Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм''ер Латвіі Біркаўс лічыць, што эра Лукашэнкі прыходзіць к канцу


Гутарыла Вольга Караткевіч, Прага У сярэдзіне лістапада ў Празе у часе 4-й генэральнай асамблеі Мадрыдзкага клюбу былы прэм''ер міністар, міністар замежных справаў Латвіі Валдыс Біркаўс быў прыняты членам гэтай прэстыжнай арганізацыі. Мадрыдзкі клюб аб''ядноўвае 66 былых кіраўнікоў дэмакратычных краінаў і ўрадаў. Валдыс Біркаўс адказаў на пытаньні Свабоды – аб сваім бачаньні разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі, аб праблемах Расеі і задачах Латвіі ў дачыненьнях з суседзямі.

Валдыс Біркаўс, юрыст і філёзаф, адзін з аўтараў праекту Дэклярацыі аб незалежнасьці Латыскай Рэспублікі. Прэм''ер-міністар Латвіі ў 1993-1994 гадах. Міністар замежных справаў Латвіі ў пяці ўрадах. У 1999 годзе атрымаў тытул "Чалавека Эўропы Латвіі". Чытаў лекцыі ў Гарвардзкім, Ельскім і ўнівэрсытэце Нью-Ёрку, аўтар больш за 100 публікацыяў, дасьледаваньняў тэмы замежнай палітыкі.

Валдыс Біркаўс быў, бадай, адзіным з удзельнікаў паседжаньня Мадрыдзкага клюбу, хто паспрабаваў дэтальна расказаць пра сытуацыю па Беларусі, расказаў аб сытуацыі са СМІ, пра справу Міхаіла Марыніча, ініцыяваць рэкамэндацыі для дэмакратызацыі Беларусі.

(Біркаўс: ) "Таму што я хвалююся за нашых суседзяў. Мая асабістая думка: ніякая ізаляцыя, палітыка, якая пакідае Беларусь адну, гэтая палітыка - няправільная. Мы павінны ўвесь час старацца весьці дыялёг, нават калі гэта магчыма ня такі і лёгка, але дыялёг, розныя віды дапамогі, розныя віды аналізы, - гэта тое, што я думаю, Беларусь сапраўды патрабуе. Мы можам акрэсьліць, што мы дасягнулі, які мы атрымалі досьвед, якія зрабілі памылкі. Я вельмі люблю беларускі народ. Яны добрыя суседзі. Але я маю абмежаваныя магчымасьці паўплываць".

Былы латыскі прэм''ер выказаў перакананьне, што эра Лукашэнкі прыходзіць к канцу. Адкуль такая ўпэўненасьць?

(Біркаўс: ) "Я думаю, гэта ня будзе лёгкі працэс. Цяпер набліжаюцца выбары. І, відаць, бацька зноў выйграе. Ён прывабны, красамоўны, уплывае на людзей. Але гэтага не дастаткова для краіны, каб яна разьвівалася. І для людзей, каб яны былі шчасьлівыя. Шмат людзей было шчасьлівымі за часам сталінскага рэжыму таксама. Але я быў бы шчасьлівы, каб ён кіраваўся кніжкай, якую я перадаў свайму сябру Марынічу, які цяпер у турме. Гэта кніга Фукуямы "Канец гісторыі". Навуковец зрабіў глыбокае і моцнае дасьледаваньне, што адбываецца ў сьвеце і зрабіў выснову: любы рэжым, аўтарытарны ці арганізаваныя іншым спосабам рэжымы, у выніку яны прыходзяць да лібэральных дэмакратыяў. Гэта так натуральна для людзей адчуваць сябе свабоднымі. Свабодна гаварыць, выражаць свае жаданьні, не азірацца ўвесь час - хто вакол мяне, можа, мяне арыштуюць. Гэтыя пачуцьці надзвычай важныя. Каля яны дасягнутыя, людзі перастаюць пра іх думаць".

На паседжаньні таго ж Мадрыдзкага клюбу ў Празе адзначалася дэмакратызацыя Расеі, падобнае можна пачуць і на іншых міжнародных сустрэчах. Валдыс Біркаўс, калі быў пры ўладзе, заўсёды акуратна выказваўся наконт усходняй суседкі. Якое меркаваньне сёньня?

(Біркаўс: ) "Я думаю, у Расеі -- абмежаваная дэмакратыя. Адначасова я думаю, што многія заходнія лідэры хацелі б, каб Пуцін быў пераабраны на трэці тэрмін. І я думаю, ён добры лідэр для Расеі. Гэта асоба, зь якой многія лідэры гатовыя размаўляць, слухаць, што ён гаворыць. Зь ім можна каапэравацца. Ён спрабуе трымаць Расею, якая патрабуе моцнай улады, але дэмакратычнай . Але немагчыма адначасова мець Пуціна і мець дэмакратыю. Гэта супярэчнасьць, якая будзе неадназначнай для Расеі. Я ня маю нічога супраць Пуціна як супраць лідэра, але што тычыцца Расеі, дзе палітыка можа рэзка мяняцца, дык вельмі лёгка перайсьці ад рэгуляванай дэмакратыі да жорсткай аўтакратыі".

Балтыйскія краіны дамагаюцца прызнаньня Расеяй факту акупацыі. Што думае аб пэрспэктывах вырашэньня гэтага пытаньня спадар Біркаўс?

(Біркаўс: ) "Гэта так цяжкая справа для краінаў. Гэта возьме шмат часу. Я думаю, што гэты час прыйдзе. Сумнеўна, але гэты час прыйдзе пры поўнай дэмакратыі ў Расеі. Але я веру, што гэты час прыйдзе з глыбокай усталяванай дэмакратыяй у Расеі, што гэта возьме шмат-шмат часу. Але я думаю, што ў прынцыпе гэта магчыма, бо зьмены... Можа гэта ня будуць зьмены на лепшае, але супраць горшага".

На думку вядомага латыскага, ці застанецца Расея імпэрыяй ці яе чакае распад?

(Біркаўс: ) "Я ня думаю, што Расея будзе малой краінай, што Сыбір будзе па-за Расеяй ці нешта такое. Расея застанецца моцнай, таму што расейскія палітыкі маюць супэруладу. Гэта ня лепшы шлях, але думаю, што Расея застанецца ў межах без распаду на дробныя кавалкі. Магчыма, я памыляюся. Я сапраўды ня ведаю рэальных унутраных працэсаў у Расеі , рэальных настрояў малых нацыяў. Расея - складаная краіна. Складаная сама для сябе".

Я папрасіла пракамэнтаваць палітыку Расеі ў Чачні.

(Біркаўс: ) "Ніводная нацыя ня ёсьць тэрарыстычнай нацыяй. Ёсьць людзі - якія тэрарысты. Ня выключана, што сярод чачэнцаў ёсьць тэрарысты. Як сярод арабаў, нават сярод прадстаўнікоў заходняй цывілізацыі. Ёсьць такія групы ў Нямеччыне і гэтак далей. Абсалютна няправільна называць нацыю ці людзей, групу людзей пэўнай нацыянальнай прыналежнасьці тэрарыстамі. Гэта сталінская палітыка".

Хацелася б пачуць ад чалавека, які ўваходзіць такое прэстыжнае аб''яднаньне як Мадрыдзкі клюб, чаму аб''яднаная Эўропа фактычна закрывае вочы на тое, што адбываецца ў Чачні?

(Біркаўс: ) "Таму што Эўропа гуляе ў гульні з Расеяй. Яны не заўсёды шчырыя ў прыхаваных мэтах. Часам і Эўропа мае двайныя стандарты".

У Грузіі і Ўкраіне адзначылі гадавіны каляровых рэвалюцыяў. Якімі бачацца вынікі гэтых рэвалюцыяў былому кіраўніку ўраду краіны, якая пачала рэформы значна раней. Гаворыць Валдыс Біркаўс.

(Біркаўс: ) "Гэта - толькі пачатак. Яны маюць рэвалюцыі. Гэта вельмі прыгожыя моманты, людзі шчасьлівыя, пасьля надыходзіць штодзённая цяжкая праца. Трэба вырашаць праблемы. Вядома, што посьпех прыходзіць пасьля вельмі-вельмі цяжкай працы. Мы мелі такі досьвед - 15 гадоў. І мы дагэтуль не завяршылі гэтую працу. Але што мне вельмі падабаецца, што вельмі важна - сапраўднае жаданьне далучыцца да Эўразьвязу. Гэта тое, што краіны павінны старацца дасягнуць. Нават калі яны ня хочуць быць дакладна сябрамі Эўразьвязу, але быць часткай таго, дзе працуюць канкрэтныя законы, правілы. Напрыклад, Нарвэгія - яна ня ўваходзіць у Эўразьвяз, але кожны год яны прыводзяць у адпаведнасьць сваё заканадаўства з заканадаўствам аб''яднанай Эўропы. 3-4 сотні законаў! Гэта тое, як працуе сучаснае грамадзтва. І маё вялікае спадзяваньне - калі мы гаварылі пра лідэрства - мы ня мелі такога моцнага і яркага лідэра як Вацлаў Гавэл, Біл Клінтан - мы мелі лідэрства мэты і ідэі. Мы былі аб''яднаныя вакол ідэі - мы павінны рухацца наперад, да аб''яднанай Эўропы, у аб''яднаную Эўропу. І гэтая ідэя пераходзіла ад аднаго ўраду да іншага".

Асабіста - чаго былому прэм''еру не ўдалося зрабіць у Латвіі, дасягнуць – калі быў пры ўладзе? Нагадаю, прэм''ерам спадар Біркаўс быў з 1993 да 1994 году.

(Біркаўс: ) "Я шмат думаў, што варта было б зьмяніць, калі б мы пачалі спачатку. І я ня бачу шмат таго, што трэба было рабіць інакш. Мы мелі даволі гладкі пэрыяд прыватызацыі, але я, думаю, прыватызацыя павінна быць больш рэгуляваная. Мы мелі вельмі лібэральную прыватызацыю. Яшчэ адно. На працягу гэтых гадоў палітычныя партыі страцілі маральны стрыжань. Нават мая партыя страціла маральны стрыжань. Я думаю, а гэта апошнія падзеі... Пасьля далучэньня да Эўразьвязу мы павінны пазбыцца ўсіх нашых фобіяў, стаць больш адкрытымі для для нашых людзей, для замежжа, для Расеі. Мы цяпер - абароненыя. НАТО, ЭЗ. Нам трэба перастаць баяцца ўсяго".

Якія асацыяцыі ўзьнікаюць у былога латыскага прэм''ера пры слове Беларусь?

(Біркаўс: ) "Беларусь - гэта краіна, якая не стварае для нас ніякіх праблемаў. Мы маем пэўнае супрацоўніцтва. Цяпер мы глядзім на Беларусь з пункту гледжаньня Эўразьвязу. Нават раней - калі я быў міністрам замежных справаў - мая пазыцыя была такая: не далучацца да рэзалюцыяў Рады Эўропы, рэзалюцыяў Эўразьвязу па Беларусі, але мець дыялёг. У тым ліку з Лукашэнкам. Калі ты не гаворыш, ты ня можаш уплываць. Я вельмі частка цытую дзьвюх беларускіх жанчынаў... Нашыя журналісты былі ў Беларусі і рабілі інтэрвію недзе ў калгасе. Дзьве жанчыны на пытаньне, як яны ацэньваюць саюз Беларусі і Расеі... Я так люблю гэты момант. Яны сказалі: лепш было б далучыцца да багатых балтыйскіх краінаў".

Спадар Біркаўс расказаў пра сваё знаёмства з Міхаілам Марынічам і бачаньне судовага працэсу над былым беларускім амбасадарам

(Біркаўс: ) "У нас былі вельмі добрыя дачыненьні. Ён быў паслом. Я меў добрыя дачыненьні з усімі пасламі зь Беларусі. Бо Беларусь - суседка. Мы павінны гаварыць аб праблемах. Што да суду - я лічу, што ён абсалютна несправядлівы. Я ня ведаю дэталяў, але думаю, што гэта палітычная справа".

Хутка спадар Біркаўс зьбіраецца ў Беларусь. Гэта зьвязана зь ягоным галоўным хобі – тэнісам... У лютым у Беларусі адбудзецца этап кубка Дэвіса. Валдыс Біркаўс выказаў спадзяваньне, што зможа убачыць Міхаіла Марыніча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG