Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даць перцу з імберцам


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Сёньня я прыпомню адну пекна зрыфмаваную беларускую фразэму – даць перцу з імберцам. У сытуацыі, калі чалавек нечым моцна правініўся, калі нехта на яго дужа злосны, вінавайцу могуць учыніць разнос – даць перцу з імберцам.

У расейскай моўнай прасторы існуюць адпаведнікі – показать, где раки зимуют; задать жару (взбучку, нагоняй). Падобна скажуць і ангельцы: to give it someone hot. Але маюць яны й своеасаблівы выраз: to haul over the coals ‘выцягваць каменны вугаль’. Рэальнае пакараньне без усялякіх эмоцыяў ды прыкрасаў. Так і бачацца за гэтай фразэмаю шнуры спакутаваных, пачэрненых ангельскіх працоўных стагодзьдзя так з ХІХ.

Беларусы ж у сваёй моўнай экспрэсіі не астаюцца ад італьянцаў. Апрача згаданае фразы, мы гаворым і так: даць гарту, дыхту, пытлю, прачуханкі, прыпаркі, лазьні, фаеру ці хваеру (ад нямецкага das Feuer ‘агонь’), перуноў, у косьці; навучыць, дзе ўюны зімуюць; паказаць, дзе камар козы пасе. Якая разнастайнасьць пакараньняў, якое багацьце эмоцыяў! Аднак з усіх пералічаных фразэмаў я аддала б перавагу дзьвюм: апошняй – паказаць, дзе камар козы пасе – надта ж яна вясёлая, і на самым пачатку згаданай – даць перцу з імберцам.

Па-першае, прываблівае дакладная й дасьціпная рыфма, што працуе на ўзмацненьне ўражаньня. Па-другое, захапляе набор кампанэнтаў выказваньня: і перац, і імберац – гэта прыправы, што надаюць стравам пікантны смак. А ўжываньне іх побач – гэта ўзмацненьне ўдвая. Такім парадкам, навідавоку гіпэрбалізацыя пачуцьцяў з дапамогаю рыфмы й складнікаў фразы. Так што, як хтосьці Вашэцям “насаліў”, можна яму “прыпярчыць” у адказ, вядома ж, не зласьліва – досьціп рыфмы не дазваляе апусьціцца – даць перцу з імберцам!

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG