Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі не будзе сьвята


Любоў Лунёва, Менск Сёньня, 7 лістапада, у Беларусі, згодна з Указам Аляксандра Лукашэнкі, сьвяточны дзень. Але ён не распаўсюджваецца на людзей, якія адбываюць пакараньні ў спэцпрыёмніках і месцах пазбаўленьня волі. У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна сёньня адбываюць арышт лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Мікола Астрэйка і яго намесьнікі Эніра Браніцкая і Аляксандр Бондараў. Раней у месцах пазбаўленьня волі людзі чакалі, ці абвесьцяць амністыю на кастрычніцкія сьвяты.

Апошні раз амністыю, прывязаную да даты 7 лістапада, абвяшчалі ў 1996 годзе. Дарэчы, тэрмін амністыі, якую абвясьцілі з нагоды 60-годдзя Перамогі, менавіта сёньня, 7 лістапада, скончыцца. Сёньня апошні дзень і цяпер ужо на падсьледных яна не распаўсюджваецца. Калі будзе наступная, ніхто ня ведае. Верагодна, што яе абвесьцяць на наступныя кастрычніцкія сьвяты, бо турмы перапоўненыя. Апошняя амністыя толькі на тыдзень вырашыла гэтае пытаньне. На “хіміі” тая ж сытуацыя. Паколькі сёньня выходны дзень, то асуджаным яшчэ горш. Яны не могуць выйсьці на працу і мусяць знаходзіцца ў спэцінтэрнаце.

У месцах пазбаўленьня волі не адзначаюць сьвяточныя дні. Толькі ў жаночай калёніі 8 сакавіка адміністрацыя віншуе жанчын. Часам іх вядуць на канцэрт. Бывае, што гэта канцэрт турэмнай самадзейнасьці. А вось дата 7 лістапада ніяк не адзначаецца. Але яна выклікае дыскусіі ў камэрах. Васіль Лявонаў, які адбываў пакараньне ў Жодзіне, падзяліўся сваімі ўспамінамі.

(Лявонаў:) “Сьвятаў там не бывае. Пра дату нехта, хто нешта ўжо зразумеў і адчуў, можа гаварыць як пра непажаданую з’яву. Але гэта яшчэ мякка сказана. Але ёсьць такія, якія лічаць гэта за сьвята. Калі там абмяркоўваецца нейкая тэма, то спрэчкі больш гарачыя, чым на волі. Там усё сьціснута. Мне, напрыклад, на волі не падабаецца суразмоўца, я магу адыйсьці ад яго, а там жа гэта немагчыма. Тыя, хто ў пагонах, лічаць гэты дзень сьвятам. Але, паколькі ў турмах зараз шмат інтэлігенцыі і прадпрымальнікаў, то яны лічаць наадварот – днём жалобы. Але такіх меншасьць, як і ў грамадзтве, калі браць нашу Беларусь.”

Гэта быў Васіль Лявонаў. Камуніст Валеры Шчукін не аднойчы адбываў пакараньне ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Ён лічыць, што там тэма рэвалюцыі 1917 году не актуальная, бо сядзяць у асноўным маладыя людзі.

(Шчукін:) “Палітычных размоваў пра 1917 год, пра камуністаў у спэцпрыёмніку амаль не ўзьнікае. Там у асноўным сядзіць моладзь, а ім гэта не цікава. У іх адна асацыяцыя – чэргі за гарэлкай і каўбасой. Нянавісьць да камуністаў ёсьць. Не могуць патлумачыць, але ёсьць. Вось я сёньня павіншаваў ахоўніка з надыходзячым сьвятам, а ён мне: “Знайшоў сьвята!”. Пачаў мне казаць пра кроў, пра разбурэньні і гэтак далей. Але, калі я спытаў, ці можа ён прапанаваць нейкі іншы варыянт, як у нашых умовах ськінуць ўладу, якая абапіраецца на сілавікоў, то ён задумаўся. Канешне, 7 лістапада – дзень перавароту. Але прапануйце іншы спосаб, мірны.”

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку адбываюць арышт трое сяброў “Партнэрства”. Сёньня споўнілася палова тэрміну – 15 сутак арышту– за арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі ўстаноўчага сходу. “Палітычных” не выводзяць на шпацыр. Гэтым разам выключэньня не будзе. Астатніх арыштаваных выводзяць, але не на шпацыр, а на працу. У спэцпрыёмніку шпацыр, наогул, не прадугледжаны інструкцыяй. Ранейшы кіраўнік акрэсьцінскай вязьніцы палкоўнік Палутаў зрабіў выключэньне толькі для Юрыя Хадыкі. Дакладней, ён выводзіў яго нібыта на працу. Апазыцыянэр браўся за мятлу, але Палутаў угаворваў кінуць яе і пасядзець на лаўцы. Сёньня Мікола Астрэйка, Аляксандр Бондараў і Эніра Браніцкая атрымаюць харчовыя перадачы і прэсу.

Заўтра раніцай Эніра Браніцкая выйдзе на волю, бо гарадзкі суд скараціў тэрмін арышту на 5 сутак. Эніра хворая на язву страўніка і для яе 10 сутак без дыетычнага харчаваньня зашмат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG