Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: прадукты за год падаражэлі на 18,5 працэнта


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўнага друку за 17 лістапада.

“Народная воля” робіць параўнальны аналіз роўню жыцьця людзей у Беларусі і Нямеччыне. Чаму ў немцаў сярэдні заробак 3240 эўра, а ў беларусаў меншы за 200 эўра, альбо ў 16 разоў меншы?

“Сэнсацыя, здабытая рыдлёўкай” – падчас раскопак у старой частцы Магілёва знойдзены рэшткі цаглянай царквы ХII стагодзьдзя. З гэтага вынікае, што Магілёў заснаваны на цэлае стагодзьдзе раней, чым лічылася дагэтуль.

“Брестский курьер” паведамляе трывожную навіну: у Пружанскім раёне выяўлены другі за гэты год выпадак каровінага шаленства. Яшчэ газэта піша пра надзвычайную цікавасьць берасьцейцаў да футболу. На мясцовым стадыёне гулялі моладзевыя зборныя Беларусі і Польшчы.

Расказвае намесьнік рэдактара газэты “Брестский курьер” Зьміцер Паталятаў:

(Паталятаў: ) “Беларусы прайгралі. Але мясцовы стадыён ніколі не зьбіраў столькі людзей: каля 15 тысяч чалавек прыйшло. І гэта пры тым, што сёньня берасьцейскі стадыён знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі. Ніколі столькі народу на гэтым стадыёне не бывала!”

“Комсомольская правда в Белоруссии” падлічыла: зь мінулай восені цэны на капусту і бульбу ўзьляцелі ажно ў 3 разы. Прадукты за год падаражэлі на 18,5 %. А афіцыйная інфляцыя ў краіне ўсяго паўпрацэнта за месяц.

Як падае сьветлагорская “Ранак плюс”, ажно 35 маладых спэцыялістаў-мэдыкаў прыехалі сёлета працаваць на Сьветлагоршчыну. Гэта болей, чым за 3 папярэднія гады разам узятыя. Паводле меркаваньня сьветлагорскіх журналістаў, раней мэдыкі асьцерагаліся прыяжджаць у гэты рэгіён з прычыны СНІДу, а цяпер горад не выглядае ўжо такім пудзілам. Плюс выканкам нядаўна перагледзеў сваю палітыку стаўленьня да маладых спэцыялістаў – маладых лекараў адразу пасяляюць у маласямейкі. Але, на жаль, у асноўным прыехалі тэрапэўты, а вузкіх спэцыялістаў-мэдыкаў у Сьветлагорску па-ранейшаму не хапае.

“Наша Ніва” нагадвае аматарам тэатру: 19 лістапада ў Купалаўскім – прэм''ера касмаганічнага “Сымона-музыкі” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Ніводзін спэктакль Мікалая Пінігіна на купалаўскай сцэне ня стрэліў у малако. “Тутэйшыя”, “Ідылія” сталі клясыкай. Канфлікт рэжысэра з кіраўніцтвам тэатру і ад''езд у Расею быў знакам канца 1990-х у Беларусі. І вось Пінігін вяртаецца, каб паставіць толькі адзін спэктакль. Напярэдадні прэм''еры рэжысэр сустрэўся на малой сцэне Купалаўскага тэатру з маладымі крытыкамі і адказаў на іх пытаньні.“Чаго глядач чакае ад “Сымона-музыкі”? Сур''ёзнай размовы пра лёс мастака. Пра лёс нацыянальнай годнасьці, культуры. Якая не падмяняецца этнаграфізмам, як часта бывала”, – піша “Наша Ніва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG