўцы замаху на сваё жыцьцё. Амрыеву пагражалі «крывавай помстай». Акрываўленага, яго адпусьцілі пасьля катаваньняў, загадаўшы вярнуцца на наступны дзень. Замест гэтага Амрыеў расказаў пра катаваньні праваахоўнікам і зьехаў ва Ўкраіну. Ва Ўкраіне ў 2014 годзе ён стаў чэмпіёнам у MMA.

Амрыеў быў затрыманы 7 чэрвеня ў 17.24 у пункце пропуску «Весялоўка» Гомельскай памежнай групы на выезьдзе зь Беларусі ва Ўкраіну падчас афармленьня аўтамабіля маркі Toyota зь дзяржаўнымі нумарамі Расейскай Фэдэрацыі. Падчас памежнага кантролю ўстаноўлена, што грамадзянін Расеі знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку праз падазрэньне ва ўчыненьні злачынства паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу Расеі «Выкарыстаньне заведама падложнага дакумэнта».

Затрыманы быў высланы зь Беларусі пад канвоем 9 чэрвеня на прадпісаньне Генпракуратуры. Паводле расейскіх СМІ, беларускія структуры «не атрымлівалі» прашэньня Амрыева аб палітычным прытулку, якое Амрыеў пісаў у дзень затрыманьня. У Генпракуратуры Беларусі заявілі, што перадача затрыманага 9 чэрвеня ня ёсьць экстрадыцыяй: перадачай займаліся органы ўнутраных спраў.

Амрыеў баяўся «кроўнай помсты» ад чачэнскіх сілавікоў — паводле ягонага адваката, дэпартацыя можа пагражаць жыцьцю чачэнскага спартоўца. Сьцьвярджаецца, што ў Беларусі адваката да Амрыева не пускалі. Міжнародная праваабарончая супольнасьць Freedom House заявіла, што ўрад Беларусі меў бы прызнаць, што запыт з Чачні аб экстрадыцыі Амрыева грунтуецца на выдуманым абвінавачаньні аб падробліваньні дакумэнтаў (у пашпарце Амрыева пазначаная памылковая дата нараджэньня — 1986 год замест 1985-га) і што выдача Амрыева можа пагражаць ягонаму жыцьцю.

Палітычнае прыстанішча за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі афіцыйна атрымаў толькі адзін чалавек — літоўскі камуніст Чэслаў Высоцкі. За апошнія 12 год ніякага прыстанішча (статусу ўцекача, «дадатковай абароны»...) ў Беларусі не атрымаў ніводны расеец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG