Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкай фірме “Карл Цэйс” далі тры месяцы на роздум


Ігар Карней, Менск Пад пагрозай спыненьня вытворчасьці адно зь першых сумесных прадпрыемстваў краіны “Цэйс-БелОМА”, якое нядаўна адзначыла дзесяцігодзьдзе сваёй дзейнасьці ў Беларусі. Міністэрства прамысловасьці не задаволіла просьбы кіраўніцтва СП аб арэндзе вытворчых плошчаў на пяцігадовы тэрмін, падоўжыўшы кантракт толькі на тры месяцы. Кіраўніцтва нямецкай фірмы “Карл Цэйс”, аднаго з заснавальнікаў сумеснага прыдпрыемства, не выключае магчымасьці згортваньня вытворчасьці ў Менску і пераарыентацыі на рынкі іншых краінаў.

Дамова на арэнду вытворчых плошчаў сумеснага прадпрыемства “Цэйс-БелОМА” скончылася 5 сьнежня. У акрэсьлены заканадаўствам тэрмін кіраўніцтва СП накіравала ў Міністэрства прамысловасьці запыт на падаўжэньне кантракту яшчэ на пяць гадоў, аднак ведамства адмовілася ўзгадняць дамову. Кіраўніцтву СП наўпрост параілі прасіць з гэтай нагоды аўдыенцыі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расказвае юрыст сумеснага прадпрыемства Аляксандар Ціхановіч:

(Ціхановіч: ) “Пытаньне падаўжэньня дамовы арэнды яшчэ на стадыі вырашэньня. Міністэрства прамысловасьці запатрабавала ад нас узгадненьня дамовы арэнды з прэзыдэнтам, таму тэрміны, натуральна, замаруджваюцца. І ўвогуле, рубам паўстала пытаньне спыненьня вытворчасьці”.

У Міністэрстве прамысловасьці падрабязнасьці не паведамляюць. Дарадца міністра Віктар Ільін толькі сказаў: прадстаўнікам прадпрыемства ўсё даведзена папулярна і штосьці ўдакладняць няма патрэбы. (Ільін: ) “Нічога на гэты конт дадаць вам не магу. Але шмат што ў гэтай сытуацыі залежыць ад волі саміх прадпрыемстваў”.

Штат “Цэйс-БелОМА” налічвае 350 чалавек. Сярод вытворчых прыярэтэтаў — оптыка-мэханічныя кампанэнты для групы прадпрыемстваў “Карл Цэйс”. Галоўныя спажыўцы — вытворчыя ўчасткі мэдычнай тэхнікі і мікраскапіі. Цягам дзесяці гадоў СП узначальвае нямецкі спэцыяліст, доктар Увэ Кёлер. Адметна, што спадар Кёлер уваходзіць у групу “падтрымкі станоўчага іміджу Беларусі” Каардынацыйнай рады па замежных інвэстыцыях. Днямі Увэ Кёлер вярнуўся зь Нямеччыны, дзе абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніцтвам “Карл Цэйс”. У прыёмнай спадара Кёлера кажуць, што такая няпэўнасьць ніяк не спрыяе паляпшэньню бізнэс-клімату, ня кажучы ўжо пра стварэньне станоўчага вобразу Беларусі за мяжой.

(Супрацоўніца офісу: ) “Канечне, нашаму нямецкаму кіраўніку гэта вельмі складана зразумець. Гэта якраз і выклікае і нестабільнасьць, і нэрвовасьць. Можа, урэшце ўсё і вырашыцца, але ўвесь гэты працэс — абмеркаваньні, хваляваньні, перамовы — нараджаюць згаданую ўжо нестабільнасьць. Ён паведаміць пра гэта нямецкаму боку — тыя будуць хвалявацца: “Ой, як нестабільна, як несур’ёзна”. Праз усё гэта і праблемы”.

У штаб-кватэры “Карл Цэйс” у нямецкім Абэркохкне ўжо заяўлена, што частка бізнэсу фірма паступова будзе пераводзіць у іншыя рэгіёны — перадусім, у краіны Балтыі і Кітай.

Пагадненьне паміж фірмай “Карл Цэйс” і Менскім мэханічным заводам імя Вавілава (пазьней — аб’яднаньне “БелОМА”) было падпісанае ў ліпені 1995 году. Доля нямецкага боку ў сумесным прадпрыемстве “Цэйс-БелОМА” складае 60%, беларускага — 40%. Статутны капітал на 1,25 мільёна даляраў да 2001 году склаў 5 мільёнаў даляраў, а інвэстыцыі ў высокатэхналягічнае абсталяваньне оптыкі і дакладнай мэханікі перавысілі 20 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG