Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх наступстваў можна чакаць ад новых кадравых прызначэньняў Лукашэнкі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 23 cьнежня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: тэлежурналіст Леанід Міндлін і старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Пачаўся пэрыяд перадвыбарчых кадравых прызначэньняў. Нечага падобнага можна было чакаць. Можна нагадаць, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году таксама адбыліся новыя прызначэньні кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі. Тады Аляксандар Зімоўскі быў прызначаны намесьнікам старшыні гэтай арганізацыі. І вось цяпер ён стаў кіраўніком. Чаму менавіта напярэдадні выбараў Лукашэнка робіць кадравыя перастаноўкі? Чаму яго не здавальняе папярэдняе кіраўніцтва тэлебачаньня? Чаго ён хоча дасягнуць гэтымі зьменамі?”

(Леанід Міндлін: ) “Гэтыя зьмены нельга лічыць вельмі нечаканымі. Размовы пра прызначэньне Зімоўскага і Казіяткі ішлі ўжо некалькі месяцаў. Лукашэнка, як казалі, чакаў юбілею, 50-годзьдзя беларускага тэлебачаньня. Гэтыя зьмены зразумелыя. Новыя кіраўнікі — маладыя кадры, выхаванцы Лукашэнкі. Яны былі зь ім ад пачатку, ён сам пра гэта ўчора сказаў. Зімоўскі і Казіятка — людзі дынамічныя, прафэсійныя, яны вырасьлі за гэты час. І гэта ёсьць, як кажуць, “умацаваньнем тэлебачаньня”. Нельга казаць, што мінулае кіраўніцтва тэлебачаньня не адпавядала патрабаваньням, якія прад’яўляліся да яго. І цяпер тэлебачаньне ня зьменіцца. Яно будзе такім жа, але, магчыма, больш жорсткім, дынамічным, сучасным”.

(Алег Трусаў: ) “Па-першае, беларускага тэлебачаньня ніхто не глядзіць. Задача Зімоўскага і Казіяткі палягае ў тым, каб зрабіць яго больш цікавым. Падчас выбарчай кампаніі ўладам патрэбна, каб беларусы глядзелі не расейскія каналы, ня Першы польскі канал зь беларускімі тэкстамі, а свой”.

(Міндлін: ) “Я крыху не пагаджуся з спадаром Трусавым, што беларускага тэлебачаньня не глядзяць. Сацыялягічныя апытаньні на гэты конт вельмі супярэчлівыя. Але нельга казаць катэгарычна, што не глядзяць. Асабліва ў правінцыі глядзяць, бо там няма іншых каналаў. Цяпер у асноўным ідуць два каналы. Кабэльнае тэлебачаньне рэгулюецца мясцовымі ўладамі, яно мае цэнзуру. Цяпер у беларускіх уладаў ёсьць усе тэхнічныя магчымасьці, каб рэгуляваць расейскія тэлеканалы, кантраляваць, цэнзураваць каналы ОНТ, “Россия”. Хутка тое ж будзе і з НТВ”.

(Карбалевіч: ) “Асоба Аляксандра Зімоўскага ўсім добра вядомая. Менавіта зь яго пачалося новае беларускае тэлебачаньне эпохі Лукашэнкі ў самым горшым сэнсе гэтага слова. Гэтае такое тэлебачаньне, дзе дубовая прапаганда выцясьняе інфармацыю. Дзе стала магчыма ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў выкарыстоўваць самыя грубыя прыёмы: абразу, хамства і іншае. Чаго можна чакаць ад прызначэньня Аляксандра Зімоўскага старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, а Юрыя Казіяткі — кіраўніком “Сталічнага тэлебачаньня”?”

(Трусаў: ) “Найперш можна чакаць большай актыўнасьці. Бо былы кіраўнік тэлерадыёкампаніі спадар Мацьвяйчук ніколі на тэлебачаньні не працаваў і актыўнасьць у яго нулявая. А цяпер актыўнасьць будзе аж зашкальваць. Галоўная задача — зрабіць як мага больш піяру Лукашэнку найперш у рэгіёнах, каб выбаршчыкі добраахвотна ішлі галасаваць”.

(Міндлін: ) “Новая праграма Зімоўскага на СТВ называлася “Жорсткая размова”. Мне падаецца, што гэтай формулай можна вызначыць сэнс ягонага прызначэньня старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Гэта будзе больш жорсткая размова, больш ідэалягічная, палітызаваная. Цяпер ідзе дакумэнтальны сэрыял пра Беларусь з гледзішча суседзяў. Па форме гэта больш сучасная, агрэсіўная падачай матэрыялу перадача. Нейкі эфэкт яна будзе мець. Гэтых новых кіраўнікоў трэба ацэньваць у рамках той праграмы, якая ім зададзена. І яны гэтую праграму выконваюць. Вось кажуць, што беларускае тэлебачаньне кепскае. Але яно проста выконвае задачу ў тых рамках, якія вызначаны ўладаю”.

(Карбалевіч: ) “Досьвед сусьветнага тэлебачаньня, найперш, расейскіх тэлеканалаў, якія мы глядзім, сьведчыць пра тое, што найбольш рэйтынгавыя перадачы — гэта перадачы, у якіх адбываецца нейкая дыскусія, спрэчка. Вось, напрыклад, самыя папулярныя перадачы на НТВ — гэта перадачы, якія вядзе Ўладзімер Салаўёў. А на беларускім тэлебачаньні сапраўдных дыскусіяў і спрэчак няма. Калі падаецца толькі адзін пункт гледжаньня, то якім чынам можна зрабіць перадачы больш цікавымі? Ці існуе ўвогуле магчымасьць рашэньня гэтай праблемы ў рамках тых парамэтраў, якія існуюць цяпер?”

(Трусаў: ) “Вядома, існуе. Давайце згадаем, як зацягнулі нашу апазыцыю ўдзельнічаць у сэрыяле “Найноўшая гісторыя”. Мне таксама разоў восем прапаноўвалі ўзяць удзел у ім. Але я ставіў умову: просты эфір. Дарэчы, Зімоўскі адзіны, хто мне даваў час ад часу на СТВ просты эфір. Таму спробы зацягнуць туды так званую “лёгкую апазыцыю” будуць. І я не сумняваюся, што там зьявіцца ня толькі Абрамава”.

(Міндлін: ) “Калі гаварыць пра інфармацыйныя і палітычныя праграмы на беларускіх тэлеканалах, то гэта ня мас-мэдыі. Гэта сродак масавай прапаганды. Цяпер наконт Зімоўскага. Я б не прымітызаваў гэтага чалавека. Гэта не вульгарны прапагандыст. Ён за некалькі гадоў вырас як прафэсіянал. Спачатку ён прыйшоў на тэлебачаньне, ня маючы ніякага прафэсійнага досьведу, меў толькі крыху журналісцкага досьведу працы ў “Национальнай экономической газете”. Цяпер ён валодае тэхналёгіямі, асновамі тэлевізійнай журналістыкі, мае сваю пазыцыю, служыць ня толькі за грошы, але і зь перакананьняў.

Таму Лукашэнка і адзначыў падчас прызначэньня, што гэта ягоныя хлопцы, вырасьлі на яго вачах. Мне здаецца, што гэтыя прызначэньні, магчыма, самыя эфэктыўныя за апошні час сярод топ-мэнэджэраў, якія працуюць на Лукашэнку”.

(Трусаў: ) “Таксама магу дадаць, што з усёй каманды, якая працуе ў ідэалягічнай сфэры Лукашэнкі, Зімоўскі — самы дасьведчаны чалавек. Невыпадкова ён быў членам Савету Рэспублікі. Я спадзяюся, што з прыходам Зімоўскага колькасьць беларускамоўных перадачаў павялічыцца. Магчыма, што і “Навіны” будуць выходзіць па-беларуску, чаго Мацьвяйчук зрабіць ня здолеў”.

(Міндлін: ) “Калі Зімоўскі кіраваў СТВ, то там зьявілася шмат уласных праграмаў. Адрозна ад АНТ, у якога большасьць праграмаў засталося расейскіх. Зь іншага боку, ніякая рэвалюцыя на беларускім тэлебачаньні немагчымая. Яго вядуць на вельмі кароткім павадку. Больш за тое, сёньня ні прафэсійна, ні фінансава яно ня мае магчымасьці вырасьці. Бо тэлебачаньне цяпер патрабуе вялікіх інвэстыцыяў у тэхніку, тэхналёгію, людзей. А ўсім вядома, якіх журналістаў, асабліва тэлевізійных, рыхтуе сёньняшні журфак БДУ”.

(Карбалевіч: ) “Прызначэньне Ўладзімера Мацьвяйчука міністрам культуры — гэта даволі дзіўнае кадравае рашэньне. Таму што да пасады кіраўніка тэлерадыёкампаніі ён быў намесьнікам дырэктара “Полацак-Шкловалакно” Але ў Беларусі ўжо было прызначэньне інжынэра-будаўніка старшынём праўленьня Нацбанку, а студэнта-юрыста — генэральным пракурорам. Як расквітнее беларуская культура з прызначэньнем Уладзімера Мацьвяйчука міністрам культуры?”

(Трусаў: ) “Спадар Гуляка быў самым слабым міністрам з усіх міністраў культуры за апошнія 25—30 гадоў. А спадар Мацьвяйчук будзе рабіць тое самае, што ён рабіў на тэлебачаньні. То бок, нічога не рабіць. Працаваць будуць намесьнікі. А намесьнікі міністра культуры, дарэчы, някепскія людзі — прафэсійныя. А спадар Мацьвяйчук атрымаў сынэкуру ці вотчыну за тое, што верай і праўдай служыў Лукашэнку на тэлебачаньні.

Што мяне хвалюе — як будзе зь беларускай мовай у міністэрстве, увогуле, у сфэры культуры. Таму што Гуляка мову ведаў добра, хоць рэдка ёй карыстаўся. Наколькі ведае мову Мацьвяйчук і ці ведае, мы пабачым бліжэйшым часам”.

(Міндлін: ) “Былыя мае калегі з тэлебачаньня добра адгукаліся пра Мацьвяйчука як кіраўніка. Ён вельмі сьціплы. Пасьля Рыбакова гэта ўвогуле быў цуд. Але ў нашай краіне кадравая палітыка такая, што кожная кухарка можа кіраваць дзяржавай. Мацьвяйчук падчас кіраўніцтва тэлебачаньнем шмат часу надаваў быту. Там адрамантавалі прыбіральні. Магчыма, калі такая палітыка будзе праводзіцца ім ва ўсёй сфэры культуры, калі адрамантуюць прыбіральні ў дамах культуры, тэатрах, зробяць яшчэ нешта, то ўжо добра, хоць у гэтым культура падымецца”.

(Карбалевіч: ) “Падчас прызначэньня новых кіраўнікоў Лукашэнка на першы плян вынес такую якасьць кіраўнікоў, як адданасьць. Хачу нагадаць, што Мацьвяйчук вучыўся разам з Лукашэнкам і нават жыў зь ім у адным пакоі інтэрнату. Такім чынам, можна сказаць, што прызначэньне кіраўнікоў тэлебачаньня і міністра культуры — пачатак новага пэрыяду кадравых прызначэньняў. Менавіта так зазначыў сам Лукашэнка. Але ўзьнікае пытаньне: калі ў краіне ўсё так добра, як нас спрабуе запэўніць беларускае тэлебачаньне, то навошта мяняць кадры падчас такога крытычнага этапу грамадзкага жыцьця, як выбарчая кампанія?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG