Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск разьлічвае на супрацоўніцтва з новымі ўладамі Польшчы


Валер Каліноўскі, Менск Думкі дэпутатаў беларускага парлямэнту наконт дэмакратычнасьці выбараў прэзыдэнта Польшчы падзяліліся. Тым ня меней, афіцыйныя палітыкі прызнаюць патрэбу супрацоўніцтва Беларусі з новым прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім.

Сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік адмаўляецца ацэньваць палітычны вынік польскіх выбараў. Што да арганізацыі самога выбарчага працэсу, то ён нагадаў, што ў Польшчы выбарчыя камісіі фармуюцца ўладамі, без удзелу палітычных партыяў, і што ніхто ня мае права прысутнічаць пры падліку галасоў:

(Лазавік: ) “Празрыстасьць у іх яшчэ меншая, чым у нас. Калі б мы ўзялі на ўзбраеньне польскую практыку фармаваньня камісіяў, то нас бы апазыцыя крытыкавала з ранка да вечара”.

Спадар Лазавік нядаўна быў назіральнікам на парлямэнцкіх выбарах у Польшчы, на прэзыдэнцкія выбары ён ня езьдзіў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі перакананы, што выбары прэзыдэнта Польшчы былі дэмакратычнымі:

(Кучынскі: ) “У мяне склалася ўражаньне, што выбары ў Польшчы прайшлі дэмакратычна, што там асаблівых праблем няма. І гэта пацьвердзіў канкурэнт пераможцы, які прызнаў вынік выбараў”.

Калега спадара Кучынскага Сяргей Касьцян перакананы, што выбары ў Польшчы не адлюстравалі сапраўдных настрояў грамадзтва:

(Касьцян: ) “Усюды дзейнічалі грошы і чорны піяр. Выбары амаль не цікавілі польскага выбаршчыка, яўка выбаршчыкаў была вельмі нізкая”.

Сяргей Касьцян перакананы, што новы прэзыдэнт Польшчы ня зможа праводзіць самастойнай палітыкі:

(Касьцян: ) “Яны будуць праводзіць тую палітыку, якую загадае Белы дом. Я лічу, што Качыньскі, што Туск — гэта два чобаты пара”.

Тым ня менш, спадар Касьцян лічыць, што Беларусь павінна ўлічваць вынік выбараў у Польшчы і супрацоўнічаць з гэтай краінай:

(Касьцян: ) “Але гэта залежыць ад Качыньскага, ці захоча ён, каб мы супрацоўнічалі як суседзі, як два славянскія народы-браты; ці ён будзе знаходзіцца пад пятой у Буша і праводзіць тую палітыку, якую праводзіў Квасьнеўскі”.

Дэпутат Віктар Кучынскі пазытыўна ацэньвае пэрспэктывы адносінаў уладаў Беларусі і Польшчы пасьля выбараў:

(Кучынскі: ) “Гэта наш сусед, і мы з павагай ставімся да Польшчы. Я ня думаю, што нацыянальныя інтарэсы Польшчы наўпрост будуць супрацьстаўляцца нацыянальным інтарэсам Беларусі. Гэта немагчыма з прычыны таго, што мы зьяўляемся суседзямі. Двухбаковыя адносіны будуць будавацца на ўзаемавыгаднай аснове. Іншага быць ня можа”.

Намесьнік старшыні прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Эўгеніюш Скрабоцкі разьлічвае, што Беларусь і Польшча пасьля выбараў усталююць добрасуседзкія адносіны:

(Скрабоцкі: ) “Я думаю, што Лех Качыньскі, якога ўчора выбралі прэзыдэнтам Польшчы, будзе імкнуцца да таго, каб былі нармальныя адносіны паміж народамі Беларусі і Польшчы, і таксама зь меншасьцямі нацыянальнымі, і ў прыватнасьці, з Саюзам палякаў Беларусі”.

***

Што датычыць камэнтара сакратара ЦВК Беларусі Мікалая Лазавіка пра малы ўзровень празрыстасьці прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы ў параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, то варта было б нагадаць, што ў Польшчы ў раённыя выбарчыя камісіі ўваходзяць прадстаўнікі кандыдатаў, а ў часе галасаваньня, падліку галасоў і стварэньні выніковых пратаколаў маюць права прысутнічаць прадстаўнікі кандыдатаў, якія запісваюць свае заўвагі ў пратакол.

Вытрымкі з закону аб выбарах:

Паводле артыкулу №2 заканадаўства аб выбарах, выбары ў Польскай рэспубліцы праводзяць:

1. Дзяржаўная выбарчая камісія 2. Акруговыя выбарчыя камісіі 3. Раённыя выбарчыя камісіі

Паводле польскай традыцыі дзьве першыя камісіі складаюцца з судзьдзяў.

Дзяржаўная камісія складаецца з трох судзьдзяў Канстытуцыйнага суду, трох судзьдзяў Вышэйшага суду і трох судзьдзяў Галоўнага адміністратыўнага суду -- усіх гэтых судзьдзяў прызначаюць кіраўнікі пералічаных судоў.

Акруговыя выбарчыя камісіі таксама складаюцца з 5 судзьдзяў, якіх прапануе міністар юстыцыі і выбарчага камісара дадзенага ваяводзтва.

У раённыя выбарчыя камісіі ўваходзяць ад 5 да 9 чалавек – гэта прадстаўнікі кандыдатаў, якія балятуюцца ў выбарах (па адным ад кожнага), а таксама прынамсі адна асоба, якую прызначаюць мясцовыя ўлады зь ліку супрацоўнікаў аб’екту, дзе адбываюцца выбары. Калі прадстаўнікоў кандыдатаў больш, чым месцаў у камісіі адбываецца лятарэя.

Калі няма дастатковай колькасьці сябраў камісіі, то імі могуць быць выбаршчыкі, якія нярэдка абіраюцца на падставе конкурсу.

Арт.61.

У часе галасаваньня, падліку галасоў і стварэньні выніковых пратаколаў маюць права прыстунічаць прадстаўнікі кандыдатаў, якія балятуюцца ў выбарах і запісваць свае заўвагі ў пратакол.

*** На выбарчых участках могуць прысутнічаць таксама журналісты, якія павінны паінфармаваць аб гэтым старшыню камісіі. Журналісты ня маюць права рабіць інтэрвію на тэрыторыі ўчасткаў і знаходзіцца там пасьля завяршэньня галасаваньня.

*** Няма забароны на прысутнасьць на тэрыторыі ўчасткаў замежных назіральнікаў, якія могуць атрымаць адпаведны дазвол у Дзяржаўнай выбарчай камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG